Менскі рэстаратар Пракоп’еў прадаў усе свае ўстановы
28- 6.07.2020, 18:14
- 90,498
Бізнэсовец наважыўся пакінуць Беларусь.
Інфармацыю пра ад'езд вядомы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў пацвердзіў у інтэрв'ю Relax.by.
- Я ішоў да гэтага ўсё жыццё - вельмі хацеў адкрыць рэстарацыю за мяжой. І такая перспектыва ў мяне з'явілася ў сакавіку: тады ж я лётаў у Сінгапур, каб вывучыць рынак, - сказаў ён.
Са слоў рэстаратара, гэты горад кардынальна адрозніваецца ад Менска, бо ў ім «колькасць мільянераў на квадратны сантыметр зашкальвае». Такія перспектывы і заахвоцілі рэстаратара прадаць свой беларускі бізнэс, а не займацца ім паралельна.
- Паехаць і наймацца на працу і з'ехаць, каб стаць маленькім інвестарам - дзве розныя рэчы. Я выбраў другое, бо гэта больш правільна, - дадаў ён.
Пракоп’еў не звязвае свой ад'езд з палітычнымі прычынамі, хоць у апошнія месяцы выяўляў нябачаную раней грамадскую актыўнасць. У траўні бізнэсовец запісаў востры зварот да ўлады з пытаннем «чаму дзяржава нам хаміць», і заснаваў Асацыяцыю рэстаратараў Беларусі, каб дапамагчы ўладальнікам кавярняў і рэстарацый змагацца за свае правы.
Праз некалькі тыдняў рэстаратар таксама сустрэўся з прэтэндэнтамі ў прэзідэнты Віктарам Бабарыкам і Валерам Цапкалам, каб заручыцца іх падтрымкай у справе выратавання рэстараннага бізнэсу.