5 жнiўня 2020, Серада, 7:21
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Як зламалася «мадэль» Лукашэнкі

56
Як зламалася «мадэль» Лукашэнкі

У «Сашы 3%» увогуле не засталося рэсурсаў.

Супраць "Сашы 3%" – ужо не толькі апазіцыя, але і эканоміка, піша Дзяніс Лаўнікевіч у артыкуле на сайце "Дзелавая сталіца".

"Ёсць тры складнікі таго, чаму з траўня беларусы выходзяць на спантанныя акцыі пратэсту і падтрымліваюць любых альтэрнатыўных кандыдатаў. Першая – стомленасць ад нязменнага кіраўніка з ягонымі хамскім паводзінамі, другая – страх за свае жыцці праз залімітавае захворванне на Covid-19 (кіраўнік не прызнае каранавірус), трэцяя – крах эканомікі, а з ёй і прыбыткаў людзей, – сказала ў каментары "ДС" беларуская палітолаг Святлана Грачуліна. – Цяпер упершыню перад выбарамі ў Лукашэнкі няма фінансавага рэзерву, каб падняць заробкі і пенсіі, задобрыць электарат".

Апытанні, якія праводзяцца СМІ, паказваюць, што на свабодных выбарах Лукашэнка набраў бы толькі некалькі адсоткаў галасоў.

За рэкордным ростам пратэставай актыўнасці беларусаў – упершыню не толькі незадаволенасць масавымі і кепска схаванымі смерцямі ад каранавірусу, але і крах эканомікі. Пакуль – у выглядзе росту коштаў і падзення прыбыткаў, а таксама велізарнага схаванага беспрацоўя. Аднак эканамісты ўжо канстатуюць: крах прыбыткаў у першым паўгоддзі – проста каласальны, і пакуль эканоміка працуе толькі інэрцыйна.

Разам з Расеяй

Апошнія 10 гадоў беларуская эканоміка стагнавала разам з расейскай. Статыстычнае падабенства паміж краінамі відавочнае: з 2011 г. сярэднія тэмпы росту ВУП у РФ склалі 1,5%, у Беларусі – 1,1%. Пяцігадовым рэкордам для Беларусі стаў рост ВУП на 3% у 2018-м, для Расеі – на 2,3% тады ж.

Паўночная суседка Украіны – краіна, у якой няма амаль ніякіх прыродных рэсурсаў, акрамя калійнай солі. Аднак на экспарт прыпадае больш за палову беларускага ВУП. "Дзівосны рэсурс" Беларусі – гэта Расея. Да нядаўняга часу гэты рэсурс дазваляў краіне з нікчэмнымі 1,2 млн т/год уласнай нафтаздабычы ўваходзіць у сусветны топ-30 экспарцёраў нафтапрадуктаў.

Беларусь дзесяцігоддзямі набывала расейскую нафту з вялікімі зніжкамі або без экспартных мытаў, перапрацоўвала яе на двух сваіх магутных НПЗ і прадавала далей. На хімічную прамысловасць і мінеральныя прадукты (у гэтыя катэгорыі ўваходзіць усё, што Беларусь робіць з нафты) прыпадае больш за 40% беларускага экспарту. Яшчэ 17% – прадукты харчавання (95% экспарту – у РФ).

Пры гэтым беларуская вонкавая пазыка імкліва павялічваецца: з 2007 г. яна вырасла ў тры з паловай разы – з менш як 10% да 34% ВУП. Крэдытны рэйтынг краіны паводле версіі Moody's за гэты ж час знізіўся з B1 да В3 (і тое і тое – спекулятыўная катэгорыя з высокай рызыкай, але ў другім выпадку рызыка вышэйшая). У 2015 годзе ён і зусім упаў да Caa1 (наступная катэгорыя – ужо пераддэфолтная). Рэйтынгі Беларусі ад Fitch і S&P – таксама на ўзроўні В.

Апошнія пяць гадоў грошы займалі на праграму мадэрнізацыі дзяржпрадпрыемстваў (гэта 85% беларускай прамысловасці). Праграма пацярпела паразу, аднак урад Беларусі прадаўжае верыць у планавую эканоміку і захоўваць калгасна-саўгасную сістэму ў АПК. У выніку прадукцыйнасць і прыбыткі бюджэту ўсе гэтыя гады не раслі – у адрозненне ад дзяржпазыкі.

Асноўная плынь валюты ішла ад экспарту калійных угнаенняў (Беларусь займае чвэрць сусветнага рынку хлорыстага калію) і нафтапрадуктаў, вырабленых з бязмытнай расейскай нафты. Далей – экспарт у РФ і іншыя постсавецкія краіны прадукцыі машынабудавання, мясных і малочных прадуктаў.

Аднак у пачатку гэтага года Менск не здолеў дамовіцца з Масквой у ключавых эканамічных пытаннях (перш за ўсё – у нафце). Спярша РФ спыніла пастаўкі бязмытнай нафты, што выклікала незадаволенасць Лукашэнкі, а потым – упалі сусветныя кошты нафты, а за імі – нафтапрадуктаў. Адначасова рэзка скарацілася іх спажыванне. Вялізныя беларускія НПЗ, "кармільцы бюджэту", у адзін момант сталі нерэнтабельнымі.

Беларускі хлорысты калій набывалі ў велізарных колькасцях Кітай, Індыя і Бразілія; іншыя краіны таксама, але менш. Але ў 2020-м кантракт атрымалася заключыць толькі з Кітаем, прычым з коштамі на 20% ніжэйшымі за леташнія. Астатнія праз каранакрызіс ад набыцця пакуль адмовіліся.

Адначасова РФ узялася абараняць сваіх вытворцаў, а для гэтага зачыніла рынак для беларускай малочкі і мяса. Тое самае і з прамысловай прадукцыяй: расейцы больш не хочуць пускаць у краіну канкурэнтаў уласным машынабудаўнікам і вытворцам побытавай тэхнікі. А ў Еўропе беларускую тэхніку, да гэтага часу выпусканую паводле тэхналогій 1980-х, ніхто не набывае.

Да красавіка стала зразумела: Лукашэнка ўступае ў прэзідэнцкія выбары ва ўмовах краху беларускага рубля і маштабнага эканамічнага крызісу. Сітуацыю пагоршыла падзенне расейскай валюты – большасць беларускіх прадпрыемстваў працуе на расейскі рынак, прадаючы сваю прадукцыю за рублі.

Такое ўжо было ў снежні 2014-га: упаў расейскі рубель – і ў Беларусі тут жа ўпала нацвалюта. У 2014–2015 гг. услед за расейскім рублём беларускі абясцэніўся амаль удвая. 2020-ы таксама пачаўся з падзення беларускай валюты на 30% на фоне зніжэння коштаў нафты. Так што сёння атрыбут менскага гарадскога пейзажу – чэргі ля абменнікаў: людзі набываюць даляры і еўры.

Але эканамічныя стасункі Расеі і Беларусі не зводзяцца да гандлю. Значна больш важныя прамыя і схаваныя субсідыі: з 2005 да 2015 г. РФ уліла ў беларускую эканоміку блізу $ 106 млрд, падлічваў МВФ. У розныя гады на расейскую падтрымку прыпадала ад 11 да 27% беларускага ВУП.

А яшчэ Беларусь – найбуйнейшы вінаваўца Расеі ў міждзяржаўных крэдытах: на 1 чэрвеня 2020 г. амаль $ 8 млрд.

"Беларуская мадэль" пабудовы пустаты

У 2002–2008 гг., калі эканоміка Беларусі ўстойліва і хутка расла, сам Лукашэнка і ягонае асяроддзе любілі разважаць пра створаную ў краіне "ўнікальную эканамічную мадэль": прамысловасць і АПК засталіся пад поўным дзяржаўным кантролем і ў дзяржуласнасці, з захаванай планавай і камандна адміністрацыйнай сістэмай.

Але калі ў 2009 г. беларускі рубель упаў адразу на 30%, абясцэніўшы ашчаджэнні грамадзянаў краіны, стала відавочна: заклад паспяховасці "беларускай мадэлі" – падтрымка з РФ, у асноўным вельмі таннымі вуглевадародамі і іншымі субсідыямі. Расплачваўся Лукашэнка палітычным хаўрусам, вайсковым супрацоўніцтвам (беларускае войска было вельмі блізкае да пераходу пад фактычнае кіраванне расейскага Генштаба) і бясконцымі абяцаннямі "цеснай інтэграцыі" ажно да ўваходжання Беларусі ў склад РФ.

Праз няспынныя дэвальвацыі Лукашэнка ўвесь час парушаў дадзенае ім яшчэ ў 2010 г. абяцанне павысіць сярэдні ў краіне заробак да $ 500 у месяц. У выніку гэта ператварылася ў мем – "папіццот" – стаўшы сімвалам неплацежаздольнасці беларускай эканамічнай мадэлі. Улады краіны патрапілі ў замкнёнае кола: заробкі падвышалі (распараджэннем прэзідэнта), потым курс падаў, Лукашэнка зноў абяцаў павысіць заробак да $ 500, і ўсё паўтаралася.

У 2020-м новыя праблемы беларускай эканомікі пачаліся яшчэ да пандэміі Covid-19. Спярша праз расейскі нафтавы падатковы манеўр Беларусі давялося набываць расейскую нафту з сусветнымі коштамі. Свае страты праз манеўр у 2019–2020 гг. Менск ацэньвае на $ 800 млн – крыху менш за 1% гадавога ВУП.

Ужо ў I квартале 2020-га беларускі ВУП упаў на 0,3%, а экспартныя прыбыткі знізіліся на 16% год да года. Услед за расейскім рублём беларускі абясцэніўся да даляра амаль на 19%. Для Беларусі гэта сур'ёзная праблема: амаль палова карпаратыўных крэдытаў у краіне – у валюце, адзначалася ў травеньскім дакладзе Сусветнага банка (СБ).

Вірус супраць выбараў

Нават нягледзячы на ўсе праблемы, да каранакрызісу Сусветны банк прагназаваў беларускай эканоміцы яшчэ некалькі гадоў звыклай стагнацыі і не бачыў прычынаў для рэзкага падзення. Аднак "вірусная атака" рэзка пагоршыла сітуацыю. Лукашэнка ўпарта рабіў выгляд, што пандэміі не існуе, але гэта не дапамагло: паводле новай ацэнкі СБ, у 2020-м Беларусь чакае самае моцнае падзенне за 25 гадоў: як мінімум на 4% пасля росту на 1,2% у 2019-м. Іншыя прагнозы яшчэ горшыя: у агенцтва Fitch – мінус 5%, у МВФ – мінус 6%.

Беларуская эканоміка мацней залежыць ад знешняга попыту, чым Еўропа, ЗША ці РФ, а праз крызіс попыт на беларускую прадукцыю ўпаў. У выніку прамысловая вытворчасць у Беларусі ў красавіку 2020 г. знiзiлася на 7,1% год да года – гэта толькі паводле афіцыйных звестак (якім самі беларусы звычайна не давяраюць). Самае вялікае падзенне – на 32,3% – у вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі.

Пры гэтым многія дзейныя прадпрыемствы ў значнай ступені працуюць "на склад". Гэта асаблівасць адміністрацыйна-каманднай сістэмы: заводам загадана выпускаць прадукцыю, нават калі яна не прадаецца.

Заводы прадаўжаюць працаваць, таму што яны выконваюць сацыяльную функцыю: супрацоўнікі атрымліваюць хоць нейкі заробак, нават на глыбока стратных прадпрыемствах, датаваных з дзяржбюджэту.

Афіцыйная беспрацоўе вельмі нізкае, блізу 4,2%. Але ёсць велізарнае прыхаванае беспрацоўе: людзі проста не рэгіструюцца на біржы працы. Прычына простая: дапамога ў беспрацоўі – не большая за $ 11, трэба наведваць неаплатныя грамадскія працы, а саму дапамогу выплачваюць не больш за паўгода – і чалавек абавязаны пагадзіцца на любую працу, якую яму прапануюць.

Што тычыцца прыватнага сектару, то са скарачэннем попыту на ўнутраным рынку на фоне пандэміі, паводле звестак апытання BEROC, сутыкнуліся 59% кампаній малога і сярэдняга бізнэсу. Выручка ўпала ў 64% кампаній.

Адзіным сур'ёзным захадам дзяржпадтрымкі бізнэсу ў Беларусі стала адсутнасць карантыну. Урад прыняў адзін антыкрызісны пакет з захадамі падтрымкі, але вельмі сціплымі: далі растэрміноўку арэнды для тых, хто здымае плошчы ў дзяржавы, змякчылі патрабаванні да банкаў, знізілі ключавую стаўку. Для бізнэсу быў мінімум, для людзей – нічога.

Сёння перад прэзідэнцкімі выбарамі рэзервовага фонду ў беларускай улады няма. Запазычанні на знешніх рынках пры беларускім крэдытным рэйтынгу вельмі дарагія (6-7% у валюце), МВФ і ЕБРР не хочуць даваць грошы з палітычных прычынаў (пераслед і пасадка палітычных актывістаў), а ў Расеі Лукашэнка не можа пазычыць праз напружаныя стасункі з Пуціным. Нават стасункі з Кітаем пахаладнелі пасля краху шэрагу кітайскіх інвестпраектаў у Беларусі.