2 траўня 2024, Чацвер, 3:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Патрабуем неадкладнага вызвалення Паўла Севярынца!

14
Патрабуем неадкладнага вызвалення Паўла Севярынца!
ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Супольная заява праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў супольную заяву праваабарончых і іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Менск, 10 ліпеня 2020 г.

Суд Савецкага раёна г. Менска 8 ліпеня вынес пастанову аб змушэнні Паўла Севярынца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе 15 сутак арышту. Згодна з пастановай суда П. Севярынец заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля Камароўскага рынку ў г. Менску 7 чэрвеня сёлета, чым парушыў парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах" і адпаведна здзейсніў правапарушэнне, прадугледжанае арт. 23. 34 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Варта адзначыць, што за ўдзел у гэтым мерапрыемстве П. Севярынец ужо быў змушаны да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту тэрмінам на 15 дзён. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 7 чэрвеня па дарозе дадому. Пасля гэтага ў дачыненні да П. Севярынца было вынесена як мінімум тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах 15 сутак кожная (у суме 60 сутак арышту).

Ужо месяц, як П. Севярынец знаходзіцца ў ЦІП ГУУС Менгарвыканкама г. Менска. Таксама ў яго засталіся неадбытыя 30 дзён арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў снежні і студзені мінулага і бягучага года. Такім чынам, агульная даўжыня адміністрацыйнага арышту П. Севярынца можа скласці не менш як 105 дзён, што можа перавысіць максімальны тэрмін (да трох месяцаў) арышту, які прадугледжаны як від пакарання Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Мы чарговы раз адзначаем, што такога кшталту практыка ўжывання нормаў КаАП з'яўляецца заганнай, мае палітычна матываваны характар, выкарыстоўваецца з мэтай ціску, пакарання за публічную грамадзкую дзейнасць і ізаляцыі Паўла Севярынца на ўвесь перыяд выбарчай кампаніі.

Акрамя таго мы нагадваем, што свабода мірных сходаў і выказвання меркаванняў гарантаваная грамадзянам Беларусі як дзейнай Канстытуцыяй краіны, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пазбаўленне волі ў сувязі з рэалізацыяй гэтых свабодаў з'яўляецца недапушчальнай і непрымальнай практыкай у дэмакратычным грамадстве.

Вялікі непакой выклікае інфармацыя пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, ад якога церпіць у ЦІП Павал Севярынец.

Актывіста неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар без цёплай вопраткі і асабістых рэчаў, дзе праз нізкія тэмпературы ўначы ён не мог спаць, а ўдзень, калі нары паднімаюцца і замацоўваюцца да сцяны, увесь час вымушаны сядзець на невялікім зэдліку. Яго не выводзяць на шпацыры і ў душ, доўгі час не прымалі перадачы ад родных, і да гэтага часу не дапускаюць да яго адваката.

У сувязі з гэтым мы нагадваем, што свабода ад катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання з'яўляецца абсалютным правам, а такое абыходжанне забароненае як дзейным нацыянальным заканадаўствам, так і міжнародным правам у галіне правоў чалавека.

Таксама нагадваем, што права на прававую дапамогу гарантаванае арт. 62 Канстытуцыі РБ, а супрацьдзеянне такой дапамозе – забароненае.

Згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва для вызначэння паняцця "палітычны вязень", зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на ІІІ праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабодаў, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.

Гэтыя патрабаванні напоўніцу датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ўдзел, арганізацыю мірных сходаў і заклікі да iх правядзення, пра што намі ўжо неаднаразова заяўлялася, у тым ліку ў заяве з нагоды арышту блогера Змітра Казлова (Шэры Кот) ад 21.01.2020 г.

Такім чынам мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, яшчэ раз адзначаем, што разглядаем усіх адміністрацыйна арыштаваных за мірную рэалізацыю свабоды мірных сходаў і выказвання меркавання, уключаючы Паўла Севярынца, як палітычных зняволеных.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту палітвязня Паўла Севярынца і патрабуем:

скасавання вынесеных у дачыненні да Паўла Севярынца пастановаў суда аб змушэнні яго да адміністрацыйнай адказнасці за арганізацыю або ўдзел у мірных сходах і неадкладнага яго вызвалення;

неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў, якія адбываюць адміністрацыйныя арышты за рэалізацыю свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання;

правядзення праверкі і пакарання ўсіх вінаватых ва ўжыванні катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да Паўла Севярынца і іншых арыштаваных;

Таксама заклікаем урад Беларусі да выканання ўсіх добраахвотна ўзятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека, у тым ліку аб недапушчэнні катаванняў і іншых жорсткіх і бесчалавечных відаў абыходжання.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў";

Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр";

Офіс у правах людзей з інваліднасцю;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

РГА "Прававая ініцыятыва";

Простае таварыства "Ініцыятыва Forb";

Ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права";

Кансультацыйны цэнтр актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве "Х’юман Канстанта";

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава;

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках