19 красавiка 2024, Пятніца, 23:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марына Адамовіч: Уся краіна просіць Лукашэнку сысці

22
Марына Адамовіч: Уся краіна просіць Лукашэнку сысці
ФОТА: «НАША НІВА»

Мікалай Статкевіч заклікаў беларусаў не спыняцца.

У Беларусі не спыняецца збор подпісаў за вылучэнне апазіцыйных палітыкаў і блогераў кандыдатамі ў прэзідэнты. Выбары прызначаны на 9 жніўня. Па ўсёй краіне тысячы людзей становяцца ў доўгія чэргі, каб аддаць свой подпіс за таго ці іншага меркаванага кандыдата.

У канцы мінулага тыдня ў Горадні затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага (у прэзідэнты балатуецца ягоная жонка), а ў выходныя - апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. З жонкай Статкевіча Марынай Адамовіч (яна таксама з'яўляецца сябрам партыі «Народная Грамада») і чальцом рады праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцінам Стэфановічам журналісты абмеркавалі ў эфіры "Настоящего Времени", што адбываецца ў Беларусі напярэдадні выбараў.

- Як вы ацэньваеце сённяшнюю заяву Лукашэнкі пра тое, што Майдану не будзе?

Адамовіч: Я мяркую, што гэта не ва ўладзе Лукашэнкі, і вельмі спадзяюся, што беларусы мірна даб'юцца перамен. Перамен да свабоднага дэмакратычнага жыцця.

Стэфановіч: Трэба сказаць, што гэта не ўпершыню, калі Лукашэнка выказваецца такім чынам. Мы памятаем розныя версіі ягоных выказванняў - ад дохлых пацукоў у водаправодах да таго, што Майдану не будзе. Я думаю, што гэта сведчыць пра тое, што Аляксандр Рыгоравіч даволі сур'ёзна расцэньвае тыя працэсы, якія цяпер адбываюцца, і я думаю, што ацэньвае іх як пэўную патэнцыйную пагрозу.

- Марына, ваш муж і паплечнік атрымаў 15 дзён арышту, як і яшчэ два актывісты. Ім ставяць у віну ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Якая ваша пазіцыя?

Адамовіч: Наша пазіцыя такая, што мы выкарыстоўваем гэтую кампанію выключна ў мірных мэтах, каб людзі маглі атрымаць альтэрнатыву. Мы выкарыстоўваем абсалютна легальныя выбарчыя працэдуры, як пікеты для збору подпісаў за вылучэнне патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Не больш таго. Выдатная легальная магчымасць сабрацца людзям, выказаць сваю пазіцыю і прадэманстраваць тое, уласна кажучы, пра што нас прасіў Лукашэнка. Ён неяк заявіў, што «калі людзі папросяць, я балатавацца не буду». Вось людзі і просяць, фактычна, уся краіна просіць Лукашэнку сысці.

- Валянцін, ці ёсць у вас звесткі, колькі ўсяго затрыманых па ўсёй краіне?

Стэфановіч: У нас ёсць звесткі, якія мы рабілі з 6 траўня, тады, нагадаю, першая хваля затрыманняў пракацілася па ўсёй краіне. З нашай інфармацыі, якая можа быць далёка няпоўнай, бо ўсю інфармацыю трэба сабраць, з 6 траўня да 31 траўня было затрымана больш за 190 чалавек. 195, калі я не памыляюся.

- Вашы калегі-праваабаронцы зрабілі заяву, што блогер Ціханоўскі з'яўляецца палітычным зняволеным. Чаму?

Стэфановіч: Таму што мы звычайна займаемся тым, што даем пэўную ацэнку тым крымінальным справам, якія, на нашу думку, звязаны з палітычным матывам з боку ўлады, пераследам канкрэтных асоб. У гэтым выпадку тое, што адбылося ў Гародні, на нашу думку, акурат і з'яўляецца такім выпадкам. Гэта значыць палітычны матыў у пераследзе Ціханоўскіх, па-мойму, відавочны. Таму мы такім чынам выказаліся, мяркуем, што Ціханоўскі з'яўляецца палітвязням, патрабуем яго неадкладнага вызвалення. А таксама іншых затрыманых.

Проста тут сітуацыя ўскладняецца тым, што мы нават не ведаем усіх прозвішчаў тых, хто быў затрыманы разам з Ціханоўскім у межах крымінальнай справы. Цяпер гэта ўдакладняем. У прынцыпе, тое, што адбылося ў Гародні, нагадвае такі дрэнна сыграны спектакль напраўду.

- Чаму?

Стэфановіч: Гэта можна ўбачыць на шмат якіх відэа. Цяпер усё ж складана зрабіць неяк так, каб ніхто нічога не бачыў, бо ў кожнага ёсць мабільны тэлефон, кожны сам сабе рэжысёр. Таму можна прааналізаваць відэа, з чаго ўсё пачыналася. Пачыналася з таго, што невядомыя жанчыны відавочна хацелі справакаваць пэўны канфлікт, выклікаць умяшанне супрацоўнікаў міліцыі. Але гэта не вельмі ў іх атрымалася, бо падставай для затрымання Ціханоўскага паслужыла тое, што адна з жанчын паскардзілася, што ён не адказваў на ейныя пытанні.

Наогул такой падставы для затрымання грамадзян у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі няма. І калі ў дачыненні да жанчыны не было здзейснена нейкіх супрацьпраўных дзеянняў, то і падстаў для ўмяшання міліцыі не было. Таму міліцыянты дзейнічалі як мінімум незаконна і непрафесійна. Тое, што ўжо далей адбылося, я дапускаю, што нічога не адбылося.

- Там міліцыянт апынуўся на зямлі.

Стэфановіч: У выніку чаго - я не ведаю. Але тое, што можна ўбачыць на відэа дакладна, - тое, што Ціханоўскі асабіста ніякіх супрацьпраўных дзеянняў гвалтоўных не чыніў. Гэта адная з падстаў, чаму мы прынялі такую заяву - таму што Ціханоўскі быў затрыманы толькі за тое, што рэалізоўваў свае законныя, канстытуцыйныя ў тым ліку, свабоды: [права] на сход, выказванне меркавання і распаўсюд інфармацыі.

- Марына, як ваш муж, трымаецца? Што ён кажа?

Адамовіч: Рэч у тым, што мой муж правёў амаль 8 гадоў у зняволенні, гэта было перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года і пасля выбараў 2010-га. Таму ён заклікае сваіх прыхільнікаў не спыняцца. Ён заклікае беларусаў выходзіць на вуліцы, паказваць салідарнасць з затрыманымі і паказваць сваё жаданне перамен. Вось такімі мірнымі, даступнымі сёння спосабамі. Адзінае, што ён нам сказаў: «Не спыняйцеся».

- Валянцін, вы чакаеце нейкай рэакцыі на тое, што адбываецца ад заходніх урадаў, яны могуць неяк змяніць сітуацыю?

Стэфановіч: Наогул у прынцыпе рэакцыя пэўная ўжо была яшчэ ў пачатку месяца, калі хваля затрыманняў толькі пачалася. Была заява Еўрапейскага звязу, АБСЕ выказалася з нагоды затрыманняў журналістаў і арыштаў, Еўрапейскі парламент. Я спадзяюся, што такая рэакцыя будзе, бо правы чалавека - гэта каштоўнасць не толькі для Еўрапейскага звязу, гэта каштоўнасць для ўсіх. Таму мы чакаем гэтую рэакцыю.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках