26 красавiка 2024, Пятніца, 23:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы патрабуюць вызваліць Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязняў

9
Беларусы патрабуюць вызваліць Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязняў
ФОТА: TUT.BY

У Сеціве з'явілася петыцыя з патрабаваннем вызваліць народнага блогера і іншых затрыманых.

Затрыманне Ціханоўскага з'яўляецца грубым парушэннем яго канстытуцыйных правоў удзельнічаць у выбарчай кампаніі, цытуе b-g.by аўтараў звароту.

На Change.org з'явілася петыцыя з патрабаваннем неадкладна вызваліць затрыманых увечары 29 траўня ў Горадні блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых сябраў яго каманды.

«Мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Беларусі, патрабуем неадкладнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага і затрыманых разам з ім сябраў яго каманды. Пікет, на якім затрымалі Ціханоўскага Сяргея, быў законным і мірным. Затрыманне Ціханоўскага з'яўляецца грубым парушэннем яго канстытуцыйных правоў удзельнічаць у выбарчай кампаніі і ціскам на каманду прэтэндэнта на кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Патрабуем пакараць усіх вінаватых у арганізацыі правакацыі, скіраванай супраць Сяргея і яго каманды 29 траўня ў Горадні падчас збору подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты Ціханоўскую Святлану. Мы патрабуем забяспечыць законнасць і роўныя магчымасці для правядзення выбарчай кампаніі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі», - гаворыцца ў петыцыі.

Нагадаем, 29 траўня Сяргей Ціханоўскі прыехаў у Горадню, дзе праходзіў пікет ініцыятыўнай групы ў падтрымку яго жонкі Святланы Ціханоўскай, якая вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты. Бліжэй да вечара да блогера стала чапляцца нейкая жанчына, якую сам Ціханоўскі назваў правакатаркай. Тут жа на плошчы з'явіліся два міліцыянты, адзін з іх прадставіўся ўчастковым інспектарам. Жанчына, што кідалася на Ціханоўскага, стала скардзіцца, што той адмовіўся адказваць на яе пытанні. Міліцыянты спрабавалі затрымаць Ціханоўскага, натоўп стаў адціскаць блогера ад іх. У нейкі момант адзін з праваахоўнікаў аказаўся на асфальце. Пасля таго на плошчы з’явіліся амапаўцы, якія і затрымалі блогера і сябраў яго каманды.

Пасля інцыдэнту Святлана Ціханоўская выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды таго, што здарылася ў Горадні. Са слоў жанчыны, мела месца правакацыя, а пікет насіў законны і мірны характар.

У нядзелю, 24 траўня, стваральнік відэаблога «Краіна для жыцця» правёў пікет у зборы подпісаў ля сталічнага рынку Камароўка. На пікет прыйшло так шмат людзей, што чарга расцягнулася амаль на кіламетр. Пасля гэтага ў розных кутках Беларусі праходзяць пікеты ў падтрымку Ціханоўскага, якія збіраюць чэргі людзей.

Нагадаем, Сяргей Ціханоўскі сам збіраўся вылучацца кандыдатам у прэзідэнты, але не змог асабіста падаць дакументы, бо адбываў у ІЧУ 15 дзён, якія атрымаў за асвятленне снежаньскай акцыі пратэсту ў Менску супраць інтэграцыі з Расеяй. Заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў зборы подпісаў за вылучэнне Сяргея Ціханоўскага кандыдатам у прэзідэнты падавала яго жонка, але ЦВК адмовіў яму «ў сувязі з парушэннем парадку падачы дакументаў». У той жа дзень Святлана Ціханоўская падала дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні сябе ў якасці кандыдата ў прэзідэнты і была зарэгістраваная.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках