26 красавiка 2024, Пятніца, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Лукашэнку лепш сысці да выбараў

63
Генадзь Фядыніч: Лукашэнку лепш сысці да выбараў
ФОТА: PRACA-BY.INFO

Беларускі народ змяніўся.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў лідар Незалежнага прафесійнага звязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

– У чым, на Вашу думку, галоўныя асаблівасці цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі?

– Гэта далёка не першая палітычная кампанія, якую мне даводзіцца назіраць, але ў гэтым годзе ў Беларусі адбываецца нешта беспрэцэдэнтнае.

Асаблівым стала ўжо тое, што сёння на палітычным полі актыўна дзейнічае шэраг патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, якіх не вылучала ні партыя, ні рух, ні арганізацыя. Пагадзіцеся, такога даўно не было.

І што выдатна: людзі з задавальненнем ставяць подпісы за любога кандыдата, але толькі не за Лукашэнку. Гэта таксама важны паказнік гэтай кампаніі і пераменаў, якія адбываюцца ў грамадстве.

Нарэшце, важным сімптом стала тое, што ва ўлады нервы здалі раней, чым звычайна, і яна пачала здзяйсняць правакацыі супраць магчымых кандыдатаў у прэзідэнты, якія яшчэ нават не зарэгістраваныя. Гэта толькі падкрэслівае, наколькі вялікі і небяспечны для ўладаў патэнцыял нашых грамадзянаў, якія збіраюцца ў розных гарадах у вялізныя чэргі да пікетаў для збору подпісаў.

– Ваш прафзвяз увесь час кантактуе з простымі працаўнікамі прадпрыемстваў. Як цяпер настроеныя людзі працы?

– Па-першае, людзі пачалі смела і адкрыта агучваць тое, што гадамі набалела. Для гэтага яны і стаяць гадзінамі ў бясконцых чэргах да пікетаў альтэрнатыўных кандыдатаў. Дастаткова паглядзець стрымы з невялікіх гарадоў, каб зразумець, каго шараговыя беларусы клянуць у першую чаргу.

Натуральна, людзі ніколі і не забудуцца, і не даруюць таго, як Лукашэнка сваімі дэкрэтамі ўвёў кантрактную сістэму, а потым яе замацавалі ў новым Працоўным кодэксе. У сутнасці, гэта нават не кодэкс, а перапрацаваны звод дэкрэтаў для закабалення і прымусу ўсяго працоўнага класу і супрацоўнікаў бюджэтнай сферы. Несумненна, людзі не даруюць уладам гэтую пятлю і будуць дамагацца яе скасавання.

Больш за тое, стаўленне людзей да ўлады сёння вельмі негатыўнае яшчэ і таму, што ў беларусах прачнулася грамадзянская самасвядомасць, а ўлады ўпарта адмаўляюцца бачыць у нас грамадзянаў. Улада не хоча разумець, што народ змяніўся, і адводзіць дзяржаўным чыноўнікам ролю людзей, нанятых ім, народам, для развязання сваіх праблемаў.

Гэты стыль кіраўніцтва набіў аскому, гэта адна і тая асоба ў тэлевізары толькі раздражняе людзей. Ягоныя «разносы» губернатарам або раённым кіраўнікам – нічога яны не даюць, акрамя яшчэ большага непрымання і жадання ўсё гэта памяняць. Таму людзі ўжо не ўспрымаюць гэтую ўладу і адкрыта кажуць гэта і на пікетах для збору подпісаў, і на сустрэчах з прадстаўнікамі нашага прафзвязу.

Як вынік, у гэтай кампаніі мы ўсё часцей назіраем, як супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў, якіх прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку, адмаўляюцца гэта рабіць ці адклікаюць потым свае подпісы. Прычым адбываецца гэта ва ўсёй краіне, ва ўсіх галінах: годныя прыклады паказалі і працоўныя Навагрудскага ЖКГ, і жыхары Магілёўскай вобласці, і супрацоўнікі агракомплексу з Камянецкага раёна. У людзей прарэзалася пачуццё ўласнай годнасці і «адкруціць» сітуацыю назад ва ўладаў ужо не атрымаецца.

Для Лукашэнкі лепш было б пакінуць сваю пасаду яшчэ да пачатку выбараў.

– Ці з'явіліся ў Беларусі лідары, якія гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за перамены?

– Ведаеце, я думаю, што на этапе збору подпісаў некаторыя з патэнцыйных кандыдатаў вымушаныя займаць больш абцякальную пазіцыю. Ім даводзіцца гэта рабіць, у іх вельмі маленькая прастора для манеўру.

Але людзі павінны быць упэўненымі ў тым, за каго аддалі свой подпіс. Аказваючы давер альтэрнатыўнаму палітыку, народ мае права ведаць, за што выступае гэты кандыдат: проста «навесці касметыку» або сапраўды ісці да пераменаў, якія прывядуць Беларусь у лік еўрапейскіх краінаў.

Я спадзяюся, што неўзабаве кандыдаты пратэсту павінны будуць паказаць сябе, калі яны хочуць апраўдаць давер народа і казаць ад ягонага імя.

Калі яны фармальна стануць кандыдатамі ў прэзідэнты і ім можна будзе праводзіць сустрэчы і мітынгі, тады яны проста абавязаныя канкрэтна выказвацца ў падтрымку палітвязняў, раіцца з людзьмі, шукаць падтрымкі ў народа і абараняць не толькі тых, хто сёння сядзіць у турме, але і ўласных выбарнікаў, якія паверылі іх праграме.

Трэба дакладна разумець, што беларусы ўжо даўно саспелі да пераменаў і на гэта ў грамадстве – велізарны попыт.

– Як у такім выпадку можна дамагчыся пераменаў?

– Па-першае, народ павінен дакладна разумець і адчуваць, што абраны ім альтэрнатыўны кандыдат цвёрда стаіць на абароне ягоных інтарэсаў і галасоў.

Па-другое, такі палітык павінен старацца, каб ва ўчастковых выбарчых камісіях былі ягоныя людзі, і зафіксаваць, хоць бы з дапамогай назірання, электаральную перамогу.

Нарэшце, перамогу і галасы людзей, якія паверылі табе, трэба абараняць усімі законнымі сродкамі – у тым ліку і масавымі мітынгамі. Па-іншаму ўладу не прымусіш прыслухацца да грамадзянаў.

Напрыклад, той самы Віктар Бабарыка нядаўна заявіў: «Калі мае выбарнікі скажуць “Ідзем на плошчу”, то я пайду на плошчу».

Не, калі ты народны кандыдат і ідзеш ва ўладу дзеля пераменаў у Беларусі, то не трэба «прыкрывацца» людзьмі: маўляў, калі людзі выйдуць – то і я таксама выйду. Калі ты валодаеш інфармацыяй пра тое, што выбары будуць сфальсіфікаваныя ці ўжо фальсіфікуюцца, значыць, ты павінен сам, як народны кандыдат, заклікаць людзей да таго, каб абараніць свае законныя правы і інтарэсы.

І не «быць з імі», а быць на чале народа на Плошчы, зрабіць так, каб людзі былі з табой і пайшлі за табой. Гэта – розныя рэчы.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках