Уражлівы фотарэпартаж з учорашніх перадвыбарных пікетаў у Віцебску
8- 1.06.2020, 19:10
- 39,597
У нядзелю віцябляне стаялі ў велізарных чэргах, каб падпісацца супраць Лукашэнкі.
31 траўня, у нядзелю, у цэнтры Віцебска выстраілася доўгая чарга - гэта жыхары горада сабраліся, каб паставіць свае подпісы за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, альтэрнатыўных Лукашэнку, піша сайт news.vitebsk.cc.
Тут, ля падножжа піраміды гандлёвага цэнтра «Марка-Сіці» стаялі пікеты Святланы Ціханоўскай, воддаль, ля Сіняга дому размясціўся пікет Віктара Бабарыкі.
Яшчэ да з'яўлення на пляцоўцы зборшчыкаў подпісаў да месца пікетаў пачала выбудоўвацца чарга. А 12:00 яна расцягнулася ад скульптуры льва і да паўднёвай сцяны будынка «БПС-Банка».
У гэты час з'явіўся адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец з гукаўзмацняльнай апаратурай. Ззаду пікетаў зборшчыкаў подпісаў утварылася своеасаблівая зона актыўнасці, дзе ўвесь час нехта выступаў. Прычым доступ да мікрафону мог атрымаць любы ахвочы.
Асноўная маса людзей ішла падпісвацца за Святлану Ціханоўскую. Зрэшты зборшчыкі за іншых ахвочых стаць кандыдатамі ў прэзідэнты таксама не сумавалі і ля іх столікаў не было пуста.
Многія пакідалі подпісы адразу за некалькі чалавек. У чаканні магчымасці паставіць свой аўтограф людзі, якія сабраліся ў чэргах, вялі гарачыя дэбаты пра палітычную сітуацыю ў Беларусі.
Колькі людзей прайшло праз зборшчыкаў подпісаў ацаніць цяжка, а 13:00 на пляцоўцы перад пірамідай і ў чарзе ўздоўж вуліцы Леніна знаходзілася за адзін раз сотні чалавек. Сваю падтрымку прысутным выказвалі і кіроўцы аўтамабіляў, што праязджалі міма.