26 красавiка 2024, Пятніца, 7:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крышым лёд!

30
Крышым лёд!
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
ФОТА: БЕЛАПАН

Эмацыйны зварот лідара БНК да беларусаў.

Лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу і партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч выступіў з заклікам:

«Я звяртаюся да патрыётаў Беларусі.

Лукашэнка замарозіў нашу краіну. Беларусь пакрытая лёдам. І пад гэтым лёдам памірае ўсё, што паспела прарасці ў пачатку 90-х гадоў: нацыянальнае, сучаснасць, беларускае, гістарычнае, наша.

Цяпер на гэтыя «выбары» Лукашэнка не прапусціў ніводнага патрыятычнага кандыдата, у тым ліку і мяне. У мяне была група з 3 000 чалавек, але яе не зарэгістравалі праз «судзімасць».

Цяпер з'явіліся кандыдаты, у якіх ёсць магчымасць сабраць 100 000 подпісаў. Кожны з іх са сваёй перадгісторыяй. Аднак ва ўсіх нас з'явілася ўнікальная магчымасць скрышыць гэты лёд над Беларуссю, каб беларускаму там проста стала лягчэй дыхаць.

Чуюцца галасы людзей, расчараваных або раўнівых да славы іншых, што трэба ціха займацца культурнымі праектамі, ні ў што не ўвязвацца, назапашваць сілы і злосць. Колькі можна гэта назапашваць? Колькі людзей ужо памерла, назапашваючы гэтую злосць, ад хвароб і проста ад узросту? Калі мы і далей будзем проста назіраць з боку за тым, што адбываецца, што застанецца ад нацыянальнага?

Цяпер трэба, калі нам не далі ісці на гэтыя «выбары», выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія ёсць. Трэба выкарыстоўваць усё, каб зламаць гэты лёд! Ёсць лідары, якія ідуць і крышаць гэты лёд. Не трэба ім перашкаджаць, трэба іх падтрымаць.

Я не кажу, што вы павінны збіраць нейкія подпісы за тых, хто вам не падабаецца. Гэта справа кожнага. Я кажу пра тое, што мы павінны выкарыстоўваць гэтую сітуацыю.

У нядзелю, 31 траўня, а 12 гадзіне дня ва ўсіх абласных цэнтрах і ў Менску ля Камароўскага рынку адбудуцца пікеты-мітынгі ў зборы подпісаў. Рэдкая легальная магчымасць сабрацца разам, распавесці пра свае праблемы, пра тое, што мы жывыя і Беларусь жывая.

Я заклікаю патрыётаў, у якіх ёсць вера, энэргія і сіла. Скарыстайцеся гэтай магчымасцю. Прыходзьце туды, куды прыходзіць актыўная частка беларускага народа. Размаўляйце з людзьмі. Завязвайце кантакты. Вядзіце іх за сабой.

Калі мы не скарыстаемся такімі магчымасцямі, мы можам страціць усе шанцы для беларускай Беларусі.

Сябры, ёсць унікальны шанец. Драматычныя змены непазбежныя. Але толькі ад патрыётаў Беларусі залежыць, як будзе развівацца сітуацыя. Яна пойдзе туды, куды мы яе павядзем. Будзем разам! Аб'ядноўвайцеся ў барацьбе. Сілы з'яўляюцца толькі ў таго, хто змагаецца. Без барацьбы мы не выратуем Беларусь.

Жыве Беларусь!

Сайт Charter97.org заклікае ўсіх выконваць захады сацыяльнай дыстанцыі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках