3 траўня 2024, Пятніца, 9:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі лекар: Мы на нябачнай вайне, дзе за нябачным вуглом сядзіць нябачны снайпер

3
Беларускі лекар: Мы на нябачнай вайне, дзе за нябачным вуглом сядзіць нябачны снайпер
АЛЯКСАНДР ЛОБАН

Дай Бог нам усім не стаць мішэнямі.

Даўно нічога не публікаваў аб пандэміі каранавіруса, піша беларускі лекар Аляксандр Лобан для сайта «Гарадзенская вясна». Таму што не было ніякага жадання каментаваць лічбы Міністэрства аховы здароўя, якія ўжо больш за тры тыдні штампуюць, як пад капірку: ± 950 новых выпадкаў, блізу 5 памерлых на дзень. Разумныя людзі ў гэтыя казкі даўно не вераць, а дурням мазгі не зменіш. Пра тое, што Міністэрства аховы здароўя не будзе перасякаць псіхалагічную мяжу 1000 новых выпадкаў, я казаў яшчэ 30 красавіка ў відэа на маім канале на YouTube. Вы можаце перайсці па гэтай спасылцы і праслухаць мой прагноз там пасля другой хвіліны. Так і здарылася, і навін для абмеркавання як быццам і няма.

Але ўчора адбылася падзея, пра якую варта напісаць. Мы ўвайшлі ў першую дзясятку краін у колькасці інфікаваных Covid-19 на 1 мільён насельніцтва. Павінен зрабіць агаворку: я не ўлічваў тут такія вельмі маленькія краіны, як Люксембург, Ісландыя, Андора, Сан-Марына, востраў Мэн, Ватыкан і Гібралтар. Зразумела, што праз невялікую колькасць насельніцтва ў гэтых краінах падлік колькасці хворых на мільён жыхароў некарэктны. Таму што гэтага мільёна там і блізка няма. Калі ж браць краіны, дзе насельніцтва больш за мільён чалавек, то мы - на дзевятым (!) месцы ў свеце ў колькасці захварэлых на Covid-19 што да колькасці жыхароў.

Звесткі на вечар 2020.05.24 з сайта worldometer.info

1. Катар 15 201 пацыент на 1 мільён.

2. Гішпанія 6 040

3. Сінгапур 5 409

4. Бахрэйн 5 366

5. ЗША 5 058

6-7. Ірландыя 4 996

6-7.Кувейт 4 996

8. Бельгія 4 928

9. Беларусь 3 831

10. Злучанае Каралеўства 3 826

11. Італія 3 801

12 ...

Такім чынам, мы апярэдзілі Вялікую Брытанію і нават Італію. І гэта паводле афіцыйных звестак! Калі ж падумаць аб рэальнай колькасці, то мы, напэўна, ужо ў пяцёрцы лідараў...

Ну, гэта лічбы. А калі паглядзець на рэальныя выпадкі побач, то становіцца не па сабе. Галоўны патолагаанатам Гарадзенскай вобласці памёр ад каранавіруса. Захварэла немаўля ва ўзросце 23 дзён. Гэта тое, што запала ў памяць. А колькі яшчэ іх, захварэлых, пра якіх мы ведаем і пра якіх мы не ведаем.

Я асабіста спрабую абмежаваць свае кантакты да мінімуму, але часам мне ўсё адно даводзіцца «выходзіць у людзі». І пачуцці ў мяне тады - як на вайне. На нябачнай вайне, дзе за нябачным вуглом сядзіць нябачны снайпер. І не ведаеш, стрэліць ён у цябе ці не. Дай Бог нам усім не стаць мішэнямі. Я б, аднак, са слова «ўсім» зрабіў бы адно выключэнне...

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках