28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Папа Францішак адсвяткаваў Вербніцу ў пустой базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане

3
Папа Францішак адсвяткаваў Вербніцу ў пустой базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане
ФОТА: REUTERS

Аднак мільёны людзей маглі глядзець імшу на тэлевізіі або праз Інтэрнэт.

Папа Рымскі Францішак адзначыў Пальмавую (Вербную) нядзелю ў пустой базіліцы Святога Пятра. У сітуацыі, якую можна было б назваць сюррэалістычнай, пантыфік заклікаў людзей, якія спрабуюць справіцца з пандэміяй каранавіруса, не турбавацца аб тым, чаго не стае ім самім, але пастарацца палегчыць пакуты іншых, паведамляе «Голас Амерыкі».

Папа Францішак узначаліў імшу Пальмавай нядзелі, якая праходзіла без удзелу паствы праз распаўсюд каранавіруса COVID-19.

Гэтае набажэнства, якое дае пачатак Вялікаму тыдню, што заканчваецца Вялікаднем, звычайна прыцягвае дзясяткі тысяч чалавек на плошчу Святога Пятра, упрыгожаную аліўкавымі і пальмавымі дрэвамі. Звычайна яна ўключае доўгую працэсію кардыналаў, святароў і вернікаў з пальмавымі галінкамі ў руках.

Гэтым разам яна праводзілася ля другараднага алтара, ззаду галоўнага, які звычайна выкарыстоўвае Францішак. На ёй прысутнічала толькі блізу 25 чалавек, у тым ліку некалькіх памочнікаў, манашак і невялікі хор. Усе выконвалі прынцып сацыяльнага дыстанцыявання.

Сімвалічная працэсія была толькі некалькі метраў у даўжыню. У сабор прывезлі некалькі аліўкавых дрэў у чыгунах.

Аднак мільёны людзей маглі глядзець імшу на тэлевізіі або праз Інтэрнэт. Касцёлы ва ўсім свеце правялі аналагічныя віртуальныя службы праз абмежаванні на сходы.

Знаходзячыся ў аддаленні, Францішак слухаў, як тры святары зачытваюць эвангельскае апавяданне пра тое, як Ісус Хрыстос увайшоў у Ерусалім і быў абвешчаны Месіяй.

Вялікі тыдзень азначае перыяд, калі хрысціяне ўспамінаюць пра падзеі, звязаныя з ключавымі догматамі сваёй веры - што Хрыстос быў аддадзены, укрыжаваны і уваскрос з мёртвых.

У сваёй гаміліі Францішак заклікаў слухачоў звярнуцца да Бога «ва ўмовах трагічнай пандэміі, ва ўмовах, калі многія падманлівыя адчуванні пэўнасці зніклі, калі многія надзеі былі адданыя, калі над нашымі сэрцамі вісіць адчуванне пакінутасці».

Ватыкан сам знаходзіцца ў ізаляцыі, якая, у асноўным, нагадвае сітуацыю ў Італіі, дзе з пачатку эпідэміі каранавірус 21 лютага памерлі больш за 15 500 чалавек.

У Італіі зарэгістравана блізу 125 тысяч інфікаваных, у Ватыкане - сем. Тэсты на каранавірус, узятыя ў папы і ягоных бліжэйшых памочнікаў, далі адмоўны вынік.

«Трагедыя, якую мы перажываем, заклікае нас сур'ёзна ставіцца да сур'ёзных рэчаў, і не захапляцца тымі, якія маюць меншае значэнне, зноў адкрыць для сябе, што жыццё бескарыснае, калі яго не выкарыстоўваць для служэння іншым. Бо жыццё вымяраецца любоўю», - сказаў Францішак у нядзелю.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках