28 красавiка 2024, Нядзеля, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алекс Крэмэр: Імавернасць агульнанацыянальнай эпідэміі ў Беларусі надзвычай высокая

38
Алекс Крэмэр: Імавернасць агульнанацыянальнай эпідэміі ў Беларусі надзвычай высокая
ФОТА ANA MOCREAC\WOLRDBANK.ORG

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі мяркуе, што ўраду трэба зрабіць тры першачарговыя крокі.

Два тыдні таму ўрад Вялікабрытаніі папрасіў грамадзян заставацца дома. Нават пры гэтым Урад крытыкаваў як унутры краіны, так і за мяжой за тое, што гэта было зроблена занадта позна, піша кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер.

У распаўсюдзе віруса Беларусь адстае ад Злучанага Каралеўства роўна на 13 дзён, а з большасцю краін ЕЗ часавы разрыў нават большы. 20 сакавіка ў Беларусі налічвалася столькі ж выпадкаў інфікавання ў разліку на адзін мільён насельніцтва, колькі і ў Вялікабрытаніі на 7 сакавіка. Такім чынам, у Беларусі, як уяўляецца, ёсць некалькі дзён, каб падрыхтавацца да магчымага наступу эпідэміі і зрабіць тры першачарговыя крокі.

Крок № 1 - Мабілізацыя намаганняў для супрацьдзеяння эпідэміі. Падрыхтоўка медыцынскіх службаў да значнага росту выпадкаў віруснай пнеўманіі з'яўляецца першачарговым прыярытэтам. Мы працуем з Міністэрствам аховы здароўя і Сусветнай арганізацыяй здароўя у вызначэнні пераліку неабходных медыцынскіх сродкаў. Ураду магчыма спатрэбіцца дапамога з боку іншых арганізацый сістэмы ААН у вызначэнні крыніц паставак гэтых медыцынскіх сродкаў, бо становіцца ўсё цяжэй знайсці многія з іх на сусветных рынках. Калі Рэспубліцы Беларусь спатрэбіцца фінансавая падтрымка для закупкі гэтых сродкаў, Сусветны банк гатовы дапамагчы.

Крок №2 - Сацыяльнае дыстанцыяванне. Наступны крытычна важны крок не можа быць зроблены толькі сіламі заканадаўцаў. Гэты крок павінен зрабіць кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. САЗ раіць прыкласці намаганні кожнаму з нас. Сацыяльнае дыстанцыяванне азначае звядзенне да мінімуму кантактаў паміж людзьмі. У адваротным выпадку эпідэмія будзе разрастацца гэтак імкліва, што яна падарве сістэму грамадскага аховы здароўя, і людзі будуць паміраць, бо не будзе ставаць лекараў і абсталявання для лячэння. Імавернасць агульнанацыянальнай эпідэміі ў краіне надзвычай высокая, але чым больш павольныя будуць тэмпы яе распаўсюджвання, тым лепш справяцца службы аховы здароўя. У адсутнасць сацыяльнага дыстанцыявання колькасць інфікаваных можа падвойвацца кожныя тры дні, аднак, як паказвае досвед Уханя, ва ўмовах сацыяльнага дыстанцыяваньня існуе шанец стабілізаваць сітуацыю. Хутчэй за ўсё, нам усім давядзецца заставацца дома на працягу некалькіх месяцаў. Школы могуць закрыцца. Прадпрыемствы, не занятыя вытворчасцю прадукцыі першай неабходнасці, павінны будуць прыпыніць дзейнасць. Службовым асобам трэба будзе працаваць дома, выкарыстоўваючы персанальныя кампутары. Давядзецца часова адмовіцца ад звыклай бюракратычнай практыкі.

Застаючыся дома, мы ратуем жыццё. Гэта так проста. Беларусы будуць гатовыя і будуць імкнуцца да самаізаляцыі як да свайго сацыяльнага абавязку. Але таксама вельмі важна, каб улады краіны кіравалі працэсам, паказваючы, як паводзіць сябе ў сітуацыі, якая склалася, і тлумачылі сур'ёзнасць крызісу.

Крок №3 - Пашырэнне сацыяльных праграм. Многія беларусы страцяць працу ў 2020 годзе. Яшчэ больш беларусаў адчуюць падзенне пакупніцкай здольнасці сваіх заробкаў. Нават у адсутнасць каранавіруса Беларусь уступала ў рэцэсію, і цяпер сотні тысяч беларусаў сутыкнуцца з фінансавымі цяжкасцямі ў сувязі са скарачэннем эканамічнай актыўнасці ў глабальным маштабе. Таму ва ўсім свеце Урады ўзмацняюць праграмы адрасных грашовых выплат найменш забяспечаным грамадзянам у надзеі на спад эпідэміі. Сусветны банк і раней рэкамендаваў Рэспубліцы Беларусь ажыццявіць захады для ўзмацнення праграмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (ДАСД). У цяперашняй сітуацыі гэтая рэкамендацыя актуальная як ніколі раней.

Гатоўнасць медыцынскіх службаў, сацыяльнае дыстанцыяванне і адрасная сацыяльная дапамога - гэта тры ўзаемазвязаныя крокі. Іх трэба распачаць цягам найбліжэйшых дзён, а не тыдняў ці месяцаў. Таксама трэба падумаць аб тым, як падтрымаць прыватны сектар і як забяспечыць магчымасць дзецям для працягу вучобы ва ўмовах, калі яны не змогуць наведваць школу.

Кожны дзень на гэтым тыдні, калі я заходжу ў сваю электронную пошту Сусветнага банка, мая паштовая скрыня поўная паведамленняў. Ад маіх калег ва ўсім свеце я даведаюся літаральна сотні прыкладаў таго, як краіны рыхтуюць свае медыцынскія службы, як лідары тлумачаць людзям прынцыпы сацыяльнага дыстанцыявання і ўзмацняюць праграмы сацыяльнай дапамогі. 2020 год зменіць нас усіх, але Сусветны банк гатовы надаць Беларусі падтрымку ў знаходжанні спосабаў пераадолення складанасцяў цягам гэтага няпростага часу.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках