28 красавiка 2024, Нядзеля, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўнік «хуткай дапамогі» з Магілёва: Ахоўны камбінезон - адзін на ўсю брыгаду

24
Працаўнік «хуткай дапамогі» з Магілёва: Ахоўны камбінезон - адзін на ўсю брыгаду

У Магілёўскай вобласці ў медыкаў выявілі каранавірус.

У Магілёўскай вобласці пакуль што чатыры пацверджаныя афіцыйна выпадкі заражэння каранавірусам: па адным - у Кіраўску, Бабруйску, Крычаве і Магілёве, два з іх - сярод лекараў, паведамляе «Белсат».

Ці ёсць каранавірус у горадзе, распавёў Аляксей - імя змененае на жаданне героя) - работнік Магілёўскай хуткай медыцынскай дапамогі, які штодня выязджае на выклікі.

«COVID-19 у Магілёве ёсць, і медыкам хуткай дапамогі гэта стала вядома раней за афіцыйныя звесткі Міністэрства аховы здароўя, бо павялічылася колькасць хворых з пнеўманіяй і ВРВІ. Тэсты на COVID-19 бралі і цяпер бяруць толькі ў тых, хто быў за мяжой, меў кантакт або знаходзіцца ў цяжкім стане. Астатнім ставяць ВРВІ ці пнеўманію невядомай формы. Вынікаў тэстаў людзям не гавораць. Кажуць, калі што, мы з вамі звяжамся... Адразу было зразумела, што хворых больш, чым у мінулыя гады», - кажа Аляксей.

Са слоў работніка хуткай спачатку ў Магілёве ўсіх з тэмпературай вазілі ў інфекцыйную лякарню, а з пнеўманіяй - у тубдыспансер. Цяпер на выпадак незвычайнай сітуацыі для прыёму людзей з каранавірусам або з падазрэннем на яго цалкам вызвалілі магілёўскую лякарню №1.

«Закрылі лякарню №1 на карантын. Гэта значыць, што там будуць размяшчаць хворых і кантакты 1-га і 2-га узроўняў. Зразумела на 100%, што нічога добрага не будзе», - з сумам апісвае сітуацыю ў Магілёве Аляксей.

2 і 3 красавіка пацыентаў з 14 аддзяленняў Магілёўскай лякарні №1 выпісалі або перавялі ў іншыя ўстановы. Пра гэта кажуць пацыенты, а таксама сведчыць апублікаваны «Вконтакте» ў групе «Магілёў real» загад начальніка Галоўнай управы аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандра Старавойтава.

«Тых, хто быў пасля аперацый, выпісалі на рэабілітацыю дадому. З прадаўжэннем бальнічнага. Зразумела, што калі было б крытычна, то перавялі б у іншую лякарню. Усё зрабілі хутка, у адзін момант. Паведамілі пра тэрміновыя змены не раніцай на абыходзе, а раптам у абед», - кажа адна з пацыентак Магілёўскай лякарні №1, якая не пажадала называць свайго імя.

«Мяне збянтэжыў той факт, што ўсё вельмі рэзка і хутка адбылося. Нібы набліжаецца нешта вельмі непрыемнае і нядобрае, а мы праз дэзінфармацыю ні пра што не ведаем і абсалютна да гэтага не гатовыя», - сказала жанчына.

Са сведчанняў Аляксея, які дзень запар у інфекцыйнай лякарні збіраюцца чэргі машын хуткай дапамогі, якія прывозяць людзей з падазрэннем на каранавірус.

Ахоўны камбінезон - адзін на ўсю брыгаду

«Цяпер стала шмат выклікаў з падазрэннем на COVID-19. Пакуль што ў боксах (саркафагах) нікога не вазілі. Такія боксы ёсць, але іх колькасці я не ведаю. Агулам брыгады працуюць з недахопам спецсродкаў, а тыя, што ёсць, не адпавядаюць нормам - зусім не закрываюць твар. Ахоўны камбінезон - адзін на брыгаду, астатнім выдаюць толькі маскі. Прычым кіроўцам наогул не выдаюць ніякіх сродкаў абароны. Калегі карыстаюцца сваімі маскамі. З панядзелка абяцалі выдаць па дзве шматразовыя маскі, каб іх дома мылі і насілі», - кажа Аляксей аб выездах да людзей з падазрэннем на каранавірус. А на простыя выклікі да людзей з тэмпературай, з ягоных слоў, выдаюць 2-3 маскі на змену.

Гэта так ці інакш закране кожную сям'ю

«Ніхто з нас: ні медыкі, ні кіроўцы - не адчувае сябе ў бяспецы. Наадварот, мы разумеем, што знаходзімся ў першай хвалі пацярпелых. Але нічога з гэтым зрабіць немагчыма. Некаторыя кіроўцы і медыкі адмаўляюцца ад выездаў на выклікі з падазрэннем на каранавірус, шмат кіроўцаў проста закрываюць змену нібыта на рамонт аўтамабіля». «Часта сталі выклікаць з надуманых прычын, напрыклад: «казыча ў горле, а раптам гэта каранавірус, зрабіце мне тэст!». Яны так кажуць, быццам у нас лабараторыя на колах», - абураецца Аляксей.

На думку работніка хуткай дапамогі, каранавірус ёсць і будзе. Сённяшнія захады патрэбныя толькі для таго, каб размазаць пік хворых: «Не думайце, што вас гэта не датычыцца, гэта так ці інакш закране кожную сям'ю. Беражыце сябе і асабліва сваіх бацькоў, яны больш за ўсіх - у стане рызыкі, па магчымасці абароніце іх нават ад сябе, ніколі не думайце, што вы здаровыя і не пераносчык».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках