4 чэрвеня 2020, Чацвер, 7:03
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Людзей масава звозяць у бальніцы: новая інфармацыя пра каранавірус з рэгіёнаў Беларусі

71
Людзей масава звозяць у бальніцы: новая інфармацыя пра каранавірус з рэгіёнаў Беларусі

Звесткі, якія пацвердзіліся з розных крыніц.

Тэлеграм-канал «Баста» апублікаваў новую інфармацыю пра каранавірус з рэгіёнаў Беларусі. Пакуль публікуецца толькі тое, што журналісты змаглі пацвердзіць з розных крыніц.

Брэст. Некалькі паведамленняў пра тое, што ўначы масава прывозілі людзей у абласную бальніцу.

«Запаўняюць абласную. Прывозілі сёння ўначы з Берасця, Століна, Жабінкі. Звычайных хворых раней яшчэ раскідалі па іншых лякарнях і ў Кобрын», - піша жыхар горада.

«У абласную бальніцу масава паступаюць людзі з пнеўманіяй, усяму медперсаналу загадана маўчаць, нічога не агучваць нідзе і нікому», - паведамляе чытач з Берасця.

Смаргонь. Цэнтральную раённую бальніцу рыхтуюць да прыёму пацыентаў.

«Вызвалілі два вялікія корпусы пад зараджаных каранавірусам (хірургічнае і дзіцячае аддзяленні)», - паведамляе чытач.

Ждановічы. Некалькі паведамленняў пра асяродак у санаторыі «Пралеска».

«Мы з жонкай з'ехалі за горад на лецішча ў самаізаляцыю. Сёння а 20.30 патэлефанаваў бацьку і даведаўся, што ён у карантыне. У санаторыі «Пралеска» ў Ждановічах, дзе ён працуе, памёр супрацоўнік ад каранавіруса», - піша чытач «Баста».

«Санаторый «Пралеска». Бацька на карантыне, сёння ўзялі мазок, сказалі чакаць 4 дні», - яшчэ адно паведамленне.

«Ад каранавіруса памёр электрык, які працаваў у санаторыі «Пралеска». Ёсць яшчэ заражаныя. Санаторый цяпер на карантыне. Чалавек пяць, як мінімум, забралі «хуткія», - піша сведка.

Магілёў. Жыхароў горада з падазрэннем на Covid-19 звозяць у тры бальніцы.

«Забіраюць людзей з горада і раёна, вязуць у тубдыспансер, «інфекцыёнку» на Бярозаўскай, шпіталь ветэранаў», - піша чытач з абласнога Магілёва.

«Уначы прывезлі некалькі пнеўманій», - паведамляе крыніца, якая працуе ў Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы.

Маладзечна. Цэнтральную раённую бальніцу рыхтуюць да прыёму пацыентаў.

«ЦРБ рыхтуюць на прыём каранавіруса. Вызваляюць паверхі цэнтральнага корпуса. Пацыентаў або выпісваюць ці пераводзяць у іншыя аддзяленні», - піша жыхар Маладзечна.

Сцягвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі.