7 траўня 2024, aўторак, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Спадары чыноўнікі, гэтым разам усё сур'ёзна, адмахнуцца не атрымаецца»

30
«Спадары чыноўнікі, гэтым разам усё сур'ёзна, адмахнуцца не атрымаецца»

Бізнэс-саюз рэзка пракаментаваў учорашнюю сустрэчу з міністрам эканомікі Беларусі.

Старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец рэзка пракаментаваў учорашнюю сустрэчу міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова з кіраўнікамі вядучых бізнэс-саюзаў: «Мы ўскладалі на гэтую сустрэчу вялікія надзеі». Але надзеі не апраўдаліся, піша «Онлайнер».

- Была ўпэўненасць, што праясніцца лёс падрыхтаваных саюзамі і асацыяцыямі і нібыта падтрыманых урадам прапаноў у комплекс антыкрызісных захадаў. Бо далей маўчаць ужо проста непрыстойна.

Аднак надзеі не спраўдзіліся. Не атрыманы адказ на аніводнае пытанне. Але пасля ўступнай прамовы Аляксандра Чарвякова з'явілася шмат новых...

«Вы найбольш блізка размешчаныя да праблемных пытанняў, якія патрабуюць развязання, збіраеце неабходную інфармацыю. Натуральна, Міністэрства эканомікі, якое адказвае за працу і развіццё бізнэсу, заўсёды гатовае разглядаць вашы прапановы, якія не пагаршаюць працу людзей, занятых у гэтай сферы дзейнасці. Хацелася б сёння пачуць, што адбываецца, якая ёсць найбольш сур'ёзная праблематыка, якую мы гатовыя далей абмяркоўваць і выпрацоўваць прапановы», - сказаў ён.

Што адбываецца? Выпрацоўваць прапановы? Мы зноў на старце?

Бізнэс, які напружана чакае дзеянняў ад урада, учора абрынуў шквал званкоў на кіраўнікоў бізнэс-саюзаў і асацыяцый: «Якія вынікі сустрэчы?»

А што нам сказаць, калі выявілася, што «мэтай сустрэчы стаў абмен думкамі з нагоды становішча спраў у эканоміцы з пункту гледжання прыватнага бізнэсу» (так сказана на сайце Мінэканомікі).

Усе цывілізаваныя краіны даўно агучылі і рэалізуюць розныя ў маштабнасці, зыходзячы са сваіх магчымасцяў, захады для падтрымкі эканомікі ў гэты няпросты для ўсяго свету перыяд. А Беларусь усё чагосьці чакае - можа, само рассеецца...

Рассеецца каранавірус, бо беларусы несмяротныя, яны не маюць патрэбу і ў дзесятай долі тых захадаў, якія прымаюцца ў іншых краінах. Рассеецца крызіс, калі пра яго не думаць. А што такога? Вымрэ малы і сярэдні бізнэс - дык народзіцца новы, не бяда.

Застанецца без працы велізарная колькасць людзей - дык барацьбу з дармаедамі ніхто не касаваў. А свой распешчаны дзяржсектар у бядзе не пакінем, не.

Спадары чыноўнікі, гэтым разам усё сур'ёзна, адмахнуцца не атрымаецца. І само не рассеецца. Мы заўсёды былі вашымі надзейнымі партнёрамі, мы заўсёды падстаўлялі плячо. І цяпер таксама гатовыя.

Мы з вялікай павагай ставімся да нашых калегаў з Мінэканомікі, да той працы, якую яны праводзяць, якую мы праводзім разам. У нас сапраўды склаліся нядрэнныя партнёрскія і даверлівыя стасункі. І мяркуем, што ў гэтай сітуацыі яны павінны больш актыўна праводзіць работу для падтрымкі бізнэсу і быць прынцыповыя ў абароне сваёй пазіцыі ва ўрадзе.

Мы ўсё ж чакаем падтрымкі ад Савета развіцця прадпрымальніцтва, які дагэтуль нават не агучыў сваю пазіцыю. Выглядае так, што, выключыўшы бізнэс-саюзы са складу Савета, яны выключылі і праблемы бізнэсу са сваёй павесткі. Спадзяемся, што гэта не так.

Мы дагэтуль не ведаем зместу і лёсу распрацаванага ўрадам (і анансаванага прэм'ер-міністрам публічна) дакумента для падтрымкі эканомікі. Дзе ён? Калі будзе прыняты? Што ў сабе змяшчае?

І калі ўжо дагэтуль не ўжытыя захады для падтрымкі бізнэсу, мы патрабуем «абнуліцца» (як модна цяпер казаць) і скасаваць прынятую без уліку меркавання бізнэс-супольнасці пастанову Савета Міністраў РБ №184.

Мы таксама ўважаем за надта небяспечны крок, які канчаткова падрывае давер бізнэсу да ўлады, прыняцце Указа прэзідэнта «Аб дадатковых захадах у навядзенні парадку на спажывецкім рынку» без кансультацый з бізнэс-супольнасцю.

Мы яшчэ раз заклікаем нашых калегаў не прымаць нарматыўных прававых актаў у парушэнне рэгламентаў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь без дэталёвага абмеркавання на пасяджэннях ДКС.

Давайце спынім дэманстрацыю дыялогу бізнэсу і ўлады дзеля самога дыялогу і без вынікаў. Давайце дзейнічаць, калегі, і як мага хутчэй, - падсумаваў Аляксандр Швец.

На сайце Мінэканомікі пасля ўчорашняй сустрэчы сказана так:

«Міністр растлумачыў, што цяпер Мінэканомікі ў рамках даручэння першага віцэ-прэм'ера праводзіць маніторынг сітуацыі ў эканоміцы ў трох кірунках: з боку прыватнага бізнэсу, рэгіёнаў і галіновых міністэрстваў».

Таксама міністр анансаваў правядзенне 10 красавіка сустрэч з прадстаўнікамі міністэрстваў, якія адказваюць за сферу паслуг, з тым, каб яны таксама далажылі сітуацыю ў падкантрольных кірунках. «За суботу мы акумулюем усе прапановы галіновых структур, рэгіёнаў, бізнэсу ў выглядзе спецыяльнай запіскі паводле вынікаў маніторынгу, і ў панядзелак яна будзе пададзеная прэм'ер-міністру», - растлумачыў алгарытм працы Аляксандр Чарвякоў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках