3 траўня 2024, Пятніца, 1:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекар: Брамы для пранікнення каранавірусу расчыненыя насцеж

114
Лекар: Брамы для пранікнення каранавірусу расчыненыя насцеж
Александр Лобан
Фото: harodniaspring.org

Зварот беларускага лекара ў сувязі з пандэміяй.

Зварот доктара Аляксандра Лобана ў сувязі з пандэміяй каронавіруса апублікаваў сайт harodniaspring.org:

У той час як пандэмія каранавірусу ахоплівае ўсю Еўропу, калі ўсе нашы суседзі зачынілі свае межы і прымаюць беспрэцэдэнтныя карантынныя захады, беларускія ўлады не праводзяць адэкватных дзеянняў для абароны краіны ад смяротна небяспечнага вірусу. Таму я мяркую сваім абавязкам грамадзяніна і лекара звярнуцца і да звычайных беларусаў, і да людзей з найвышэйшых структураў улады.

Мяне клічуць Аляксандр Лобан, я лекар, доўгі час жыў і працаваў у Нідэрландах. Я добра ведаю сітуацыю там і магу яе параўноўваць з тым, што адбываецца ў Беларусі.

У аўторак 17 сакавіка я прыляцеў з Нідэрландаў у Менск. Я быў шакаваны практычнай адсутнасцю кантролю ў Нацыянальным аэрапорце. Ніхто не вымяраў у мяне тэмпературу, ніхто не спытаў мяне пра здароўе і магчымыя скаргі, я не запаўняў ніякіх анкетаў, увогуле нічога. Бяры чамадан і выходзь з аэрапорта! Брама для пранікнення каранавірусу расчыненая насцеж.

Я думаю, што мае калегі-лекары добра ўсведамляюць небяспеку такой «адкрытасці краіны» ў сённяшніх умовах. Але ў нас жа ёсць самы галоўны «эксперт» ва ўсіх галінах, ад «піцерскага перыяду» жыцця Францішка Скарыны да калгасных кароваў. Ён жа і «найвялікшы эксперт» у вірусалогіі і эпідэміялогіі, у лекаванні каранавірусу трактарам, полем, гарэлкай і лазняй. Гэта было б смешна, калі б не было так смяротна небяспечна. Найнебяспечнейшы вірус стаіць ля нашых дзвярэй. У суседняй Еўропе больш за 100 тысячаў хворых і тысячы смерцяў. Рост захворвання крута ідзе ўгору. Усе суседзі зачынілі свае межы для замежнікаў. І толькі Беларусь па-ранейшаму ўпускае на сваю тэрыторыю ўсіх і адусюль. Я не хачу, каб смяротна небяспечны вірус забіваў мой народ тут, у нашым доме, праз упартасць і абмежаванасць беларускага кіраўніка і баязлівасць ягонага атачэння. Так, менавіта баязлівасць. Я ўпэўнены, што разуменне небяспекі эпідэміі ў Міністэрстве аховы здароўя і ўрадзе ёсць, але боязь найвышэйшага гневу, боязь страціць цёплае крэсла мацнейшыя за сумленне, а для некаторых і мацнейшыя за медычны абавязак.

Я звяртаюся да міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Уладзімір Сцяпанавіч! Мы з вамі сканчалі адзін медінстытут у Гародні. Я крыху раней, але ў прынцыпе ў нас былі адны і тыя настаўнікі. Я ўпэўнены, што вы разумееце ўсю небяспеку сітуацыі. Знайдзіце ў сабе смеласць заявіць пра неабходнасць увядзення абмежаванняў на ўезд неграмадзянаў Беларусі, а таксама пра неабходнасць хоць бы некаторых карантынных захадаў унутры краіны. Гэта трэба зрабіць неадкладна! Праз некалькі дзён можа быць позна!

Я звяртаюся да спецыялістаў – эпідэміёлагаў, інфекцыяністаў, вірусолагаў. Ваш абавязак – абараніць краіну і людзей. Кажыце адкрыта і сумленна пра сваю пазіцыю. Мне хацелася б верыць, што ў Беларусі знойдуцца лекары, якія знойдуць у сабе смеласць запатрабаваць закрыцця межаў і больш актыўных прафілактычных захадаў у краіне.

Беларусь стала ўжо і экспарцёркай інфекцыі. Казахстанская санітарная служба выявіла двух інфіцыраваных пасажыраў на борце самалёта з Менска. І хоць гэтыя людзі быццам бы не беларускія грамадзяне, якая розніца – яны ж знаходзіліся ў Беларусі, а значыць маглі інфікаваць дзясяткі і сотні людзей.

На сёння нават у Кітаі зарэгістраваныя больш за 30 выпадкаў каранавірусу, прывезенага з Еўропы. Гэта значыць кітайцы заразіліся ў Еўропе і прывезлі вірус назад у Кітай. А Беларусь тут, побач з Еўрапейскім звязам, у значна большай небяспецы. Гэта шчасце для Беларусі, што ўсе суседзі зачынілі свае межы і такім чынам у значнай ступені знізілі міграцыю і завоз вірусу да нас.

Адсутнасць свабоды слова, свабоды выказвання свайго меркавання прыводзіць да катастрофаў. Не ўсе ведаюць, што пандэміі каранавірусу магло б не быць, калі б у Кітаі была б гэтая самая свабода слова. Яшчэ да развіцця эпідэміі кітайскі лекар Лі Вэньлян (дарэчы, мой калега-афтальмолаг) папярэджваў пра небяспеку новага вірусу. У канцы снежня 2019 года ён звярнуў увагу на тое, што ў лякарні ва Ухані сем чалавек былі змешчаныя ў карантын з сімптомамі, якія былі падобныя на атыповую пнеўманію. Ён паведаміў пра гэта ў сацыяльнай сетцы. Неўзабаве кітайскія спецслужбы выклікалі лекара і забаранілі яму распаўсюджваць інфармацыю, назваўшы яе лжывай. Вось так. А калі б свабода слова ў Кітаі не прыціскалася, можа, і не было б гэтай сусветнай цяпер катастрофы.

Доктар Лі Вэньлян заразіўся сам і памёр у лютым 2020 ва ўзросце 34 гадоў ад каранавіруснай пнеўманіі. Светлая яму памяць.

Са мной у самалёце з Амстэрдама ляцела вельмі шмат расейцаў. Яны вярталіся дадому праз Амстэрдам і Беларусь з многіх еўрапейскіх краінаў. З аэрапорта яны выйшлі без усялякага эпідэмічнага кантролю, і што яны прывезлі ў сабе, нікому не вядома. Дабіраліся дадому ў Расею яны, вядома, звычайнымі цягнікамі і аўтобусамі, разам з іншымі людзьмі. Дай Бог, каб сярод іх не было інфіцыраваных каранавірусам. А колькі такіх бескантрольных людзей прылятае кожны дзень у Беларусь!

На нарадзе 19 сакавіка Лукашэнка назваў несусветным глупствам пастанову нашых суседзяў закрыць межы. Я раю Лукашэнку падыходзіць да люстэрка, калі ён прамаўляе словы пра «несусветнае глупства». Усе дурні – краіны Еўразвязу, Расея, Украіна. «Самы разумны» сядзіць у Менску, гэта ўсім вядома...

Упартасць беларускага кіраўніка, непрыманне захадаў у абмежаванні перамяшчэння замежных грамадзянаў праз беларускую мяжу – гэта злачынная бяздзейнасць. Такая бяздзейнасць можа павярнуцца катастрофай для нас усіх.

Мы, людзі маладога, сярэдняга і нават перадпенсійнага веку ў большасці сваёй перажывем захворванне на каранавірус. А вось нашы родныя пажылыя мамы, бацькі, бабулі, дзядулі маюць вялікі шанец памерці. Я заклікаю вас, людзі, падумаць пра гэта і не маўчаць.

Калі выбухне эпідэмія, Лукашэнка знойдзе, куды ўцячы ад вірусу. Ён і ягоныя шматлікія дзеці і ўнукі схаваюцца ў загарадных рэзідэнцыях. Іх, рэзідэнцый, хопіць на ўсю радню. І ездзіць ён будзе ў «Майбаху». А куды дзенемся мы з нашых шматпавярховак і грамадскага транспарту?

У канцы свайго звароту я хачу сказаць некалькі словаў людзям з беларускіх спецслужбаў. Падумайце, што ў вас таксама ёсць пажылыя бацькі, і гэтым выступам я спрабую абараніць і іх жыцці.

Мне глыбока запаў у сэрца аповед італьянскага лекара, які апісаў, як паміраюць старыя з каранавіруснай пнеўманіяй. Яны сыходзяць у свядомасці, разумеюць, што паміраюць, але не могуць больш дыхаць, як быццам тонуць. І самае страшнае для іх – што яны перад смерцю не могуць развітацца са сваімі блізкімі, з дзецьмі і ўнукамі...

Людзі! Я заклікаю вас да салідарнасці і смеласці ў гэтую цяжкую гадзіну. Не маўчыце! Актыўна выказвайце сваю пазіцыю ў сацсетках, на YouTube, усюды, дзе зможаце. Патрабуйце ад улады дзейсных захадаў, і ў першую чаргу закрыцця межаў Беларусі ад завозу вірусу звонку. Многае цяпер залежыць ад нас. Гэта – пытанне жыцця і смерці нашых родных блізкіх людзей.

Напісаць каментар 114

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках