Як улады Гомеля наважыліся пераплюнуць «залатыя» прыбіральні
8- 25.02.2020, 16:04
- 35,991
Кошт пытання - $656 тысяч.
У горадзе збіраюцца добраўпарадкаваць плошчу Леніна і ўсталяваць флагшток. Кошт пытання - $656 тысяч. Крыніца фінансавання - дзяржаўны бюджэт, піша «Салiдарнасць».
Інфармацыя пра тэндэр апублікаваная на сайце дзяржзакупаў.
«Пасля прыбіральні за $750 тысяч гомельскія ўлады будуюць флагшток за $660 тысяч. За бюджэтныя. Сёння tut.by апублікаваў інфаграфіку, з якой вынікае, што Гомельская вобласць - самая датацыйная, - адрэагаваў заснавальнік сайта «Сильные новости» Пётр Кузняцоў. - Хоць, па-мойму, гэта пытанне ўжо да Лукашэнкі. Мясцовае начальства прызначае ён.
І рэспубліканскі бюджэт з усімі датацыямі рэгіёнам зацвярджаецца на нацыянальным узроўні. І калі ў Гомелі замест дзіцячых садкоў, лякарняў і дарог лепяць сарціры і жалезныя палкі пад сцягі, то, з улікам рэалій, гэта пытанне да эфектыўнасці сістэмы цалкам, а не да асобных начальнікаў. Хоць і да іх, безумоўна, таксама».
Да сярэдзіны дня 25 лютага больш за тысячу чалавек падпісаліся супраць будаўніцтва новага флагштока ў цэнтры Гомеля на сайце petitions.by. На думку аўтараў петыцыі, узвядзенне гэтага флагштока ў год прэзідэнцкіх выбараў ніякім чынам не ўмацуе аўтарытэт улады і давер да яе, а выкліча зваротны эфект.
Яны тлумачаць, чаму ўважаюць праект за памылковы і шкодны:
- Улады не правялі аб пытанні мэтазгоднасці размяшчэння новага флагштока ніякіх грамадскіх слуханняў або прэзентацый праекта. Першы тэндэр у пошуку падраднай арганізацыі быў скасаваны і інфармацыі аб тым, што флагшток усё ж з'явіцца, нідзе не было аж да таго моманту, калі на месцы ўжо з'явілася будаўнічая тэхніка.
Наша пільнасць прытупілася і артыкуламі ў дзяржаўных СМІ пра тое, што перад Галоўпаштамтам праводзяць толькі рамонт цеплатрасы. У выніку нас проста паставілі перад фактам і паскоранымі тэмпамі пачалі свідравальныя працы спецтэхнікай.
Аўтары петыцыі ўважаюць за неабгрунтаваныя марнаванні на ўзвядзенне флагштока ва ўмовах крызісу.
- Мы мяркуем, што ў Гомелі існуе вялікая колькасць сапраўды неабходных інфраструктурных і сацыяльных аб'ектаў (недабудаваныя школы, лякарні, транспартныя магістралі, рамонт вуліц і іншыя праблемы), якія сапраўды маюць патрэбу ў фінансаванні.
Акрамя таго, актывісты мяркуюць, што ў дзеяннях уладаў прысутнічаюць прыкметы парушэння заканадаўства аб ахоўных зонах гісторыка-культурнай каштоўнасці «Палацава-паркавы ансамбль у горадзе Гомелі».
Петыцыя з просьбай спыніць будаўнічыя працы і адмовіцца ад добраўпарадкавання плошчы з ўзвядзеннем флагштока будзе накіраваная ў Гомельскі гарвыканкам.