28 красавiка 2024, Нядзеля, 9:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мясніковіч сустрэўся з дачкой Назарбаева

10
Мясніковіч сустрэўся з дачкой Назарбаева
ФОТА: SENATE.PARLAM.KZ

Яны абмеркавалі бар'еры ў рамках функцыянавання ўнутранага рынку ЕАЭС.

Былы прэм'ер-міністр Беларусі і старшыня рады рэспублікі, а цяпер кіраўнік Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Міхаіл Мясніковіч правёў перамовы з кіраўніцай сената парламента Казахстана Дарыгай Назарбаевай. Цэнтральнай тэмай сустрэчы сталі складанасці, з якімі сутыкаецца бізнэс пры вядзенні гандлю з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), паведамляе tut.by.

Спікерка Верхняй палаты адзначыла, што неабходна планамерна рухацца для ліквідацыі бар'ераў у рамках функцыянавання ўнутранага рынку ЕАЭС.

- Нягледзячы на работу, якая праводзіцца, перашкоды і бар'еры не змяншаюцца, а наадварот, павялічваюцца. На сёння рэестр узгодненых перашкод змяшчае 66 пазіцый. У свой час гэты рэестр пачыналі з 60. Замест таго каб знізіць гэты паказчык, мы з кожным годам яго павялічваем, ствараючы ўсё новыя і новыя бар'еры альбо зацягваючы іх ухіленне, - сказала Назарбаева, словы якой размешчаныя на сайце сената парламента Казахстана.

Дачка першага прэзідэнта Казахстана сярод асноўных складанасцяў, з якімі даводзіцца сутыкацца мясцоваму бізнэсу, адзначыла перашкоды ў доступе казахстанскай прадукцыі на рынак Расеі, забароны ці абмежаванні транзіту шэрагу тавараў казахстанскай вытворчасці, невыкананне прынцыпу электроннага дэкларавання, «закамуфляваныя» пад тэхнічнае рэгуляванне бар'еры, калі да ўвозу пэўных груп тавараў прымяняюцца розныя патрабаванні.

Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на тое, што блізу 25 пагадненняў і дамоў, якія падпісаны ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, дагэтуль не ратыфікаваныя. Таксама ён адзначыў, што для развязання эканамічных спрэчак трэба, каб у ЕЭК было права звяртацца ў суд для прыняцця адпаведных пастаноў і неабходнае стварэнне арбітражу ЕЭК.

Назарбаева падтрымала гэтую ініцыятыву, адзначыўшы, што працэдура прыняцця пастаноў цяпер вельмі забюракратызаваная і расцягнутая ў часе.

Акрамя таго, яна ўказала на існыя праблемы з перасячэннем казахстанскімі кіроўцамі велікагрузаў беларуска-расейскай мяжы.

- Гэта звязана з адсутнасцю на гэтай мяжы міжнароднага пункта пропуску, што абумоўлена дзеяннем «саюзнай дзяржавы», але перасякаць мяжу могуць толькі грамадзяне Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. На сёння пропуск казахстанскіх кіроўцаў часова дазволены, аднак фармальна не ўрэгуляваны, - адзначыла Дарыга Назарбаева.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках