26 красавiка 2024, Пятніца, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як далей будзе паводзіць сябе даляр у Беларусі

10
Як далей будзе паводзіць сябе даляр у Беларусі

Ці адаб'ецца яго рост на коштах у крамах?

На таргах 21 лютага курс даляра перавысіў чатырохгадовы максімум - вырас да 2,212 рубля. Нагадаем, у лютым 2016 года быў зафіксаваны максімум курсу амерыканскай валюты на ўзроўні 2,2069 рубля. Tut.by даведаўся, як далей будзе паводзіць сябе даляр і ці адаб'ецца яго рост на коштах у крамах.

Старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іёсуб кажа, што часам дэвальвацыяй называюць зніжэнне кожнай нацыянальнай валюты да замежнай. Але ён прыхільнік таго, каб дэвальвацыяй называць імклівае штучнае зніжэнне нацыянальнай валюты пры адміністрацыйным курсаўтварэнні. То бок, калі спачатку штучна стрымліваюць курс нацыянальнай валюты, марнуюць на гэта золатавалютныя рэзервы, а потым жаданне або магчымасць стрымліваць знікае, рэзервы заканчваюцца і адбываецца значны аднамомантавы скачок курсу, часам на дзясяткі адсоткаў.

- Зніжэнне зніжэнню розніца. Дэвальвацыя - гэта тое, што мы як мінімум 2 разы назіралі ў 2011 годзе. Гэта тое, што ў нас адбывалася на рубяжы 2014-2015 гадоў, - тлумачыць аналітык. - З 2015 года мы перайшлі на зменлівы курс, Нацбанк штучна курс не стрымлівае, толькі спрабуе згладжваць моцныя разавыя ваганні. Таму ўсё, што адбывалася пасля гэтага, я не схільны называць дэвальвацыяй. Гэта проста зменлівы курс. Гэта азначае, што курсы замежных валют могуць мяняцца - як расці, так і падаць.

- У тым, што даляр у Беларусі на гістарычным максімуме, фактычна, няма ўнікальнай беларускай гісторыі. Цяпер амерыканская валюта значна падымаецца ва ўсім свеце. Вельмі моцна даляр расце да японскай ены, актыўна да даляра падае еўра. Ён на ўзроўні вясны 2017 года. Сам індэкс даляра, які ацэньваецца да кошыка валют, на максімуме, зноў жа з вясны 2017 года, - мяркуе эканаміст.

Вадзім Іёсуб кажа, падзенне курсу рубля будзе адбівацца на інфляцыі, але не на столькі ж, на колькі падаражэў даляр.

- Дзесьці ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя практычна ўвесь спажывецкі рынак Беларусі, ад базараў і да тавараў у крамах, фактычна, трымаўся на імпарце. Тады былі часы, што як толькі мяняўся курс даляра, адразу ж мяняліся і кошты. Вырас даляр на 5%, на столькі ж павялічыліся і кошты, - распавядае экспэрт. - Цяпер залежнасць коштаў ад курса значна меншая. Некалькі гадоў таму Нацыянальным банкам было праведзенае даследаванне, у якім гаварылася пра каэфіцыент пераносу дэвальвацыі на інфляцыю. Дык вось тады ён быў блізу 0,2. Гэта сведчыць аб тым, што рост курсу замежнай валюты на 1% прыводзіў да росту коштаў унутры краіны прыблізна на 0,2%.

Аналітык тлумачыць гэта тым, што, па-першае, у нас далёка не ўсе тавары імпартныя. Па-другое, нават імпартныя тавары на высокаканкурэнтных рынках не могуць моцна падаражэць.

- Да прыкладу, імпартная гарбата, кава, шакалад маглі б падаражэць на 5%. Але тут прадаўцы б улічылі платаздольнасць насельніцтва, - тлумачыць Вадзім Іёсуб. - Кошты можна падняць прапарцыйна курсу, але даходы насельніцтва з пачатку года не выраслі, а калі параўноўваць са снежнем мінулага года, то і ўпалі. Падымеш кошты ўслед за курсам, у цябе набываць менш стануць. Таму кошты нават чыста імпартных тавараў наўрад ці будуць расці прапарцыйна змене курсу рубля, проста таму што тады прадаўцы ўпруцца ў платаздольны попыт насельніцтва.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках