Чым сёння жыве беларуская вёска
21- 19.02.2020, 19:23
- 30,631
Няма бальніцы, пошты, бібліятэкі і працы.
У вёсцы Амговічы 400 жылых двароў. Раней тут была выдатная інфраструктура: свой сельсавет, пошта, бібліятэка, камбінат бытавога абслугоўвання, бальніца. Цяпер большасць сацыяльна значных аб'ектаў закрыта, піша «Белсат».
Яўгенія Капітонава прапрацавала ў мясцовым калгасе 40 гадоў. Ферму раптоўна закрылі ў 2019 годзе, да гэтага часу на тэрыторыі можна пабачыць падрыхтаванае на зіму сена.
«Да закрыцця тут утрымлівалася 120 кароў у кароўніку і каля 300 – у цялятніках. Цялятнікі – добрыя, крэпкія будынкі. Людзі працавалі, – распавядае спадарыня Яўгенія. – Цялят вывезлі на іншыя ўчасткі. А людзі засталіся без працы».
Людміла Вішнеўская паскардзілася, што ў іхнай вёсцы няма аніякай працы. Жанчына ва ўсім вінаваціць кіраўніцтва, маўляў, гэта яно губіць вёску.
«Трэба 24 км ехаць у Слуцк або 14 км у вёску Вясея, каб адшукаць хоць нейкую працу», – кажа спадарыня Людміла.
Наракае яна і на медычнае абслугоўванне ў Амговічах. Раней тут была амбулаторыя, але яе рэарганізавалі ў фельчарскі пункт – доктар прымае адзін раз на тыдзень.
Мясцовая крама пакуль працуе, але ёсць пагроза закрыцця.
«Людзі прыходзяць, адзінае – няма плацежаздольнасці ў людзей. Няма грошай», – кажа прадавачка Алена Баразенка.
Перасоўнае паштовае аддзяленне прыязджае ў вёску штодня, але людзі не задаволеныя такімі паслугамі. На абслугоўванні перасоўнае пошты – 24 вёскі.
«Можа і камп’ютар завіснуць. Прастаіш гадзіну або паўтары і пойдзеш дахаты ні з чым», – распавяла нам Ірына Пенясь.
Карэспандэнт «Маю права» патэлефанаваў старшыні Сорагскага сельскага выканаўчага камітэту, каб даведацца: чаму ў Амговічах зачыненыя практычна ўсе сацыяльна важныя абʼекты? Чыноўнік вялікай праблемы ў гэтым не бачыць.
«Што значыць «закрываюць усё»? Ну як вось закрываюць? Пошту закрылі, і што, ніякіх газетаў не возяць, нічога не возяць? Перасоўная ж пошта ёсць. Усе, хто выпісвае нешта, усе ўсё атрымліваюць. Я думаю, што ніякіх праблем няма», – кажа старшыня Соргаскага выканкаму Адам Жэнжэўскі.