25 красавiка 2024, Чацвер, 8:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Сёлета курс рубля можа ўпасці на 15%

5
Эканаміст: Сёлета курс рубля можа ўпасці на 15%

Студзень прадэманстраваў вялікую залежнасць беларускай эканомікі ад нафтавага сектара.

Пра гэта эканаміст Дзмітрый Крук распавёў у размове з журналістам «Радыё Свабода» Віталём Цыганковым.

- Апошнія тыдні беларусы са страхам назіраюць, як амаль кожны дзень расце курс даляра ў дачыненні да беларускага рубля. Людзі, якія звыклі да пэўнай стабільнасці нацыянальнай валюты, захваляваліся. Тым больш, што падзенне рубля наклалася на інфармацыю аб энэргетычных разыходжаннях Менска з Масквой, пра падзенне ВУП у студзені, падзенне кошту нафты на сусветным рынку - ёсць падставы хвалявацца. Зніжэнне курсу рубля - ці гэта часовая з'ява, ці стратэгічны трэнд?

- Адназначна адказаць на гэтае пытанне нельга - да таго часу, пакуль не развязаныя ўсе пытанні з расейскай нафтай. Пакуль мы не можам бачыць, у якой ступені паўплывала зніжэнне валютных паступленняў ад нафтапрадуктаў на валютны рынак, але інтуітыўна магу сказаць, што гэта не менш за палову гэтага трэнду. Другая частка - гэта рост даляра на сусветным рынку, у тым ліку ў дачыненні да расейскага рубля.

Таму, калі ў нафтавым пытанні запануюць дрэнныя сцэнары, то трэнд на зніжэнне курсу рубля захаваецца. Пытанне ў тым, да якой ступені можа абясцэньвацца рубель. Пры найгоршым сцэнары, калі мы істотна адмовімся ад расейскай нафты, падзенне курсу рубля можа скласці 15 адсоткаў.

- Гэта за які час - 15 адсоткаў?

- Дзесьці цягам года, але, магчыма, і хутчэй. Але гэта не будзе за адзін раз, як у 2011 годзе. Падушка бяспекі, створаная Нацбанкам, даволі істотная, і зрабіць гэтую дэвальвацыю паступовай цалкам магчыма.

- А ці паўплываюць на курс рубля міжнародныя тэндэнцыі? Кошт нафты падае, каранавірус таксама можа паўплываць на сусветную эканоміку. А калі падае кошт нафты, заўсёды падае і курс расейскага рубля, ад якога залежыць беларускі рубель. Калі нафта апусціцца да 50 даляраў за барэль, гэта ж не можа не паўплываць на Расею і Беларусь?

- Так, расейскі рубель захоўвае пэўную сувязь з нафтай, але апошнія год-два гэтая сувязь істотна аслабла. Расейскія ўлады здолелі гэтую залежнасць знізіць. Таму падзенне кошту нафты, вядома, адаб'ецца на курсе расейскага рубля, але не ў прапорцыі адзін да аднаго.

Але беларускі рубель можа абясцэньвацца ў дачыненні да расейскага ў выніку ўласных прычын, унутраных прычын. Гэта тычыцца непасрэдна «нафтавага пытання».

Заўважу, аднак, што прагноз падзення кошту нафты да 50 даляраў вельмі малаверагодны. Базавы прагноз, з якога зыходзяць міжнародныя арганізацыі, - што ў 2020 годзе стан сусветнай эканомікі не пагоршыцца. Але на гэта можа паўплываць праблема з каранавірусам, калі ён расцягнецца на даволі доўгі час.

- Толькі што з'явілася інфармацыя, што за студзень 2020 года ВУП упаў на 1,9 адсотка. Што гэта? Асаблівасць аднаго месяца або пачатак пэўнага трэнду?

- Гэта падзенне ВУП амаль цалкам звязана менавіта з нафтавымі праблемамі. Самае небяспечнае, што студзень прадэманстраваў вялікую залежнасць беларускай эканомікі ад нафтавага сектара. Таму зніжэнне аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі выліваецца ў зніжэнне ВУП.

Гэта адна з прыярытэтных задач урада - даць адказ на пытанне, як можа далей працаваць гэты сектар. Мы спрабуем даць доўгатэрміновы адказ - мы спрабуем паменшыць залежнасць ад нізкіх коштаў на расейскую нафту. Гэты адказ станоўчы, ён мне падабаецца. Але трэба зрабіць так, каб гэты стратэгічны адказ не ператварыўся ў істотныя цяжкасці і выклікі для беларускай эканомікі ўжо сёння.

- Калі казаць пра карані гэтых нафтавых праблем - няўдалыя перамовы з Расеяй, стратэгічная змена энэргетычных дачыненняў з Масквой... Пры самым панылым варыянце - як гэта можа паўплываць на беларускі эканоміку?

- У доўгатэрміновым плане не трэба абапірацца на гэтыя сумнеўныя канкурэнтныя перавагі, звязаныя з нізкім коштам нафты. Гэта негатыўна ўплывае на беларускую эканоміку, прывязвае яе да тых сектараў і галінах, якія залежаць ад кошту нафты, і не дазваляе нарошчваць эфектыўнасць астатніх галін.

Калі мы сапраўды сыходзім ад гэтай залежнасці і прымаем новыя ўмовы гандлю з Расеяй - цалкам зразумела, што гэта негатыўна паўплывае на сённяшні стан эканомікі. І я б ставіў пытанне па-іншаму - што трэба зрабіць, каб мінімізаваць гэтыя страты ў 2020 годзе. Гэтыя страты могуць выліцца альбо ў запаволенне росту ВУП, альбо, пры горшым сцэнары, нават у падзенне ВУП.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках