25 красавiка 2024, Чацвер, 10:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка стаў непатрэбны нават свайму вузкаму колу

36
Лукашэнка стаў непатрэбны нават свайму вузкаму колу
Андрэй Саннікаў

Гэты год можа стаць вызначальным для Беларусі.

Няма ніякага суверэнітэту Беларусі, які ахоўвае Лукашэнка. Ён абараняе свой рэжым. Пра гэта заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў на Youtube-канале «Фейгін live», дзе прайшла дыскусія пад назвай «Беларусь у пастцы?».

Таксама ў ёй узялі ўдзел расейскі грамадскі дзеяч і блогер Марк Фейгін, палітолаг і публіцыст Андрэй Піянткоўскі, эканамічны экспэрт Міхаіл Круціхін.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» адзначае, што беларускі дыктатар пачаў падлабуньвацца да Расеі яшчэ ў 1996 годзе:

- Цяпер можа і з'явіліся нейкія новыя рэплікі ў крамлёўскай-лукашэнкаўскім тэатры, але ў нас, дзякуй Богу, ёсць гугл, які нічога не забывае.

У 1996 слабы Ельцын кінуўся да Лукашэнкі па дапамогу, маўляў, давай прадэманструем аб'яднанне дзвюх дзяржаў. Ён прыехаў у Берасце 22 чэрвеня, каб пераабрацца на пасаду прэзідэнта Расеі. Менавіта з гэтага часу пачынаюцца амбіцыі Лукашэнкі на крамлёўскі пасад.

Так, Пуцін іх абламаў, але гульня ж не змянілася. Лукашэнка з прыходам Пуціна пачынае заяўляць, што ніколі не здасць Беларусь Расеі: «Мы браты, мы сябруем, у нас ёсць «саюзная дамова», але паглынуць Беларусь я не дазволю».

Усё, што змянілася - трошкі павялічыўся напал. Таму, што грошай у Лукашэнкі няма наогул. Трэба падымаць напал, каб пад яго атрымаць грошы, каб пад яго атрымаць Пампэа або Лінкявічуса, ці міністра замежных спраў Швайцарыі, каб зноў згуляць у тую ж тухлую гульню з Захадам, якую потым можна прадаць Расеі.

Зразумела, што ў Крамлі ўжо не купляюцца на гэтую гульню, але вымушаныя ўлічваць грамадскі фон вакол усяго гэтага.

Андрэй Саннікаў мяркуе, што паглынанне Беларусі Расеяй для развязання Пуціным праблемы з працягам прэзідэнцкіх паўнамоцтваў не з'яўляецца адназначным і адзіным сцэнаром:

- Гэта адзін з планаў, якія існуюць у Крамлі. Ціск на Беларусь будзе і далей. Сёння найбольш удалы час для такога ціску, бо ва ўладзе ў Беларусі знаходзіцца такі ж злачынец, як і ў Маскве, таму яны могуць знайсці нейкія схемы для таго, каб дамовіцца. Але гэта не з'яўляецца адзіным планам для падаўжэння паўнамоцтваў і тэрміну кіравання Пуціна ў Крамлі. Лукашэнка і Пуцін абсалютна аднолькавыя. Яны будуць трымацца да апошняга за свае рэжымы.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» мяркуе, што маючы досвед Украіны Расея больш насцярожана ставіцца да ідэі сілавога захопу Беларусі:

- Грамадская думка ў Беларусі значна больш рэзка настроеная супраць Крамля і супраць аб'яднання з Расеяй, чым ва Украіне. У Беларусі няма Данбаса, няма ярка выяўленай Усходняй Беларусі. Многія думаюць, што мы будзем сябраваць з Расеяй, але ні ў якім разе не павінны аб'ядноўвацца. Усе апытанні грамадскай думкі, калі яны былі магчымыя, паказваюць поўнае непрыманне аб'яднання. Таму Пуцін не хоча агрэсіўна прапіхваць гэты план. Лукашэнка ж карыстаецца ўсё тым жа сцэнаром, спрабуе згуляць у пакрыўджанага дыктатара, якому не дапамагае братэрская Расея.

Я сваё меркаванне не памяняў. Лукашэнка сам пацвердзіў, што калі пачаліся выпады расейскіх СМІ на яго, ён сказаў: «Мяне Пуцін папрасіў з амерыканцамі дачыненні палепшыць. Гэта я на просьбу Пуціна ўсё раблю». Ён абсалютна сумленны, калі гаворка ідзе пра матывы сваіх паводзін, калі ўжо праходзіць момант інфармацыйнай нагоды. Лукашэнка потым з крыўдай распавядае ўсё, што ад яго патрабавалі ў Крамлі. Як сказалі беларускія і замежныя аналітыкі, Лукашэнка - гэта расейскі свет у Беларусі, самы надзейны яго аплот.

Андрэй Саннікаў не верыць у так званую зачыстку прарасейскіх сілавікоў у Беларусі:

- Няма ніякай замены ў сілавікоў, нічога там не адбываецца. Па ранейшаму Масква захоўвае свае пазіцыі ў сілавых ведамствах. Калісьці Лукашэнка для таго, каб падыграць Крамлю, мяняў ў спецслужбах усіх пакінутых патрыятычна настроеных кіраўнікоў (хоць і нягоднікаў) на прамаскоўскіх. Усё гэта засталося, асабліва ў войску. Сувязі з Масквой у гэтых ведамствах вельмі сур'ёзныя. Прысутнічае маскоўская агентура.

Таксама Лукашэнка казаў перад сустрэчай з Пуціным пра тое, «як жа вы можаце нас крыўдзіць і мне маю маржу не даваць з нафты, калі ў нас ужо вайсковая групоўка адна, калі ў нас ахова мяжы адна, калі ў нас спецслужбы працуюць зладжана, калі ў нас нават спісы невыязных ўзгодненыя». Сілавая складнік Беларусі і Расеі гарманізаваныя і каардынуюцца выдатна. Гэта мае велізарную небяспеку.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» мяркуе, што Лукашэнка не з'яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, а дзейны рэжым - вінаваты ў сітуацыі, якая склалася ў краіне.

- Мне не падабаецца тое, што адбываецца вакол Беларусі. З'яўляецца незразумелы рэдакцыйны артыкул Washington Post, у якім гаворыцца, што недзе трэба перагледзець палітыку ў дачыненні да Беларусі. Калі амерыканцы кажуць, што трэба абараніць суверэнітэт і Лукашэнку, але пры гэтым не забываць пра правы чалавека, я разумею, што пра правы чалавека яны забудуць.

Гаворачы пра так званыя будучыя выбарах у Беларусі Андрэй Саннікаў крытыкуе тых, хто кажа, што беларуская апазіцыя слабая і не мае ніякіх шанцаў:

- У 2010 годзе, калі я ўдзельнічаў у выбарах, апазіцыя знішчыла Лукашэнку ўшчэнт, гэта было відаць нават візуальна. Таму ён з’ехаў з глузду ў першы ж дзень і абрынуў на нас усе свае дубінкі, жорстка расправіўся з пратэстамі і кінуў усіх у турмы.

Сёння, у гэтым годзе, сітуацыя для Лукашэнкі значна горшая. У эканоміцы проста катастрафічная сітуацыя. Што да грамадства - там нянавісць да Лукашэнкі проста зашкальвае. Гэта ўсё эканамічна абумоўлена, бо жыццё настолькі пагоршылася, настолькі дурныя законы прымаюцца - супраць дармаедства, супраць школьнікаў ужо законы.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» думае, што гэты год можа стаць вызначальным для Беларусі:

- Нам патрэбны сёння людзі, якія разумеюць, што ў Беларусі сёння прасцей дасягнуць перамен, чым нават ва Украіне і Расеі. Нам патрэбна ў гэтым плане дапамога, бо я заўсёды меркаваў, што ключавой тэрыторыяй для ўсіх працэсаў на прасторы былога СССР з'яўляецца менавіта Беларусь. Калі паглядзець гісторыю - гэта пацвярджаецца ў многіх аспектах. Але сутнасць у тым, што ў меншай краіне прасцей дасягнуць прагрэсу пасля змены сітуацыі.

Беларусь заслугоўвае ўвагі. Сёння мы маем увагу, але не маем разумення, што рабіць.

Таксама Андрэй Саннікаў заклікаў не займацца прагнозамі будучых стасункаў паміж Крамлём і Лукашэнкам, а думаць пра тое, як сёння дамагчыся перамен у Беларусі:

- Ну, ненавідзіць Пуцін Лукашэнку, Лукашэнка ненавідзіць яго, але дзеля ўзаемных інтарэсаў дамовяцца.

У гэтым годзе будуць стварацца магчымасці ў самой Беларусі. Я магу вам абяцаць гэта, што будзе мабілізацыя грамадзянскай супольнасці, будуць пратэсты. Паўтаруся, што ўпершыню такая сітуацыя, калі ў эканоміцы вельмі цяжкае становішча. Лукашэнка сёння не з'яўляецца гарантам. Ён не дае гарантыі ні сваім злачынцам, якія нажываюцца на рэжыме, ні сілавікам, ні пенсіянерам. Ва ўсіх жыццё пагаршаецца Навошта ён ім патрэбны. І перш за ўсё, ён непатрэбны нават свайму ўнутранаму вузкаму колу. Таму будзе ўзрастаць сацыяльная напружанасць, будзе палітычная кампанія досыць прыкметная, будуць акцыі пратэсту. Я б хацеў, каб на гэта звярталі ўвагу, а то мы так і будзем хадзіць у трох хвойках. А магчымасці для змен сёння ў Беларусі існуюць.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках