26 красавiка 2024, Пятніца, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нельга быць абыякавымі, гэта можа закрануць кожнага з нас»

2
«Нельга быць абыякавымі, гэта можа закрануць кожнага з нас»
ВОЛЬГА ФІЛАТЧАНКАВА

Што вядома аб палітвязні - выкладчыцы БДУІР Вользе Філатчанкавай.

На раніцу 25 лістапада ў Беларусі 143 чалавекі прызнаныя палітычнымі вязнямі. 22 жанчыны ў Беларусі з'яўляюцца палітычнымі вязнямі. Выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вольга Філатчанкава - адна з іх. Spring96.org паразмаўляла з сынам палітзняволенай Іванам Філатчанкавым і расказвае гісторыю Вольгі.

Супрацоўнікі КДБ затрымалі яе 12 лістапада пасля ператрусу ў яе дома. Ёй выстаўленае абвінавачванне на падставе ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Другі тыдзень Вольгу трымаюць пад арыштам.

Хто такая Вольга Філатчанкава?

Вользе 41 год, яна працавала асістэнткай кафедры «Праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій» у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

У Вольгі двое дзяцей - сямігадовая дачка і 18-гадовы сын Іван. Ён вучыцца ў тым жа ўніверсітэце, дзе працуе ягоная мама, толькі на іншым факультэце - факультэце інфакамунікацый.

Як расказвае Іван, Вольга шмат чым захаплялася ў вольны ад працы час:

«Яна ўсё жыццё танчыць - гэта ў нас сямейнае. Апошнія некалькі гадоў яна вывучала нацыянальную культуру. Таксама яна цікавілася прыватнымі дзіцячымі садкамі».

«Гэта можа закрануць кожнага». Што вядома пра грамадзянскую пазіцыю Вольгі

26 кастрычніка ў Беларусі пачаўся раней анансаваны нацыянальны страйк. Яго падтрымалі многія ўстановы і работнікі Беларусі, напрыклад, студэнты і выкладчыкі. Вольга Філатчанкава, якая выкладае ў БДУІР на факультэце кампутарных сістэм і сетак, таксама ўзяла ўдзел у страйку. У гэтым універсітэце першапачаткова да страйку адкрыта падпісалася 38 выкладчыкаў.

Аб сваёй грамадзянскай пазіцыі Вольга заявіла ў супольным відэазвароце выкладчыкаў БДУІР супраць гвалту. У ім выкладчыца на беларускай мове звярнула ўвагу на палітычны пераслед студэнта 4-га курсу іх універсітэта, чальца страйкаму Змітра Мазуры, якога за ўдзел у акцыях пратэсту на падставе артыкула 23.34 КоАП агулам асудзілі на 38 дзён арышту.

«Наш студэнт Зміцер Мазура публічна выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю аб тым, што нельга быць абыякавымі і што гэта можа закрануць кожнага з нас. Вынік - 38 дзён арышту», - казала Вольга ў відэа.

Вядома таксама, што Вольга з'яўлялася незалежнай назіральніцай за выбарамі на гэтай прэзідэнцкай кампаніі. Сілавікі пры ператрусе забралі ў яе ўсё, звязанае з гэтым, дакументы і запісы.

Сын выкладчыцы Іван не можа дакладна сказаць, чаму яна наважыла назіраць на гэтай прэзідэнцкай кампаніі.

«Напэўна, бо сітуацыя ўжо зусім абуральная. Усё ж улада павінна змяняцца», - сказаў лаканічна Іван.

Вольга, як і шмат хто ў нашай краіне, выступала супраць гвалту пасля жнівеньскіх падзей. Яна падпісалася пад зваротам беларускіх навукоўцаў ад 13 жніўня да ўладаў з патрабаваннем неадкладна спыніць усякі гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і вызваліць усіх затрыманых дэманстрантаў і палітвязняў. Зварот падтрымалі больш за дзве тысячы навукоўцаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь.

«Яшчэ пару хвілін - і яны б пачалі ламаць дзверы»

Вольга Філатчанкава была затрыманая супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі 12 лістапада пасля ператрусу ў яе дома. Іван распавёў, як у іх дома праходзіў ператрус:

«Праводзілі ператрус трое невядомых аператыўнікаў і адзін старшы лейтэнант КДБ. У кватэру мы іх пусцілі самі, бо яшчэ пару хвілін - і яны б пачалі ламаць дзверы. Яны ўжо выклікалі сілавую групу, і калі мы іх пусцілі, то яны тэлефанавалі і казалі: «Усё, падмогі не трэба, мы ўвайшлі».

Ператрус адбываўся сумбурна. Незразумела было, якія прычыны для ператрусу. З пастановы не было ясна - на якіх падставах склаліся здагадкі аб тым, што па гэтым адрасе могуць быць нейкія дакументы. Ператрус праходзіў без адваката, бо яе адмовіліся пусціць. Ды і наогул ператрус быў больш падобны на агляд з прыцэлам. Яны не пераварочвалі дом уверх дном, але як быццам шукалі нешта канкрэтнае. У выніку канфіскавалі ўсю тэхніку: мамы і маю. Таксама забралі рабочы сшытак назірання мамы і нейкія дакументы з нагоды назірання на выбарах».

Саму Вольгу затрымалі адразу пасля гэтага ператрусу. Сказалі, што яе вязуць проста на размову, але дамоў яна не вярнулася. Яе змясцілі ў СІЗА КДБ, а потым перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Вользе выстаўленае абвінавачванне на падставе ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. Мера стрымання - утрыманне пад вартай. Аднак у чым канкрэтна абвінавачваюць выкладчыцу, не вядома. У адваката Вольгі ўзятая падпіска аб невыдаванні.

23 лістапада Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Вольгу Філатчанкаву палітзняволенай.

Адрас для лістоў Вользе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Менск, 220030

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках