29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты: Спецслужбы вядуць гульню супраць найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі

54
Эксперты: Спецслужбы вядуць гульню супраць найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі
ФОТА: ТАСС

Што стаіць за публікацыяй перамоваў Эйсмант, Баскава і Шакуты?

18 лістапада ў сеціве з'явіўся запіс тэлефоннай размовы, на якой, як мяркуюць, могуць гучаць галасы Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты, якія абмяркоўваюць падзеі тыднёвай даўнасці ў двары Пераменаў, дзе быў схоплены Раман Бандарэнка.

19 лістапада была апублікаваная чарговая падборка аўдыя. На гэты раз на запісах гучаць галасы, падобныя на галасы Баскава і прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант.

Мужчынскі і жаночы голас абмяркоўваюць паездкі па менскіх дварах і пры гэтым згадваюць такія вядомыя прозвішчы, як Караеў, Барсукоў, Шахрай, Захараў.

«Магчыма, іншыя сілы не задавальняе ўплыў Эйсмант»

Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» і доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч у каментары udf.by адзначыў, што сапраўднасць запісаў можа вызначыць экспертыза.

Але калі апублікаваныя тэлефонныя размовы былі рэальнымі, пра што можа сведчыць іх з'яўленне ў сеціве?

«Хутчэй за ўсё, запіс маглі зрабіць толькі прадстаўнікі спецслужбаў. І калі Лукашэнка казаў, што па Менску зразаць сцягі хадзіла 500 дружынаў, то з размоваў вынікае, што дружына магла быць усяго адна. І складалася яна з топ-чыноўнікаў. Што дэманструе ўзровень ягонай народнай падтрымкі», – сказаў Казакевіч.

Ён не выключае, што зліў запісаў можа быць гульнёй нейкіх сілаў супраць згаданых у сувязі з скандалам чыноўнікаў.

«Тая ж Эйсмант стала вельмі ўплывовым чалавекам праз блізкасць да першай асобы. Магчыма, іншыя сілы гэта не задавальняе», – адзначыў Казакевіч.

У якасці канспіралагічнай тэорыі ён выказаў здагадку, што за публікацыяй запісаў маглі стаяць расейскія спецслужбы.

Ці раскрыюць забойства Рамана Бандарэнкі?

«Адназначна раскрыюць. Пытанне: калі? З улікам колькасці відэаматэрыялаў (інцыдэнт у двары, пагрузка Бандарэнкі ў машыну), з'яўленне аўдыязапісаў, напэўна, ёсць фіксацыя таго, што адбывалася ў РУУС, можна сцвярджаць, што раскрыць гэтае злачынства няцяжка. Пытанне ў наяўнасці палітычнай волі. Відавочна, што ўлады цяпер не зацікаўленыя, каб даваць гэтай справе ход», – сказаў Казакевіч.

Чаму ён так мяркуе?

«Гэта будзе ўдар па сілавых структурах. Гэта пакажа, што карт-бланш на ўціск пратэстаў не бясспрэчны, што могуць быць выключэнні, што выканаўцы могуць быць пастаўленыя пад удар. Гэта не ў інтарэсах улады і ўстановаў, што стаялі за людзьмі, якія ўдзельнічалі ў інцыдэнце. Думаю, справу будуць старацца замяць. Вінаватыя будуць названыя пры новай уладзе», – мяркуе Казакевіч.

«Многае будзе залежаць ад таго, хто нанёс смяротныя траўмы – наколькі яны блізкія да кіраўніцтва краіны»

Генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб адзначыў, што на ягоную думку за праслушкай і злівам тэлефонных размоваў стаялі спецслужбы.

«У краіне 8-9 спецслужбаў, якія могуць праслухоўваць размовы падазраваных у здзяйсненні або падрыхтоўцы злачынстваў. Але гэта афіцыйна, з санкцыі пракурора. Неафіцыйна, вядома, могуць і без дазволу. Праўда, гэта не будзе з'яўляцца доказам у судзе», – сказаў Грыб.

Ён цалкам дапускае, што зліць запісы маглі не з адмашкі кіраўніцтва нейкай установы, а гэта мог зрабіць адзін чалавек.

«Чаму не? Ён мог зрабіць гэта, маючы доступ да запісаў», – адзначыў Грыб.

Што генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы думае пра перспектывы раскрыцця забойства Рамана Бандарэнкі?

«Ніякіх складанасцяў у раскрыцці гэтага забойства няма. Можна разглядаць тры этапы. Першы этап: затрыманне Бандарэнкі ў двары ягонага дома, дзе яго збілі з ног.

Ужо там яму маглі прычыніць цяжкую траўму. Другі этап: цяжкую траўму маглі прычыніць ў мікрааўтобусе. Трэці момант: траўму маглі прычыніць у райаддзеле», – мяркуе Грыб.

Але пра апошні этап у яго больш пытанняў, чым пра іншыя.

«Калі дастаўлены падазраваны мае цялесныя пашкоджанні або знаходзіцца ў дрэнным стане, дзяжурныя ў РУУС паводле інструкцыі не павінны яго прымаць. Ён павінен быць адпраўлены ў лякарню: ці самімі супрацоўнікамі, ці на хуткай. Калі Бандарэнку прынялі ў РУУС, то ў якім ён быў стане? Гэта проста развагі былога супрацоўніка МУС і юрыста», – сказаў Грыб.

Ён не ўважае праблемай знайсці вінаватых.

«Напэўна ж, вядома, хто дастаўляў яго ў міліцыю, хто прымаў, хто хуткую выклікаў. Усё ж ляжыць на паверхні», – адзначыў Грыб.

Але ці пакараюць вінаватых?

«Цяжка сказаць. Многія людзі за апошні час былі збітыя, скалечаныя, ёсць забітыя, але нешта не чуваць, каб распачыналіся крымінальныя справы і нехта за гэта быў змушаны да адказнасці. Шмат што ў гэтым выпадку будзе залежаць ад таго, хто нанёс смяротныя траўмы – наколькі яны блізкія да кіраўніцтва краіны», – мяркуе Грыб.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках