28 красавiка 2024, Нядзеля, 23:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат Бундэстагу і экс-прэзідэнт Еўрапарламента стаў «хросным» актывіста «Еўрапейскай Беларусі»

2
Дэпутат Бундэстагу і экс-прэзідэнт Еўрапарламента стаў «хросным» актывіста «Еўрапейскай Беларусі»
АНДЖЭЙ ГАЛІЦКІ
ФОТА З САЙТА: SPRING96.ORG

Яшчэ тры беларускія палітвязні атрымалі «хросных» сярод еўрапейскіх дэпутатаў.

У рамках кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швайцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй «Libereco - партнёрства за правы чалавека», Марцін Шульц (Бундэстаг, Нямеччына), Анджэй Галіцкі (Еўрапейскі парламент, Польшча) і Юрген Мартэнс (Бундэстаг, Нямеччына) сталі «хроснымі» беларускіх палітвязняў Андрэя Войніча, Сяргея Каршуна і Уладзіміра Дударава, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

ДЭПУТАТ БУНДЭСТАГА МАРЦІН ШУЛЬЦ
ФОТА З САЙТА: SPRING96.ORG

Марцін Шульц, дэпутат Бундэстагу і былы прэзідэнт Еўрапарламента, узяў «шэфства» над актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Войнічам. Ён заявіў:

- Я стаў «хросным» Андрэя Войніча, беларускага дэмакратычнага актывіста, які быў нявінна арыштаваны. Я заклікаю да адстаўкі Лукашэнкі, неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў і правядзення свабодных выбараў».

ЧАЛЕЦ КАМІТЭТА ГРАМАДЗЯНСКІХ СВАБОД, ЮСТЫЦЫІ І ЎНУТРАНЫХ СПРАЎ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА АНДЖЭЙ ГАЛІЦКІ
ФОТА З САЙТА: SPRING96.ORG

Анджэй Галіцкі, прадстаўнік Грамадзянскай платформы і чалец Камітэта грамадзянскіх свабод, юстыцыі і ўнутраных спраў Еўрапарламента, сказаў з нагоды сваёй пастановы стаць «хросным» Сяргея Каршуна:

«Цяпер я еўрадэпутат з Польшчы. Але калісьці, 40 гадоў таму, я змагаўся на вуліцах сваёй краіны і ў падпольным руху за свабоду і дэмакратыю ў Польшчы. Тады, у 80-я, я адчуваў і ведаў, што Захад падтрымлівае мяне ў маёй барацьбе. Цяпер, калі беларусы змагаюцца за дэмакратыю і мірную будучыню сваёй краіны, Польшча павінна адыграць ролю заходняга партнёра, стаўшы лідарам у наданні дапамогі дэмакратычным намаганням Беларусі і прадаўжаць дапамогу ахвярам і зняволеным рэжыму Лукашэнкі. Таму, як дэпутат Еўрапейскага парламента і як грамадзянін ЕЗ , я заклікаю неадкладна вызваліць Сяргея Каршуна, несправядліва зняволенага паводле палітычных прычын. Я зраблю ўсё, каб дапамагчы яму, і буду ўважліва сачыць за ягонай сітуацыяй і падтрымліваць патрабаванне аб ягоным вызваленні».

ДЭПУТАТ БУНДЭСТАГА ЮРГЕН МАРТЭНС
ФОТА З САЙТА: SPRING96.ORG

Юрген Мартэнс, дэпутат Бундэстагу, чалец Камітэта ў прававых пытаннях і абароне правоў спажыўцоў, стаў «хросным» Уладзіміра Дударава. Ён заявіў:

- Нарэшце, няма нічога мацнейшага за ідэю свабоды. У Беларусі людзі выступаюць супраць прымітыўнай, жорсткай дыктатуры на сваім мірным шляху да дэмакратыі, вяршэнства закона, свабоду СМІ і грамадзянскіх свабод. Сцяг Беларусі змяшчае белы і чырвоны колеры. Для мяне гэтыя колеры сімвалізуюць дух грамадзянскай актыўнасці, права на свабодныя, сумленныя і празрыстыя выбары, мірную пераемнасць улады, а таксама асноўнае права на самавызначэнне і свабоду. Асабіста я захапляюся мужнасцю, рашучасцю, цярплівасцю і воляй беларускага народа, які пратэстуе супраць фальшывых прэзідэнцкіх выбараў і робіць важны крок у працэсе стварэння нацыі, каб разбурыць сваё савецкае мінулае. Жорсткі і варварскі адказ рэжыму Лукашэнкі цалкам непрымальны, і я заклікаю беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Уладзіміра Дударава і ўсіх астатніх палітвязняў».

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя «Libereco - партнёрства за правы чалавека» пачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленным выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэгу #WeStandBYyou.

З пачатку кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі «хроснымі» 49 палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення вязняў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках