28 красавiка 2024, Нядзеля, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп і Байдэн: падрабязны разбор дэбатаў у ЗША

8
Трамп і Байдэн: падрабязны разбор дэбатаў у ЗША
Фота: Jabin Botsford/The Washington Post

Для дзейнага прэзідэнта гэта быў шанец скараціць адставанне.

Менш чым за два тыдні да выбараў у ЗША, прызначаных на 3 лістапада, Джо Байдэн і Дональд Трамп памераліся сіламі ў фінальным раундзе тэледэбатаў - іх уважаюць за апошні шанец для кандыдатаў палепшыць свае рэйтынгі.

Для Трампа ж гэта была магчымасць нагнаць адставанне ад Байдэна. Цяпер у апытаннях лідаруе былы віцэ-прэзідэнт ЗША.

Дэбаты адбыліся ўвечары 22 кастрычніка паводле мясцовага часу ва Універсітэце Белмонт у горадзе Нэшвіле (штат Тэнэсі) і доўжыліся ледзь даўжэй за запланаваныя 90 хвілін, піша «Новое время».

У параўнанні з папярэднім раундам тэледуэлі, які прайшоў 29 верасня, арганізатары ўнеслі істотныя змены ў правілы дэбатаў.

Праз тое, што ў мінулы раз Трамп шматкроць перабіваў Байдэна, камісія ў прэзідэнцкіх дэбатах наважыла адключаць мікрафоны кожнага са спаборнікаў у самыя важныя моманты прамовы іншага (напрыклад, падчас першых дзвюх хвілін адказу на кожную з асноўных тэм дэбатаў).

Акрамя таго, праз нядаўнюю хваробу Трампа, які перанёс COVID-19, паміж палітычнымі апанентамі паставілі празрыстую загароду.

Змяніўся і мадэратар дэбатаў — гэтым разам ім стала Крыстэн Уэлкер, карэспандэнтка NBC News у Белым доме.

Украіна, Расея і ЗША

Сярод ключавых тэм дэбатаў, заяўленых яшчэ да іх пачатку, былі пандэмія каранавіруса, пытанні расавай няроўнасці, кліматычныя змены, нацыянальная бяспека і стратэгія кіравання краінай.

Аднак спаборнікі дыскутавалі і пра больш шырокія праблемы, уключаючы стасункі ЗША і Украіны.

Трамп паспрабаваў давесці, што падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну займаў жорсткую пазіцыю што да Расеі. Ён таксама нагадаў, што менавіта за ягонай адміністрацыяй Украіна атрымала ад ЗША смяротнае ўзбраенне ў дапамогу УСУ - чарговым разам абвінаваціўшы Белы дом часоў Абамы ў нерашучасці ў гэтым пытанні.

«Ніхто не быў у стаўленні да Расеі больш жорсткім, чым я. І адносна санкцый, і адносна ўсяго, што я зрабіў з NATO. У той час як Байдэн прадаваў Украіне падушкі і покрыўкі, я прадаў супрацьтанкавыя ракеты, — заявіў амерыканскі прэзідэнт. - Падчас прэзідэнцтва Барака Абамы Расея адабрала большую частку [тэрыторыі], якая павінна была належаць Украіне [анэксія Крыма]. Вы аддалі ім. Але вы атрымлівалі шмат грошай ад Расеі», - звярнуўся Дональд Трамп да Джо Байдэна.

Цяперашні лідар ЗША ўжо традыцыйна абвінаваціў свайго апанента ў карупцыі, нагадаўшы аб працы ягонага сына Хантэра ў радзе дырэктараў украінскай газаздабыўной кампаніі Burisma. Расследавання менавіта гэтай тэмы Трамп раней дамагаўся ад Украіны і Уладзіміра Зяленскага, што паслужыла падставай для спробы ягонага імпічменту.

Байдэн папракнуў Трампа ў бяздзейнасці Белага дома пасля таго, як стала вядома пра факты ўмяшання Расеі ў амерыканскія выбары 2016 года. Ён таксама паабяцаў, што ў выпадку ягонага абрання такое будзе немагчыма.

«Усякая краіна, якая паспрабуе ўмяшацца ў амерыканскія выбары, за гэта заплаціць. У цяперашніх выбарах былі замешаныя [спрабавалі ўмяшацца] Расея, Кітай ,і як мы цяпер ведаем, яшчэ і Іран — адзначыў Байдэн. - Яны заплацяць сваю цану, калі я буду абраны. Яны ўмешваюцца ў амерыканскі суверэнітэт. І, наколькі мне вядома, прэзідэнт [Дональд Трамп] не сказаў пра гэта Пуціну ні слова. І я не ведаю, чаму».

У адказ на абвінавачванні ў карупцыі і датычнасці да яе свайго сына, Байдэн запярэчыў, паказваючы на Трампа: «Хлопец, у якога былі праблемы ва Украіне — то быў гэты хлопец. Гэта ён спрабаваў шантажаваць украінскія ўлады, каб тыя заявілі пра мяне нешта негатыўнае, чаго так і не было зроблена», - дадаў палітык.

Байдэн таксама заявіў, што «ніколі ў сваім жыцці не ўзяў ні капейкі ад замежнай дзяржавы». Агонь у адказ ён накіраваў на адрас «сябра Трампа Рудзі Джуліяні», якога назваў «расейскай пешкай». «Яго кормяць расейскай дэзінфармацыяй. І што пасля гэтага? Нічога. А ўсё, што адбываецца - гэта толькі тое, што Расея прыкладае ўсе намаганні, каб мяне не абралі наступным прэзідэнтам. Таму што яны ведаюць, што я ведаю іх», - дадаў Байдэн.

Каранавірус

ЗША застаюцца сусветным лідарам у маштабах распаўсюджвання COVID-19, таму стратэгія барацьбы з пандэміяй была адной з топ тэмаў дэбатаў.

Трамп абвінаваціў спаборніка ў тым, што той намагаў на ідэі закрыць краіну на карантын. А гэта, заявіў прэзідэнт ЗША, нанесла б непапраўны ўдар амерыканскай эканоміцы і пагоршыла б сітуацыю з беспрацоўем. «Мы не можам закрыць нашу краіну, інакш у нас не будзе краіны. Мы не можам замкнуцца ў падвале, як Джо [першую частку выбарчай кампаніі 77-гадовы Байдэн правёў у сваім доме, адмовіўшыся ад публічных мерапрыемстваў і паездак па краіне]», - заявіў Дональд Трамп»

Ён таксама запэўніў слухачоў, што пандэмія «сыдзе, яна ўжо сыходзіць», і што ЗША блізкія да паваротнага моманту ў барацьбе з каранавірусам. Амерыканскі прэзідэнт нагадаў, што цяпер усплёск захворвання фіксуюць і ў Заходняй Еўропе (хоць там, у адрозненне ад ЗША, многія краіны ўжо цяпер рэагуюць больш жорстка).

Трамп таксама заявіў, што амерыканская вакцына з'явіцца «цягам тыдняў», хоць пазней абмовіўся, што не гарантуе гэтага, але чакае яе з'яўлення максімум да канца 2020 года.

Байдэн жа працытаваў праславуты прагноз Трампа ў пачатку года, калі прэзідэнт ЗША заявіў, што каранавірус «знікне да Вялікадня». Спаборнік Трампа нагадаў, што ад COVID-19 у Амерыцы загінулі больш за 220 тысяч чалавек і заявіў: «кожны, хто нясе адказнасць за такую колькасць смерцяў, не павінен заставацца прэзідэнтам ЗША».

Акрамя таго, Джо Байдэн акрэсліў цёмную будучыню «змрочнай зімы», якая чакае краіну праз новую ўспышку захворвання пры адсутнасці выразнага плана дзеянняў. Ён зняпраўдзіў аптымістычныя абяцанні Трампа і заявіў, што не бачыць якіх-небудзь перспектыў таго, што вакцына будзе даступная для амерыканцаў раней за сярэдзіну 2021 года. Ён таксама раскрытыкаваў больш раннія заявы Трампа аб тым, што губернатары-дэмакраты нясуць адказнасць за распаўсюд віруса ў сваіх штатах. «Я бачу гэта не так, як бачыць ён [Трамп]: сінія штаты [рэспубліканскія] і чырвоныя штаты [дэмакратычныя]. Гэта ўсе Злучаныя Штаты. Яны ўсе амерыканцы», - паспрабаваў апеляваць да аб'яднаўчага прызыву Байдэн.

Расізм і правы цемнаскурых у ЗША

Яшчэ адна гарачая тэма, якая дамінавала ў Нацыянальным парадку ЗША цягам апошняга паўгоддзя, стала падставай для ўзаемных абвінавачвання спаборнікаў.

Трамп паўтарыў тэзіс, які ён ужо агучыў раней на найбуйнейшых мерапрыемствах сваёй выбарчай кампаніі: «Ніхто не зрабіў больш для чарнаскурай супольнасці, чым Дональд Трамп, за выключэннем Аўрама Лінкальна - гэта адзінае магчымае выключэнне — перакананы прэзідэнт ЗША. - Але акрамя Лінкальна, ніхто не зрабіў таго, што зрабіў я».

«Я найменшы расіст у гэтай зале», — дадаў Трамп. Ён таксама ўзгадаў закон аб барацьбе з гвалтоўнымі злачынствамі 1994, прыняцце якога ў гады прэзідэнцтва Біла Клінтана Байдэн ініцыяваў як сенатар (у ЗША яго нават называюць «законам Байдэна»). На дэбатах Трамп сцвярджаў, што менавіта гэты закон пасля прывёў да масавых арыштаў афраамерыканцаў паводле падазрэння ў такіх злачынствах.

Байдэн адрэагаваў на словы Трампа саркастычна: «Тутэйшы «Аўрам Лінкальн» — адзін з галоўных прэзідэнтаў-расістаў у сучаснай гісторыі. Ён падлівае алею ў агонь кожнага ачага расізму - усіх да адзінага»

Экалогія і змены клімату

Байдэн паспрабаваў згуляць на гэтай тэме заявіўшы, што ў выпадку абрання прэзідэнтам ён пачне паступовы працэс скарачэння ролі нафтавай прамысловасці ў ЗША, бо яна з'яўляецца буйной крыніцай забруджванняў.

Трамп неадкладна адрэагаваў на гэтыя словы Байдэна і звярнуўся да выбарнікаў тых Штатаў, дзе сканцэнтраваны буйныя прадпрыемствы нафтавай прамысловасці. «О, ды гэта гучная заява! - заявіў прэзідэнт ЗША. - Вы запомніце гэта, Тэхас? Вы запомніце гэта, Пенсільванія, Аклахома, Агаё?»

І хто перамог? Як ацанілі дэбаты Трампа і Байдэна амерыканскія СМІ

Галоўнай мэтай Дональда Трампа на дэбатах была спроба выглядаць настолькі пераканаўча, каб схіліць вагі на сваю карысць. Апошнія апытанні паказвалі, што за Байдэна гатовыя аддаць свой голас 54% -57% выбарнікаў, тады як за Трампа — крыху больш за 41%.

Як пішуць амерыканскія СМІ, у фінальным раундзе дэбатаў Трампу ўдалося быць больш стрыманым — відавочна, ён пачуў параду свайго атачэння адмовіцца ад агрэсіўнай і хаатычнай тактыкі нападак на Байдэна (у першым раундзе дэбатаў прэзідэнт перабіў спаборніка больш за 70 разоў). Як следства, прэзідэнцкія дэбаты 22 кастрычніка выглядалі больш змястоўнымі і менш бязладнымі.

Аднак большасць амерыканскіх выданняў і СМІ сыходзяцца ў тым, што гэтыя дэбаты наўрад ці істотна паўплываюць на вынікі выбараў, а хутчэй замацуюць існы статус-кво. Па-першае, таму што спаборнікі засталіся верныя сабе: Трамп звыкла маніпуляваў фактамі, тады як Байдэн выглядаў хутчэй кансерватыўна і не здзівіў аўдыторыю. Па-другое, што ніводнаму са спаборнікаў не ўдалося ў фінальнай частцы дэбатаў дамагчыся адназначнай і яскравай перавагі над апанентам. І, нарэшце, па-трэцяе, таму што сёлета амерыканцы вельмі актыўна галасуюць на датэрміновым этапе выбараў і яшчэ да апошніх дэбатаў сваю пазіцыю ўжо выказалі больш за 50 млн выбарнікаў. Гэта амаль траціна чаканага прыходу на цяперашніх выбарах.

Аднак, апытанне CNN паказала, што 53% рэспандэнтаў аддалі перамогу ў перадвыбарных дэбатах Джо Байдэну, а 39% заявілі, што перамог Дональд Трамп.

На думку большасці гледачоў (73%), крытыка Байдэна на адрас Трампа была цалкам справядлівай. Пры гэтым амерыканцы падзяліліся ў меркаваннях аб тым, ці былі нападкі Трампа на Байдэна абгрунтаваныя (50% сказалі, што так, 49% - не). Такім чынам, Трамп палепшыў свае пазіцыі пасля правалу на першых дэбатах. Тады, паводле апытання CNN, толькі 28% апытаных аддалі яму першынство.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках