5 траўня 2024, Нядзеля, 7:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«З актавай залы вынеслі крэслы, каб складаваць затрыманых»

13
«З актавай залы вынеслі крэслы, каб складаваць затрыманых»
ІЛЛЯ СІЛІЧ

Аповед Іллі Сіліча з Берасця, якому пры затрыманні праламалі чэрап.

Падчас акцый у мінулыя выходныя і тыднем раней журналісты і праваабаронцы заўважылі, што сілавікі ў рэгіёнах - Гародні, Гомелі, Берасці - паводзяць сябе падчас затрыманняў дэманстрантаў больш жорстка і груба, чым у Менску. Людзям у твар распыляюць газ, страляюць у паветра, збіваюць дубінкамі і цягнуць па зямлі.

Жыхара Берасця Іллю Сіліча затрымалі 20 верасня, падчас «Марша справядлівасці». Дэманстрантам заступіў дарогу АМАП, Іллю зацягнулі ў аўтобус і збілі. Лекары дыягнаставалі ў Сіліча пералом костак чэрапа і ўдар мозгу. Вось што ён распавёў пра гэтыя падзеі ў эфіры «Настоящего времени».

- Я бачу, што ў вас на твары да гэтага часу не прайшлі сінякі. Скажыце, калі ласка, калі вас схапілі, хто вас біў і дзе гэта адбывалася?

- Мяне схапілі на мітынгу ў цэнтры горада, на Савецкай, усе ведаюць у Берасці гэтую вуліцу. Схапілі, пасадзілі ў бусік, мяне збівалі ў бусіку. Потым нас завезлі ў цэнтральнае РАУС, якое знаходзіцца на Машэрава, і там таксама нас галавой у падлогу - і збівалі. Там адмыслова загадзя вынеслі з актавай залы крэслы - гэта значыць, хутчэй за ўсё, гэта ўсё загадзя планавалася, збіццё.

- Чаму вы думаеце, што збіццё планавалася загадзя, як вы гэта зразумелі?

- Кажу, што з актавай залы вынеслі крэслы: гэта значыць, яны загадзя планавалі туды складаваць затрыманых. Нас там усіх паклалі на падлогу, пасля таго як збілі. Пасля гэтага нас сартавалі па аўтазаках у іншы, Ленінскі АУС.

- А білі людзі ў якой форме?

- У форме АМАПу, толькі без бэйджыка, проста людзі ў чорным, у шаломах. Як можна ў вас у відэа [бачыць], цяпер карцінку паказваюць.

- У вас пашкоджанні галавы, удар мозгу, пералом чэрапа, калі я не памыляюся. Па-першае, мне хочацца зразумець, гэта значыць, вас прыцэльна білі ў галаву? Ці гэта выпадкова атрымалася?

- Спецыяльна білі. І прычым білі прафесійна. Гэта значыць, я спрабаваў абараніць твар - ён мяне пачынаў біць па целе, я адкрываў твар - і ён пачынаў мяне біць нагамі ў твар.

- Што змянілася ў той дзень для вас, калі гэта здарылася? Як вы цяпер жывяце пасля 20 верасня?

- Я цяпер адчуваю сябе больш свабодным, я цяпер разумею, што АМАП - гэта не страшна. Гэта значыць, я цяпер сябе адчуваю больш свабодным, больш пазітыўна настроеным. Я цяпер разумею, што мы ідзем да перамогі, я разумею, што ўлада нас баіцца.

- Вы разумееце пачуцці людзей, якія цяпер проста на вуліцы спрабуюць АМАПу перашкодзіць хапаць людзей, праз што гэта адбываецца?

- Так. Выбачайце, калі пасярод горада хтосьці без апазнавальных знакаў, без імя і прозвішча - гэта, можа, наогул нейкія бандыты - хапаюць людзей, у людзей, вядома, ёсць незадаволенасць. Яны бачаць, што пад'язджае бусік, з яго выскокваюць нейкія людзі ў шаломах і пачынаюць проста хапаць людзей. Прычым вельмі шмат выпадкаў было, калі проста выпадковых людзей хапалі. У маім бусіку быў адзін затрыманы мужык, ён казаў: «Я ж у краму ішоў». Я яму паверыў, ён так пераканаўча гэта сказаў. І яны там нешта пачалі жартаваць, кшталту: «Б*я, не пашанцавала табе, мужык».

- Па-рознаму развіваецца гісторыя пратэсту ў Беларусі. І ў розных гарадах, напэўна, ёсць нейкія розныя падставы для гэтага. Ці можна цяпер сказаць, што Берасце супакойваецца і цяпер на гэтым этапе людзі на вуліцу хадзіць перастаюць? Ці не?

- Мне здаецца, што Берасце не спыняецца. Берасце ўвогуле малайцы, для такога горада, дзе вельмі вялікі адсотак бюджэтнікаў, дзе вельмі шмат людзей, якія, калі выходзяць, разумеюць, што яны могуць страціць працу, могуць здароўе страціць. Мне цалкам маглі выбіць вочы, мяне наогул маглі зрабіць інвалідам, я мог бы быць увогуле паралізаваным. Гэта значыць, я шмат чым рызыкаваў, калі выходзіў.

І ў нас цяпер яшчэ з'явіўся новы фактар, які, хутчэй за ўсё, зноў падалье бензіну ў вогнішча. У нас улада мясцовая адмовілася ад рэферэндуму аб акумулятарным заводзе. Гэта павінен быць наогул першы мясцовы рэферэндум у Беларусі. Яго Лукашэнка абяцаў, гэта было ў ягоным перадвыбарчым турнэ, калі ён прыязджаў у Берасце.

- То бок, гэта, вы думаеце, можа прымусіць людзей ужо на іншыя, не звязаныя з выбарамі, гісторыямі прадаўжаць выказваць сваю незадаволенасць, нязгоду?

- Так. Тут проста ў чым справа: Берасце наогул першы пратэстны горад у Беларусі. Пратэсты ў Берасці пачаліся яшчэ за два гады да ўсіх гэтых падзей з выбарамі, бо людзі пратэставалі супраць акумулятарнага завода. Ёсць цэлая група людзей, іх у народзе называюць акумулятаршчыкамі. Яны выходзілі кожную нядзелю, у іх была традыцыя «карміць галубоў».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках