3 траўня 2024, Пятніца, 17:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайскі каронавірус першым заўважыў штучны інтэлект

6
Кітайскі каронавірус першым заўважыў штучны інтэлект

Штучны інтэлект канадскага стартапу заўважыў вірусную пнеўманію яшчэ 31 снежня.

Першыя афіцыйныя паведамленні пра выбух у Кітаі віруснай пнеўманіі, выкліканай новым каронавірусам, былі 6 студзеня (ЗША) і 9 студзеня (СААЗ). Але за тыдзень да гэтага, яшчэ 31 снежня, яе на аснове вялікіх звестак заўважыў спецыялізаваны штучны інтэлект канадскага стартапу Bluedot, піша thebell.io са спасылкай на Wired.

Што адбылося

Перад самым Новым годам сэрвіс Bluedot разаслаў падпісчыкам папярэджанне пра ўспышку грыпападобнага захворвання ва Ухані. Акрамя таго, ён карэктна прадказаў шляхі яго першапачатковага распаўсюджвання - Бангкок, Сеул, Тайвань і Токіа.

Як гэта працуе

Bluedot - стартап, заснаваны лекарам-інфекцыяністам Камрань Ханам. У 2003 годзе Хан быў галоўным інфекцыяністам у бальніцы ў Таронта падчас успышкі атыповай пнеўманіі (SARS), якая забрала ў найбуйнейшым горадзе Канады жыцці 44 чалавек.

«Цяпер у мяне пачуццё дэжавю. У 2003 годзе я толькі назіраў, як вірус захоплівае горад і запаўняе бальніцу. Гэта неверагодна высільвае лекараў, маральна і фізічна, і я зразумеў, што зноў дапусціць гэтага нельга».

Выпрабаваўшы патэнцыял некалькіх аналітычных і прадказальных алгарытмаў, Камран Хан запусціў Bluedot у 2014 годзе. Першапачаткова стартап прыцягнуў $9,4 млн.

Цяпер штучны інтэлект Bluedot аналізуе навіны на 65 мовах, спецыяльна вышукваючы і агрэгуючы навіны пра хваробы. Улічваюцца таксама паведамленні на форумах і ў сацсетках. Траекторыя распаўсюджвання вірусаў мадэлюецца на аснове пасажырапатоку, у тым ліку паводле звестак сэрвісаў браніравання.

Першапачаткова выяўленыя кластары навін правяраюць прафесіяналы-медыкі, а ўжо затым бюлетэнь рассылаецца па кліентах. Асноўныя кліенты - дзяржаўныя агенцтвы, буйныя кампаніі і арганізацыі аховы здароўя, якім з найбольшай верагоднасцю давядзецца мець справу з эпідэміяй.

Свае ноў-хаў Bluedot не раскрывае. Wired адзначае, што «лабавы» кантэнт-аналіз і звядзенне такога роду інфармацыі не працуе, што паказаў крах праекта Google Flu Trends на аснове пошукавых патэрнаў. Сэрвіс, які першапачаткова працаваў адэкватна, моцна памыліўся з небяспекай сезона грыпу 2013 года і стаў класічным кейсам дрэйфу мадэлі пры апрацоўцы вялікіх звестак.

Што далей

У актыве Bluedot - карэктнае прадказанне шляхоў распаўсюджвання віруса Зіка ў 2016 годзе - мадэль за паўгода прадказала нават тое, што першы выпадак у ЗША здарыцца ў Маямі. У заслугу сэрвісу ставяць і зняцце суцэльных абмежаванняў на паездкі амерыканцаў на Алімпіяду ў Бразілію ў 2016 годзе: спецыялісты пацвердзілі, што ў асноўных гарадах рызыка захворвання нязначная.

Досвед кампаніі паказаў, што яе мадэль карэктна працуе нават тады, калі ўлады хаваюць праўдзівы маштаб эпідэміі. Не выключана, што менавіта гэта цяпер адбываецца ў Кітаі, піша Wired і рэкамендуе прыслухоўвацца да кампутарнага вірусолага.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках