3 траўня 2024, Пятніца, 11:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раззлаваныя берасцейцы: Дакументы акумулятарнага завода – фікцыя

3
Раззлаваныя берасцейцы: Дакументы акумулятарнага завода – фікцыя

Актывісты адмовіліся прымаць вынікі «экспэртызы», праведзенай кіраўніцтвам завода АКБ.

На плошчы Леніна ў Берасці 26 студзеня, апоўдні, чарговым разам сабраліся супраціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года, паведамляюць naviny.by.

Са звестак праваабаронцы Рамана Кісляка, а 12.40 на плошчы было блізу 150 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала сабраных аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Жыхары, якія прыйшлі на плошчу, абмеркавалі перадачу праектнай дакументацыі акумулятарнага завода ТАА «АйПауэр» на грамадскую экалагічную экспэртызу (ГЭЭ).

Апавяшчэнне аб правядзенні ГЭЭ было размешчаная 30 снежня на шэрагу афіцыйных сайтаў, кампаніі 1AK-Group, у якую ўваходзіць «АйПауэр». У паведамленні гаварылася, што заказчыкам грамадскай экалагічнай экспэртызы выступае кампанія «АйПауэр». Прадметам грамадскай экалагічнай экспэртызы з'яўляецца ўстанаўленне адпаведнасці або неадпаведнасці праектнай дакументацыі акумулятарнага завода патрабаванням заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя i рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў.

Заявы ад ініцыятараў грамадскай экалагічнай экспэртызы прымаліся да 15 студзеня. Паступіла дзве заявы ад трох грамадзян. 21 студзеня праектная дакументацыя была перададзеная аднаму з заяўнікаў Яўгену Скрабутану, двое іншых - Дзмітрый Бекалюк і Уладзімір Мароз - адмовіліся яе прымаць.

23 студзеня кампанія 1AK-Group паведаміла, што 22 студзеня да іх на электронны адрас адкрытай лініі ад Бекалюка і Мароза паступіла адмова прыняць дакументы для правядзення ГЭЭ ў дадатковы дзень. «Са свайго боку мы ацэньваем гэта як нежаданне ініцыятараў браць удзел у працэдуры ГЭЭ і зацягванне часу», - гаварылася ў паведамленні.

Як растлумачыў сёння БелаПАН адзін з лідараў грамадскай кампаніі супраць акумулятарнага завода Дзмітрый Бекалюк, 21 студзеня ён і Мароз прыйшлі ў канферэнц-залу Берасцейскага тэхнапарка, куды былі запрошаны для атрымання праектнай дакументацыі акумулятарнага завода з мэтай правядзення грамадскай экалагічнай экспэртызы.

«Мы не падпісалі акт прыёмкі дакументаў, бо яны не былі падрыхтаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам. На іх не было пячаткі і подпісу, што копіі дакладныя. А гэта вельмі важна. Мы павінны быць упэўненыя, што менавіта паводле гэтых дакументаў будзе праводзіцца дзяржаўная экалагічная экспэртыза, - адзначыў Бекалюк. - Акрамя таго, у нас узніклі пытанні, ці законна правядзенне «АйПауэрам» гэтай грамадскай экалагічнай экспэртызы, заказчыкам якой выступіла гэтая кампанія. Таму мы накіравалі звароты ў Мінпрыроды і іншыя дзяржаўныя структуры з просьбай растлумачыць гэтае пытанне і ўсе этапы правядзення грамадскай экалагічнай экспэртызы ў адпаведнасці з заканадаўствам. Пасля атрымання адказу мы адновім прыпыненую намі працэдуру атрымання дакументаў. Мы хочам, каб усё было ў рамках закона».

Удзельнікі сённяшняй сустрэчы на плошчы таксама выказаліся за правядзенне грамадскай экалагічнай экспэртызы. Яны падтрымалі пастанову Мароза і Бекалюка не прымаць дакументы для правядзення ГЭЭ, якія не адпавядаюць неабходным патрабаванням заканадаўства. «Дакументы, якія спрабаваў перадаць «АйПауэр», на мой погляд, фікцыя, - заявіла жыхарка Берасцейскага раёна Ірына Сіліцкая. - Яны нават не пранумаравалі старонкі. Такім чынам, потым можна выняць кожную старонку, а замест яе ўставіць іншую і сказаць, што так і было».

«Грамадскасць хоча, каб мы правялі грамадскую экалагічную экспэртызу, і мы гатовыя прыняць такія дакументы, але ў адпаведнасці з заканадаўствам», - заявіў прысутным на плошчы Бекалюк.

«Я думаю, што неабходна ўсё дасканала ўзважыць, таму што дарогі назад не будзе», - адзначыў у сваю чаргу Мароз.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, супраціўнікі завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця - Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

Акумулятарны завод ТАА «АйПауэр» узведзены на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст». На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Брэсцкага раёна мяркуюць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і з 3 траўня 2019 года кругласутачна дзяжураць каля прадпрыемства.

У чэрвені Берасцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода «да ліквідацыі выяўленых парушэнняў», а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўную выснову дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы. У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала падача недакладных звестак.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзеная на дзяржаўную экалагічную экспэртызу.

У верасні стала вядома, што кампанія адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы «з прычыны неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага паказу інфармацыі аб унесеных зменах».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках