Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю пра Пакт Молатава-Рыбентропа
18- 19.09.2019, 20:20
- 27,959
У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што Другая сусветная вайна была развязаная не толькі нацысцкай Нямеччынай, але і СССР.
Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю пра Пакт Молатава-Рыбентропа, якая была падрыхтаваная з нагоды 80-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны, а таксама ў сувязі з частымі спробамі «фальсіфікацыі гісторыі з боку Расеі», паведамляе «Радио Польша».
Рэзалюцыя была падрыхтаваная на ініцыятыву Літвы пры падтрымцы польскіх еўрадэпутатаў. Паводле вынікаў галасавання Ганна Фатыга з «Права і справядлівасці» адзначыла вялікае значэнне прынятага дакумента.
«Гэтая рэзалюцыя ўтрымлівае шмат цікавых і важных палажэнняў, якія спасылаюцца на гістарычныя факты, а таксама ўказваюць на тое, як пасля змянілася грамадства, перш за ўсё, у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе», - сказала еўрадэпутат ад «Права і справядлівасці».
У прынятай ЕП рэзалюцыі гаворыцца пра падзеі часоў пачатку Другой сусветнай вайны, а таксама падкрэсліваецца, што гэтая вайна была развязаная не толькі нацысцкай Нямеччынай, але і СССР. Прыняты дакумент таксама заклікае Еўрапейскую камісію рашуча рэагаваць на любыя спробы адмаўлення гэтых фактаў Крамлём.