Лондану назвалі крайні тэрмін для падачы прапановаў пра ўгоду датычна «Брэкзіту»
- 19.09.2019, 13:10
- 6,618
Брытанскі міністр прыбудзе ў Брусэль для перамоваў.
Вялікая Брытанія павінна да канца верасня прапанаваць свае альтэрнатывы існаму пагадненню з Брусэлем датычна "Брэкзіту", калі хоча абмеркаваць іх з Еўразвязам. Пра гэта прэм'ер-міністр ЕЗ Фінляндыі Анты Рынэ заявіў 18 верасня паводле вынікаў перамоваў з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, паведамляе dw.com.
Рынэ, словы якога прыводзіць фінская медыякампанія Yle, адзначыў, што Парыж і Хельсінкі чакаюць ад Лондана прапановаў, сфармуляваных у пісьмовым выглядзе.
"Павінна адбыцца нешта прынцыповае, каб адтэрміноўка была абгрунтаваная. Такі шырокі кансэнсус сярод 27 краінаў ЕЗ", – падкрэсліў Рынэ. Фінляндыя да канца года паводле ратацыі займае старшынство ў Радзе ЕЗ.
Брытанскі міністр прыбудзе ў Брусэль для перамоваў
Між тым французская дыпламатычная крыніца заявіла агенцтву Reuters, што час для дасягнення дамоўленасцяў мінае, а ЕЗ не плануе весці перамовы непасрэдна на саміце Еўразвязу ў сярэдзіне кастрычніка.
На гэтым фоне прадстаўніца брытанскага ўрада заявіла 19 верасня, што міністр у пытаннях выхаду Вялікай Брытаніі з ЕЗ Стывен Барклі прыбудзе ў Брусэль 20 верасня для кансультацый.
Іншая крыніца ў бельгійскай сталіцы паведаміла Reuters, што Лондан ужо адрэагаваў на запыт еўрапейскіх лідараў і ў пісьмовым выглядзе накіраваў адпаведныя прапановы пра змену ўмоваў угоды.
Задоўжаны "Брэкзіт"
Першапачаткова Вялікая Брытанія планавала выйсці са складу Еўразвязу 29 сакавіка, але да гэтага тэрміну так і не вызначылася з планам "Брэкзіту". У красавіку 27 краінаў – чальцоў ЕЗ на пазачарговым саміце ў Брусэлі дамовіліся даць Лондану адтэрміноўку да 31 кастрычніка.
Новы кіраўнік урада Борыс Джонсан неаднаразова абвяшчаў пра намер рэалізаваць "Брэкзіт" да гэтага тэрміну пры любых абставінах, у тым ліку і без пагаднення з Брусэлем.
Раней брытанскі парламент прыняў закон, што не дазваляе жорсткі "Брэкзіт". Згодна з законам, калі да канца кастрычніка не атрымаецца ўзгадніць дамову пра "Брэкзіт" з ЕЗ, то Джонсан павінен будзе папрасіць у Брусэля адтэрміноўку на тры месяцы.