4 траўня 2024, Субота, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Я гатовы абараняць звольненую дырэктарку школы

20
Леанід Судаленка: Я гатовы абараняць звольненую дырэктарку школы
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА

Шматдзетны бацька і юрыст выказаўся пра гучны скандал у гомельскай школе.

У мяне, шматдзетнага бацькі і чальца апякунскай рады школы таксама ёсць што сказаць у сувязі са скандалам у гомельскай школе, піша ў сваім блогу гомельскі праваабаронца, прававы інспектар працы незалежнага прафзвязу РЭП Леанід Судаленка.

Школа з'яўляецца люстраным адбіткам нашага грамадства. Калі ў яе сценах збіраюцца некалькі сотняў вучняў і дарослыя, канфлікты неўнікнёныя. Прычым іх ініцыятарамі могуць быць не толькі школьнікі. З аднаго боку нашы дзеці, з другога дарослыя, нанятыя вучыць і выхоўваць нашых дзяцей педагогі. Якраз-такі іх задача і складаецца ў тым, каб не дапускаць падобных скандалаў у школе.

Калі праз канфлікт з вучнем звольнілі са школы настаўніцу з вялікім стажам, я хацеў пачуць, як кажуць, з першакрыніцы, што адбылося на самай справе? Мне здавалася, што педагог мае права на абарону ад грамадства, якое закідала яе камянямі. Упэўнены, мы павінны былі выслухаць абодва бакі канфлікту. Нам гэтага зрабіць не далі, прыносячы ў ахвяру скандальнага педагога. На прасторах сацсетак яе не штурхаў толькі лянівы...

Падкрэсліваю, відэа з інцыдэнтам ніхто не аспрэчвае – настаўніца нецэнзурна лаялася перад дзецьмі і паводле гэтага факту без усялякіх сумневаў павінна быць праведзенае бесстаронняе службовае расследаванне. І адпаведна, адбыцца спагнанне. Я нават упэўнены, што паводле закону настаўніца пасля звальнення мела прававыя перспектывы быць адноўленай на ранейшай працы праз суд. Таму што звальнялі яе ва ўгоду імгненнай сітуацыі. У сутнасці яе лёс пастанаўляла не настаўніцкая Рада і нават не дырэктарка школы. Яе лёс развязалі чыноўнікі.

Падкрэсліваю, я не абараняю настаўнікаў, адзін з маіх сыноў быў вымушаны ў свой час нават школу памяняць праз прадузятае стаўленне да яго настаўніка. З іншага боку, мне вядомы прыклад, калі адзін з вучняў паставіў дагары нагамі ўсю школу, паводзіў сябе ў адносінах да аднакласніцаў так, што адзін з маіх сыноў, жадаючы паставіць на месца хулігана, даў яму добрага выспятка. Справа тады выйшла на камісію ў справах няпоўнагадовых, маё дзіця было апраўданае, тое пастаўленае ўрэшце на ўлік.

Я спрабую знайсці тут ісціну, але яна наўрад ці магчымая без удзелу бакоў канфлікту. Тое, што адбылося сёння, яшчэ больш заганяе сітуацыю ў тупік. У краіне ідзе «выбарчая кампанія», галоўнымі асобамі якой з'яўляюцца настаўнікі. Менавіта яны забяспечваюць яўку выбарнікаў і лічаць галасы. Іншымі словамі забяспечваюць уладам патрэбны вынік. Ці мог кандыдат, які сабраўся налета на шосты тэрмін, паступіць інакш? Ён паслаў сігнал, які дакладна пачулі ўсе тыя, хто будзе лічыць галасы – я вас у крыўду не дам!

Я не буду паглыбляцца ў палітыку. Гэта, як гаворыцца, будзе ўжо іншая гісторыя. У краіны з ручным кіраваннем няма будучыні. У адукацыі, у якой адсутнічае свабода, няма перспектываў. Цяпер я ўжо думаю пра звольненую дырэктарку школы. Што яна магла зрабіць, калі чыноўнікі запатрабавалі прынесці ў ахвяру настаўніцу, яка спатыкнулася?

Мне невядома, паводле якога артыкула Працоўнага кодэкса звольненая дырэктарка, але я гатовы яе абараняць у судзе. Нават калі вусны загад на яе звальненне даў гаспадар краіны...

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках