20 красавiка 2024, Субота, 3:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч: Людзі ў Беларусі аб'яднаныя адной ідэяй

14
Мікола Статкевіч: Людзі ў Беларусі аб'яднаныя адной ідэяй

Палітык звярнуўся да лідараў усіх патрыятычных сілаў.

15 верасня ў Гомелі ў рамках пікету для збору подпісаў прайшла сустрэча з кандыдатам у прэзідэнты ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколам Статкевічам.

Таксама пікеты «Народнай Грамады» для збору подпісаў прайшлі ў Менску, Гародні, Віцебску, Полацку, Наваполацку, Гомелі, Мазыры, Калінкавічах, Жодзіне.

На просьбу Charter97.org палітык пракаментаваў сустрэчы з беларусамі ў рэгіёнах:

– У час сустрэчы ў Гомелі ў мяне было адчуванне, што людзі цяпер у Беларусі аб'яднаныя адной ідэяй. У нас у краіне з'явілася яшчэ адна кансалідоўная ідэя: гэта нянавісць да Лукашэнкі і жаданне таго, каб ён сышоў. Гэтая ідэя гучала не толькі ў Гомелі, але і ў Мазыры, Калінкавічах і іншых гарадах.

Уявіце сабе карціну: на пікетах для збору подпісаў за актывістаў «Народнай Грамады» ў гукаўзмацняльную апаратуру гучыць – падыходзіце ўсе, хто супраць Лукашэнкі, хто хоча, каб Лукашэнка сышоў. Людзі пераадольваюць страх і запісваюцца ў ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты ад БНК. Толькі пасля сустрэчы ў Гомелі ў яе запісалася больш за 40 чалавек, падаўшы свае пашпартныя звесткі.

Людзі пераадольваюць страх перад дыктатурай, убачыўшы на нашых пікетах прыклад адвагі і смеласці. Становіцца відаць, што ўсё больш беларусаў хоча пераменаў. За першы тыдзень збору подпісаў у маю ініцыятыўную групу ўступілі блізу 730 чалавек – і гэтая дынаміка нарастае. Бо пікеты выстаўляліся яшчэ далёка не ва ўсіх гарадах. Людзей вабіць лозунг «Лукашэнка павінен сысці!», які вісіць на стэндах на нашых пікетах.

За час «парламенцкай кампаніі» мы плануем сабраць ініцыятыўную групу для кандыдата ў прэзідэнты ад БНК колькасцю 3-4 тысячы чалавек – і гэта абсалютна дасягальная задача.

І тут гаворка ідзе не толькі пра «прэзідэнцкія выбары», а пра стварэнне шырокага руху на абарону незалежнасці Беларусі ў фармальных рамках ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты ад БНК.

Гэта каласальная ў важнасці задача, таму што мы набліжаемся да драматычных пераменаў.

Сёння мы даведаліся пра планы «інтэграцыі», якія ўжо парафіяваныя ўрадамі Беларусі і Расеі. Тое, што збіраюцца цяпер падпісаць Пуцін і Лукашэнка, называецца проста – продаж Беларусі. Нашу краіну эканамічна паглынаюць. Лукашэнка за танныя нафту і газ прадае Беларусь – каб атрымаць грошы на ўтрыманне свайго войска чыноўнікаў і сілавікоў і ўтрымацца ва ўладзе ў фармальна «незалежнай» краіне.

Гэта вельмі небяспечна, хоць на першы погляд здаецца, што фармальная незалежнасць у нас застаецца. Але насамрэч, калі краіна будзе паглынутая эканамічна, то правесці палітычную пастанову нескладана.

Я хачу звярнуцца да лідараў усіх патрыятычных сілаў у Беларусі. Калі да сёння «выбарчую кампанію» можна было выкарыстоўваць для папулярызацыі лозунга «Лукашэнка павінен сысці!», то цяпер гэта набывае яшчэ адзін важны аспект: трэба бараніць незалежнасць.

І ёсць легальная магчымасць рабіць гэта. Таму я заклікаю патрыётаў прыходзіць на мае сустрэчы, на нашыя пікеты – не толькі для таго, каб пакінуць свой подпіс, а каб выказаць сваю нязгоду з спробай здачы незалежнасці Беларусі. Мы павінны паказаць, што выступаем супраць эканамічнага продажу Беларусі, супраць эканамічнага паглынання нашай краіны, якое неўнікнёна вядзе і да палітычнага.

6 кастрычніка а 14-й мы правядзем легальны пікет у фармаце «выбарчай кампаніі» на плошчы Свабоды ў Менску. Давайце збярэмся ўсе разам і пакажам, што мы не дазволім здаць Беларусь.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках