Польшча прапануе вучыць украінскіх дыпламатаў, чыноўнікаў і палітыкаў
5- 11.09.2019, 20:14
- 7,613
З прапановай выступіў кіраўнік МЗС Польшчы.
Дыпламатычная акадэмія Міністэрства замежных справаў Польшчы прапануе навучанне для службовых асобаў, дыпламатаў і палітыкаў з Украіны.
Пра гэта заявіў у аўторак міністр замежных справаў Польшчы Яцак Чапутовіч падчас цырымоніі прызначэння на пасады маладых польскіх дыпламатаў, паведамляе "Польскае радыё".
У цырымоніі таксама ўдзельнічалі ўкраінскія дыпламаты, сярод іншых амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дзешчыца і прадстаўнікі ўкраінскай Дыпламатычнай акадэміі пры МЗС Украіны.
Чапутовіч адзначыў, што ягоная ўстанова цяпер вядзе перамовы наконт правядзення Дыпламатычнай акадэміяй МЗС Польшчы вучэнняў для ўкраінскіх чыноўнікаў і наладжвання супрацоўніцтва дыпламатычнай акадэміі з адпаведнымі структурамі ў Міністэрстве замежных справаў Украіны.
"Мы прапанавалі навучанне новым украінскім элітам тут, у Дыпламатычнай акадэміі, у форме курсаў, якія падрыхтуюць іх да палітычнага жыцця ў сваёй краіне. Таму мы хочам падзяліцца досведам Польшчы – краіны, якая прайшла трансфармацыю, падрыхтоўку да сяброўства ў Еўрапейскім звязе і NATO. Гэта будзе датычыцца не толькі ўкраінскіх дыпламатаў. Але таксама палітыкаў, чыноўнікаў, тых, хто вядзе палітычную дзейнасць", – заявіў кіраўнік МЗС Польшчы.
Чапутовіч дадаў, што дзякуючы такому супрацоўніцтву ўкраінскія чыноўнікі могуць азнаёміцца з польскай сістэмай дзяржаўнай службы і "польскай палітычнай сістэмай". "Гэта дазволіла б ім упэўнена і лепш прадстаўляць сваю краіну", – апавёў ён.
Міністр растлумачыў, што польскія чыноўнікі таксама скарысталіся такім навучаннем, калі Польшча падала заяўку на сяброўства ў ЕЗ. "Сёння мы можам самі падзяліцца сваім досведам", – падкрэсліў кіраўнік МЗС.
Чапутовіч выказаў задавальненне, што на цырымонію прысягі польскіх дыпламатаў прыбылі прадстаўнікі Украіны. "Нашы стасункі з Украінай развіваюцца вельмі добра", – сказаў ён, нагадаўшы пра апошні візіт у Польшчу новага прэзідэнта Украіны.