26 красавiка 2024, Пятніца, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мяцежная рэспубліка Хабараўск

3
Мяцежная рэспубліка Хабараўск

Ва ўсіх праблемах новы кіраўнік рэгіёну абвінавачвае Маскву.

«На рэгіянальных выбарах у Хабараўскім краі на Далёкім Усходзе, які шмат у чым абдзелены ўвагай, зацвердзілася новая дзяржаўная партыя - і яна не з'яўляецца прапуцінскай», - піша нямецкае выданне Frankfurter Rundschau (пераклад - inopressa.ru).

«Перадвыбарчая кампанія ў Хабараўскім краі на Далёкім Усходзе Расеі была бруднай, поўнай хлусні і фальсіфікацыі. Яна скончылася цэлым шэрагам зруйнавальных перамог партыі ЛДПР, сябрам якой з'яўляецца губернатар Сяргей Фургал, над крамлёўскай партыяй «Адзіная Расея». На выбарах у краявую думу нацыянал-папулісцкая ЛДПР атрымала сур'ёзныя тры чвэрці месцаў, «Адзіная Расея» страціла 28 з 30 месцаў. Таксама і на выбарах у гарадскія думы сталіцы краю і горада Камсамольск-на-Амуре ЛДПР атрымала амаль усе мандаты. (...) Відавочна на тое, Фургал і яго партыя ствараюць у Прыамур'і свайго роду мяцежную рэспубліку», - адзначае аўтар артыкула Штэфан Шоль.

Кіраўнік партыі Уладзімір Жырыноўскі ужо прадракае «хабаравізацыю» ўсёй Расеі. «Аднак, як сказаў у размове з Frankfurter Rundschau блізкі да Крамля экспэрт Алег Матвейчаў, Хабараўск - гэта хутчэй «адзінкавы выпадак». Як і іншыя экспэрты, ён прытрымліваецца думкі, што бацькам гэтай перамогі ЛДПР з'яўляецца губернатар Фургал. Ён нібыта досыць унікальны персанаж, з вельмі добрымі сувязямі з крымінальнымі светам і ярка выяўленай папулісцкай рыторыкай. «Ва ўсіх праблемах Фургал абвінавачвае Маскву. З яго слоў, беспрацоўе і паводкі адбываюцца толькі таму, што Масква не плаціць», - кажа Матвейчаў».

На губернатарскіх выбарах у мінулым годзе Сяргей Фургал атрымаў нечаканую перамогу над адзінаросам Вячаславам Шпортам. Тады па ўсёй Расеі панавала абурэнне прынятым рашэннем аб павышэнні пенсіённага ўзросту. Стагнацыя эканомікі таксама выклікала незадаволенасць. Фургал, у сваю чаргу, «напалову ўрэзаў пасады сваіх намеснікаў, скараціў некаторыя міністэрствы, знізіў заробкі чыноўнікам, паскорыў выдачу новых кватэр сем'ям, якія пражываюць у аварыйных дамах, вярнуў надбаўкі да заробкаў медсясцёр», піша выданне.

«Хабараўскі палітолаг Ільдус Ярулін кажа, што маскоўская дзяржаўная ўлада і яе партыя «Адзіная Расея» азлобіла грамадзян яшчэ і тым, што перанесла сталіцу Далёкаўсходняй федэральнай акругі з Хабараўска ва Уладзівасток. Да таго ж летам нібыта адбылося нашэсце 1,3 тысячы паліттэхнолагаў. «Яны па-дурному і груба навязвалі нам свае інтарэсы», - кажа ён. У сацсетках чутныя і супрацьлеглыя абвінавачванні: «ЛДПР прыходзіць у школы і прымушае настаўнікаў галасаваць за яе», - скардзіцца ў Instagram прадпрымальніца Вольга Палякова».

У Хабараўскам краі тым часам працягвае дзейнічаць рэжым НС у сувязі са складанай паводкавай сітуацыяй. «Застаецца пачакаць, ці ўдасца губернатару Фургалу і пасля паводкі перакласці віну на Маскву», - піша Frankfurter Rundschau.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках