29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: У найбліжэйшым атачэнні Пуціна з сімпатыяй ставяцца да пратэстаў

Bloomberg: У найбліжэйшым атачэнні Пуціна з сімпатыяй ставяцца да пратэстаў

Расейскі кіраўнік можа сутыкнуцца з здрадай у сваіх шэрагах?

Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заўсёды дае адпор, калі апынаецца пад ціскам. Аднак нечаканым для сістэмы, у якой ён з'яўляецца вярхоўным кіраўніком, стала тое, што некаторыя з ягоных блізкіх хаўруснікаў смела і адкрыта кажуць яму: падобны варыянт не заўсёды з'яўляецца найлепшай тактыкай, калі гаворка ідзе пра расейскі народ, піша калумніст Bloomberg Леанід Бершыдскі (пераклад – inosmi.ru).

У апошнія дні ўплывовыя людзі з розных групаў пуцінскай эліты выступілі з публічнай крытыкай жорсткіх захадаў Крамля ў дачыненні да пратэставых акцый, выкліканых адмовай уладаў дапусціць апазіцыйных кандыдатаў да ўдзелу ў пазначаных на наступны месяц выбарах у Маскоўскую гарадскую думу. Гэта не азначае, што Пуцін да іх прыслухаецца, і гэта нават не значыць, што прадстаўнікі эліты хочуць, каб ён прыслухаўся. Хутчэй, гэта сведчыць, што людзі, якія фармуюць палітыку прэзідэнта, задумваюцца пра асаблівасці працэсу перадачы ўлады, які стане магчымым у тым выпадку, калі Пуцін у 2024 годзе адмовіцца ад прэзідэнцтва, як таго патрабуе расейская Канстытуцыя.

Першая і найбольш нечаканая крытыка зыходзіла ад Сяргея Чэмезава, генеральнага дырэктара «Ростэха», адной з гіганцкіх дзяржаўных карпарацый, паглынулай значную частку расейскай эканомікі ў перыяд кіравання Пуціна. Чэмезаў, які служыў разам з Пуціным ва Усходняй Нямеччыне ў 1980-я гады, з'яўляецца часткай абмежаванага кола людзей, якім Пуцін цалкам давярае. Аднак 19 жніўня Чэмезаў адважыўся не пагадзіцца з афіцыйнай лініяй Крамля, якая складаецца ў тым, што цяперашнія маскоўскія пратэсты правакуюць з замежжа, і што іх трэба душыць з дапамогай гвалту. Вось што ён сказаў у інтэрв'ю карэспандэнту вэб-сайта РБК:

«Відавочна, што людзі моцна раздражнёныя, і гэта не на карысць нікому. У цэлым мая грамадзянская пазіцыя такая: наяўнасць здаровай апазіцыі ідзе на карысць любому органу, прадстаўнічаму сходу і ў канчатковым рахунку дзяржаве. Нейкая павінна быць альтэрнатыўная сіла, якая нешта падказвае і дае сігналы ў той ці іншы бок. Калі заўсёды ўсё добра, так мы можам у застойны перыяд сысці. Гэта мы ўжо праходзілі».

Чэмезаў, вядома ж, прама не падтрымлівае ўдзельнікаў пратэстаў, – у асноўным гэта маладыя людзі, якія хацелі б разбурыць пуцінскую сістэму, а не проста правесці некалькіх кандыдатаў у слабы маскоўскі прадстаўнічы орган. Ён толькі кажа пра тое, што ўрад павінен выпусціць некаторую колькасць пары, замест таго каб займацца адным прыгнётам. Але гэтыя словы зыходзяць ад Чэмезава, і таму нават такая ягоная пазіцыя – ужо сур'ёзная праява іншадумства.

21 жніўня Аляксей Кудрын, архітэктар пуцінскай жорсткай фінансавай палітыкі і цяперашні кіраўнік Падліковай палаты, расейскай установы кантролю за бюджэтнымі выдаткамі, таксама асцярожна асудзіў ужыванне гвалту паліцыянтамі супраць пратэстоўцаў, якое стала прычынай рэкорднай колькасці затрыманняў і з'яўлення відэазапісаў аб збіцці людзей з выкарыстаннем гумовых дубінак, што выклікае заклапочанасць.

«На апошніх пратэставых акцыях беспрэцэдэнтна ўжывалі сілу», – напісаў Кудрын на сваёй старонцы ў Твітары і даў спасылку на прэс-рэліз з нагоды ўжывання гвалту, складзены пуцінскай, у асноўным ліберальнай, але ў цэлым бяспраўнай Радай у правах чалавека. – Важна публічна разабрацца ў кожным выпадку. Усё павінны заўсёды заставацца ў прававым полі.

Кудрын належыць да так званых «сістэмных лібералаў», ён застаецца верным Пуціну, але выступае за больш мяккія метады, і таму ягоная заява з'яўляецца менш нечаканай, чым пазіцыя Чэмезава. Аднак важна адзначыць, што Кудрын – эканаміст, які аддае перавагу трымацца па-за палітыкай, і тым не менш ён надумаў выказацца на гэты раз.

Трэцяе нязгоднае меркаванне таксама з'явілася 21 жніўня, а выказаў яго Сяргей Караганаў, ключавы дарадца Крамля, які дапамагае Пуціну ў апошнія гады фармаваць антызаходнюю знешнюю палітыку. Акрамя таго, ён узначальвае факультэт сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі прэстыжнай Найвышэйшай школы эканомікі. У сваім артыкуле, апублікаваным ва ўрадавай «Расейскай газеце», Караганаў выступіў з такім папярэджаннем:

«Пакуль гэта толькі рабізна на паверхні вады. Яна можа стаць штормам або цунамі, калі апроч уціску пратэстаў эліта і ўлада не зоймуцца карэннымі праблемамі, назапашванымі ў краіне. Гэта – эканамічная стагнацыя, дэ-факта перакрыццё, у тым ліку, сацыяльных ліфтаў для пераважнай большасці, адрыў улады ад грамадства. Да таго ж эліта і ўлада не прад'явілі краіне набору ідэй, якія рабілі б нацыянальнае жыццё асэнсаваным, скіраваным у будучыню. У наяўнасці і захаванне вельмі высокай няроўнасці, асабліва непрыстойнай у Расеі з яе амаль генетычным імкненнем да справядлівасці».

Далей Караганаў выступае ў падтрымку тэорыі замежнага ўмяшання, аднак галоўная ідэя ягонага артыкула складаецца ў тым, што гэтыя пратэсты павінны стаць для эліты трывожным сігналам і нагодай да таго, каб заняцца глыбіннымі прычынамі існай незадаволенасці. Працуючы ў акадэмічнай сферы і не маючы ніякіх дзяржаўных пасадаў, Караганаў валодае большай ступенню свабоды для выражэння сваіх ідэй, чым Чэмезаў або Кудрын. Выкарыстоўваючы сваё становішча, Караганаў скажа Пуціну пра тое, што настаў час адмовіцца ад стаўкі на патрыятычныя імпульсы расейцаў, а замест гэтага варта падумаць пра росквіт і пра магчымасці.

Пуцін, напэўна, чуе таксама некаторыя з гэтых аргументаў на сваіх прыватных размовах; на самай справе, ён чуў іх яшчэ да таго, як быў ужыты гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў на маскоўскіх вуліцах, а замежныя амбасадары былі выкліканыя на дыван за тое, што яны нібыта інспіруюць беспарадкі. З ягонага пункту гледжання, урад ужо робіць усё неабходнае – гаворка ідзе пра 12 так званых «нацыянальных праектаў», на рэалізацыю якіх цягам шасці гадоў будзе выдаткавана 400 мільярдаў даляраў. На думку Пуціна, у цяперашні час трэба падтрымліваць стабільнасць, а антыкрамлёўскіх гарлапанаў, падтрымоўваных амерыканцамі і еўрапейцамі, варта трымаць пад кантролем.

Але нават сярод адданых Пуціну людзей няма веры ў поспех урадавых праектаў: гэтыя людзі лепш за многіх іншых ведаюць, як працуе сістэма, і наколькі неэфектыўна яна размяркоўвае прыбыткі праз карупцыю і непатызм. Нават калі асцярожныя іншадумцы не пераканаюць Пуціна ў тым, што трэба дзейнічаць больш мякка, яны, прынамсі, могуць падаць такі сігнал: як толькі падобнае змякчэнне стане магчымым, – напрыклад, пасля перадачы ўлады ў 2024 годзе – яны будуць у ліку ягоных прыхільнікаў.

Няма ніякіх прыкметаў наспявання палацавага перавароту, аднак сярод прадстаўнікоў эліты адбываецца папярэдняя расстаноўка сілаў з прыцэлам на 2024 год. Гэтая расстаноўка паказвае, што існуе пэўны патэнцыял для больш ліберальнага постпуцінскага рэжыму

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках