18 верасня 2019, Серада, 11:06
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Лукашэнка: «Некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі»

91
Лукашэнка: «Некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі»

Праз 25 гадоў дыктатар заўважыў, што правасуддзя ў краіне няма.

На нарадзе з сілавікамі Лукашэнка зноў прывёў у прыклад справу інжынера МЗКЦ, паведамляе БелТА.

- Нядаўні прыклад (ён актыўна абмяркоўваўся ў СМІ, але я не хачу мусоліць яго) - гэта справа галоўнага інжынера Менскага завода колавых цягачоў. Я не так адназначна ацэньваю яе, як у грамадстве і нават як у судзе. Але пра гэта мы пагаворым асобна. Гэта вельмі добры і яскравы прыклад вашай працы як па сутнасці, так і па форме, між іншым, міліцыі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, успамінаючы гэтую справу другі раз за апошні тыдзень. - Колькасць зваротаў, іншыя рэзанансныя справы сведчаць пра сур'ёзныя недахопы і пралікі ў працы аператыўна-вышуковых і следчых падраздзяленняў, а таксама, на жаль, пракуратуры.

Прытым фальсіфікацыя падчас расследавання крымінальных спраў такая, што лепш бы вы не распачыналі гэтыя крымінальныя справы. Некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі да таго, што яны не проста не павінны іх насіць - гэтыя людзі павінны быць выключаныя з нашага грамадства ў першую чаргу, перш чым тыя, справы якія яны расследуюць.

Яшчэ горш, дадаў Лукашэнка, калі гэта суправаджаецца прымяненнем актыўных сілавых метадаў, што не адпавядаюць сітуацыям, якія ўзнікаюць:

- Ці бачыце, вяршыцелі лёсаў! Уварваўшыся ў дом пры дзецях, цяжарных жонках, пакласці чалавека пысай у падлогу (гаворка пра справу педыятра Дзмітрыя Серады, - заўв.), як у вас прынята казаць, заламаць рукі, паламаць некалькі рэбраў, і страсенне мозгу - гэта як мінімум. Гэта бязмозглыя людзі, якім таксама не месца ў праваахоўнай сістэме. Што наогул недапушчальна ў практыцы сілавікоў - з'яўляецца новая «форма» працы - прамы ціск на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу. Нават да суддзяў пад'язджаюць і пачынаюць на іх накатваць: ды мы з вамі, ды мы вас будзем прэсаваць, нахіляць.

Палітолаг Валерый Карбалевіч звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка сам з'яўляецца стваральнікам той сістэмы, якой зараз абураны. Дзеянні сілавікоў цалкам упісваюцца ў яго палітыку за апошнія 25 гадоў.