1 траўня 2024, Серада, 23:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як адпачыць у Італіі, вымеркаваўшы пры гэтым грошы

3
Як адпачыць у Італіі, вымеркаваўшы пры гэтым грошы

Восем парад турысту ад фінансіста.

«У Італію мы лятаем часта, шмат і з густам. То на пару дзён, удваіх, то на пару тыдняў велізарнай сям'ёй. Мне падабаецца гэтая краіна. Але ёсць адна асаблівасць: калі вы вымкнеце глузды, то вы пакінеце ў Італіі ўсе грошы. Хоць гэта залежыць не ад месца, а ад чалавека: наш чалавек, калі разняволіцца і даверыцца "сфэры гасціннасці", здольны пакінуць і ў Кірылаўцы сумы, якіх стала б на месяц жыцця ў Італіі. Я шмат пішу пра тое, што цяпер стаў даступны адпачынак за невялічкія грошы. Але як гэтага дамагчыся ў дэталях? Раскажу пра мае метады», - піша ўкраінскі фінансіст Дмытро Тамчук.

1. Ніякага арганізаванага адпачынку. Толькі самастойна. Самастойна ў Італіі азначае вось што: ніякіх тураператараў, турфірмаў, пасярэднікаў, арганізатараў. Нічога спланаванага. Ніякіх чартараў, закупленых для турыстаў. Ніякіх звышмасавых турыстычных месцаў у высокі сэзон. Забавы накшталт Вэнэцыі або Ватыкана - у нізкі сэзон, тады вы маеце шанец убачыць нават муры дамоў, а не суцэльны струмень турыстаў.

2. Квіткі я купляю сам, заўсёды толькі на рэгулярныя рэйсы і заўсёды толькі наўпрост у авіякампаній. Бізнэс-клас я бяру толькі для службовых выпраў і толькі на рэйсы даўжэйшыя за 6 гадзін у паветры. На адпачынак мы рэдка калі ляцім больш за 3 гадзіны, на такой працягласці большасць лішніцы бізнэс-класу бессэнсоўная. Але для службовых палётаў у Злучаныя Штаты, Кітай або Паўднёва-Усходнюю Азію – сама тое. Натуральна, ніякіх лаўкостаў. Паляцець з 7 кг ручной паклажы і без абеду - гэта пасуе хіба што ў Бэрлін на суботу-нядзелю, пакатацца па Шпрэе на караблі. Сюрпрызаў амаль гарантавана не будзе, калі браць дыхтоўны эканом-клас шаноўнай авіякампаніі з імем. Хоць на сто адсоткаў вы ўсё адно не маеце гарантыі ні ад чаго ні з кім, нават на Боінгу Трампа, тым, дзе залаты туалет. Ніякай рэгістрацыі на стойцы: толькі праз інтэрнэт, як мага раней, з выбарам добрых месцаў. Гэта конча, і гэта ў прыярытэце гарачкі перад адлётам. Мы не ашчаджаем на багажы, а проста бяром з сабой усё, што нам трэба, проста пераплачваем за звышвагу і не маем галаўнога болю. Але і ў салон мы не плішчым валізкі, якія з цяжкасцю запіхваем на паліцу. Ручная паклажа - гэта азначае заплечнік з тым што сапраўды трэба на адцінку жыцця паміж выездам з дому і размяшчэннем на месцы. Усё астатняе выдатна ляціць у багажы, і не важна, колькі там месцаў. Натуральна, квіткі я бяру задоўга да палёту.

3. Жыллё я арандую наўпрост ва ўладальнікаў. Ніякіх агенцтваў, турфірмаў ды іншай лухты з 20 пасярэднікамі. Перамовы вяду наўпрост, для таго і вучу столькі гадоў ангельскую мову. Расплачваюся заўсёды толькі наўпрост - сучасны банкінг нарэшце гэта дазваляе. Гатэлі - гэта добра на пару дзён на дваіх. Калі мы ляцім вялікай сям'ёй, то гатэль - гэта наогул не тое. Мы бяром дом як мага большы, асабліва калі гэта надоўга. І зручна, і эканоміка, у выніку, выгадная.

4. Я ўважаю за лепшае не быць звязаным з мясцовым транспартам. Арандаваны аўтамабіль на ўвесь час ад аэрапорта да аэрапорта - гэта наш прыярытэт. А ў маім выпадку гэта часта арандаваны мінівэн. Толькі ў яго змяшчаюцца ўсе. І багаж. Самаход заўсёды напашэве, і гэта здымае процьму праблем. Гэта толькі калі няма аўтамабіля, здаецца, што ездзіць на ім няма куды. Калі яго маеш, высвятляецца, што для яго процьма працы.

5. Натуральна, ніхто не едзе на адпачынак, каб стаяць пры пліце. Але гэта не значыць, што не трэба перш за ўсё выведаць супермаркеты, базары і кавярні для тутэйшых, а не для турыстаў, схаваныя ва ўсякіх бакавых вулачках, завулках удалечыні ад турыстычных маршрутаў. Хоць і ад вячэры ў дарагой рэстарацыі на плошчы Святога Марка або каля моста Рыальта ніхто не адмовіцца. Але для штодзённага харчавання, ды з дзецьмі, ды на мора, ды цягам дзён заўсёды ёсць больш прымальныя варыянты. Для таго, каб іх знайсці, я проста назіраю за паводзінамі тутэйшага насельніцтва.

6. Тое ж самае з сувенірамі, адзеннем і ўсякімі таварамі не для ядзення: варта адысці ў бок ад месцаў збою турыстаў, і вы можаце быць вельмі здзіўленыя розніцай у цэнах.

7. Усе паслугі, туры, баўкі і забавы мы купляем на месцы ў гаспадароў, імкнучыся ўнікаць рознага кшталту пасярэднікаў.

8. І яшчэ што да дробязяў: усе лекі вязём з сабой, на месцы ўсё або паводле рэцэпту, або ў разы даражэйшае; ніколі не возім з сабой адаптэры для разэтак - я не бачыў месца, дзе б гэта было праблемай; пасля пары штрафаў уважліва сачу, ці не заехаў я ў зону ZTL, куды звычайным самаходам заязджаць не дазваляецца; сочым, каб не застацца без гатоўкі: карткі - гэта добра, але ёсць месцы, дзе без гатоўкі ніяк. І, вядома, ніякіх групавых экскурсій: калі ўжо экскурсія, то індывідуальная.

І галоўнае - мы нікуды не спяшаемся і нічога жорстка не плануем. Гэта ашчаджае нам у Італіі процьму нэрваў і грошай. Бо гэта разняволеная краіна, дзе лепш за ўсё нікуды не спяшацца.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках