24 красавiка 2024, Серада, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Запуск недабудаванай БелАЭС: Лукашэнка ўцячэ першым?

74
Запуск недабудаванай БелАЭС: Лукашэнка ўцячэ першым?

Што стала вядома дзякуючы бунту рабочых у Астраўцы.

На будаўніцтве БелАЭС узбунтаваліся рабочыя, якім некалькі месяцаў не выплачвалі заробак. 15 жніўня больш за 50 чалавек выйшлі на стыхійны мітынг на галоўную плошчу Астраўца. Усяго ж ад махінацый з заробкам у гэтым выпадку пацярпела больш за 90 рабочых.

Хваляванні рабочых супалі з іншымі драматычнымі падзеямі. 13 жніўня памёр рабочы-кранаўшчык на будаўніцтве БелАЭС. Трохі раней, у ліпені, яшчэ двое рабочых атрымалі цяжкія траўмы, упаўшы з вышыні.

8 жніўня на вайсковым палігоне ў Архангельскай вобласці Расеі адбыўся выбух сакрэтнага «вырабу» (меркавана - ракеты з ядзерным рухавіком), у выніку якога загінулі людзі і адбылося радыяктыўнае заражэнне мясцовасці. Выпрабаванні на палігоне праводзіў той самы канцэрн «Расатам», які будуе АЭС у Астраўцы.

Што напраўду адбываецца на будаўнічай пляцоўцы ў БелАЭС і наколькі больш небяспечным стаў гэты «праект» у святле апошніх фактаў?

На пытанні Charter97.org адказвае актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі з Астраўца Мікалай Уласевіч.

- Як вы пракаментуеце масавы бунт працоўных БелАЭС? Можа вам вядомыя яшчэ нейкія падрабязнасці?

- Наконт падрабязнасцяў - напэўна, не змагу нешта дадаць звыш таго, што і так вядома са СМІ. Цяпер кіраўніцтва будоўлі вельмі старанна засакрэчвае ўсю інфармацыю.

Але дыму без агню не бывае. Калі людзі выйшлі і патрабуюць абараніць свае правы - то гэта, з аднаго боку, добра. А па-другое, тое што людзям там месяцамі не плацяць, для мяне стала адкрыццём. Мы ведалі, што большасці там плацілі мала, але каб не заплацілі зусім - я пра гэта даведаўся ўпершыню.

Пасля ўсіх НЗ, што здараліся пры будаўніцтве АЭС, пачынаючы з падзення рэактара (пра што я ў свой час паведаміў), яны вельмі засакрэцілі інфармацыю пра ўсё, што адбываецца на будпляцоўцы. Факт бунту рабочых пераконвае мяне ў тым сэнсе, што неспрыяльная абстаноўка, якая мае месца на гэтай будоўлі, і шлейф здарэнняў пацвярджаюць: казаць аб запуску АЭС - заўчасна. І трэба ўсё рабіць для таго, каб гэтая будоўля ніколі не скончылася і атамная станцыя ніколі не была ўведзеная ў эксплуатацыю ў Беларусі. Гэта мая пазіцыя.

- Калісьці, у 2016 годзе, вы першым паведамілі шакавальныя лічбы пра тое, што на будаўніцтве БелАЭС загінула блізу 10 чалавек. Колькі чалавек загінула і пацярпела, з вашых ацэнак, на сённяшні дзень?

- Вы ведаеце, цяпер не атрымаецца назваць нейкай канкрэтнай і дакладнай лічбы. Калі я казаў пра лічбы 2016 года, мелася на ўвазе не толькі выпадкі непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы: былі інцыдэнты і ў побыце, на месцы пражывання будаўнікоў, і гэтак далей.

Таму ў мяне няма поўнай статыстыкі. Але я не сумняваюся, што там адбылося значна больш НЗ, з рознымі варыянтамі зыходу, калецтвам ці больш трагічным фіналам, чым мы ведаем.

Але я не магу гаварыць пра гэта з канкрэтнымі і адназначнымі лічбамі: для гэтага трэба мець вельмі дакладныя крыніцы. У мяне пэўныя крыніцы - гэта тое, што я чую ад будаўнікоў, але яны, як правіла, гавораць на ўмовах ананімнасці.

- Абураныя рабочыя распавялі, што іх набіралі праз аб'яву ў Расеі а потым, не заплаціўшы, адпраўляюць назад. Што можна сказаць пра якасць выкананых работ на БелАЭС, калі яе будуюць такімі метадамі?

- Я вам так скажу: у мяне былі асабістыя размовы з рабочымі, у тым ліку і з расейцамі. Напрыклад, мяне падвозіў расейскі шафёр, мы з ім пачалі размаўляць і я спытаў: «Навошта вы сюды едзеце? Няўжо ў Расеі немагчыма зарабіць?».

Ён адказаў: «Так, у нас працы там няма. Калi б не было ў Расеі так цяжка, мы б не паехалі сюды».

Той факт, што расейцы сюды прыязджаюць і пры гэтым яшчэ застаюцца без заробку, для мяне дзіўны і паказальны адначасова. Гэтыя людзі, якія прыехалі на край свету, якім абяцалі добрыя грошы, а потым падманулі, а яны абурыліся і выйшлі, паказалі добры прыклад, у тым ліку і нашым працоўным.

Тое, што адбылося з расейскімі працоўнымі, яшчэ раз пераконвае: ніякай бяспекі на гэтай АЭС быць не можа, бо людзі там у многіх выпадках працуюць вельмі выпадковыя.

Цяпер на станцыі адбываецца тэставае выпрабаванне розных сістэм (так званыя прагоны). Дык вось, рабочыя распавядаюць, што падчас гэтых прагонаў «свішча з усіх дзірак і з усіх шчылін». У ручным рэжыме тая ці іншая сістэма працуе - а ў аўтаматычным яна ўжо не працуе. Адбываюцца суцэльныя збоі.

Так што БелАЭС яшчэ абсалютна сырая і пра яе запуск наогул гаворкі не можа быць.

- Рабочыя, калі ім не выплацяць заробак, пагражаюць расказаць усю праўду аб парушэннях пры будаўніцтве БелАЭС. Як думаеце, якія факты могуць яшчэ ўсплыць, калі яны выканаюць сваё абяцанне?

- Вы ведаеце, калі б я ведаў пра ўсе факты, то я і сам бы іх апублікаваў.

Тое, што я ведаў, я ўжо сказаў. Прычым не толькі пра падзенне корпуса рэактара. Было яшчэ ўзгаранне за дзень да «выбараў» у мясцовыя «саветы» 18 лютага 2018 года, калі згарэла шчытавая. Яны тады адбрахаліся, сказаўшы, што «згарэў кабель на вонкавай сцяне».

Глупства! Тады цалкам выгарэла шчытавая - а гэта вялікі пакой з абсталяваннем аварыйнага адключэння рэактара. А гэта - вельмі сур'ёзнае здарэнне.

Тое, што працоўныя прыстрашылі раскрыць парушэнні, пацвярджае: гэтыя парушэнні пры будаўніцтве маюць месца, і брак на будаўніцтве АЭС квітнее ад самага пачатку па сённяшні дзень.

Напрыклад, у самым пачатку будоўлі, калі яны клалі дрэнажную бетонную адмостку, адбыліся расколіны. Бо пачалі будоўлю без таго, каб правесці поўнае даследаванне мясцовасці, без поўнай распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі - пачалі будаваць усё значна раней.

Але ж гэта ж не кароўнік калгасны і не свінарнік нейкі! Трэба спачатку праводзіць сур'ёзныя глебавыя і геалагічныя даследаванні - а яны адразу пачалі будаваць. Далей з'явіліся расколіны ў дрэнажным падмурку.

Начамі яны вывозілі будаўнічае смецце, каб схаваць свае недаробкі - скідвалі ўсё ў кар'еры ў ваколіцах.

Таму я яшчэ раз скажу: будаўніцтва БелАЭС суправаджаецца шлейфам здарэнняў, шлейфам грубых парушэнняў і фактаў, якія сведчаць: станцыя вельмі небяспечная і яе запускаць ні ў якім разе нельга.

- У расейскім Северадзвінску адбылася ядзерная аварыя падчас выпрабаванняў, якія праводзіў «Расатам». Ці з'яўляецца гэта пацвярджэннем таго, што АЭС у Астраўцы значна больш небяспечная, чым прынята было меркаваць дагэтуль?

- Зразумела. І з «Расатамам», і з касмічнымі праграмамі РФ увесь час адбываюцца НЗ. Гэта ўсё кажа пра тое, што расейскія тэхналогіі не з'яўляюцца бяспечнымі. А тыя выпадкі, якія адбыліся ў лічаныя дні, кажуць пра адно: барані Божа, калі гэтую АЭС, сырую, да канца не адладжаную, запусцяць.

Я яшчэ раз падкрэслю: фіны будуюць АЭС з 2005 года, і яны дагэтуль яе не скончылі і невядома, калі скончаць. Мы пачалі будаваць з 2009 (або з 2011, калі афіцыйна) - і мы за 10 гадоў яе ўжо «пабудавалі»!

Не, гэта вельмі і вельмі небяспечная, негатовая, сырая будоўля. Барані Божа, калі яна запрацуе.

- Лукашэнка не раз заяўляў пра тое, што пры будаўніцтве АЭС былі зэканомленыя «значныя грошы» (блізу 3 мільярдаў даляраў), а таксама пра тое, што яна будуецца хутчэй за іншыя АЭС і будзе ўведзеная ў эксплуатацыю амаль без адставанняў ад графіка. Як вы ацэньваеце пазіцыю кіраўніцтва краіны аб будаўніцтве ў Беларусі небяспечнай АЭС?

- Гэта не той выпадак, дзе трэба эканоміць. Тут трэба страхавацца і, як той казаў, перастрахавацца.

Калі яны эканомілі, значыць, нешта не дарабілі ці зрабілі няякасна. Эканомія тут недарэчная і згадка пра яе пацвярджае: з БелАЭС усё вельмі дрэнна.

- У кастрычніку на БелАЭС збіраюцца завезці ядзернае паліва. Вы стварылі петыцыю з заклікам спыніць пуск атамнай станцыі. Чаму важна гэта зрабіць?

- Усё тое, пра што я ўжо сказаў, ёсць падставай для таго, каб не дапусціць запуску БелАЭС. Мы хочам яшчэ раз гэтай петыцыяй ускалыхнуць грамадскую думку ў Беларусі, і не толькі ў Беларусі. Каб людзі паглядзелі на гэтую праблему сур'ёзна: нічым добрым гэта будаўніцтва скончыцца не можа.

Я ў гэтым выпадку падам такі містычны шэраг (а містыка вельмі часта матэрыялізуецца). Адна з першых буйных аварый адбылася ў Песнсільваніі (ЗША) на станцыі Тры-Майл-Айлэнд, што азначае ў перакладзе «трохмільная выспа». У 2011 годзе адбылася аварыя на Фукусіме. Фукусіма ў перакладзе з японскай мовы азначае «выспа шчасця». «Астравец» - перакладаць не трэба. Гэта ўсё аднакарэнныя словы, якія выстройваюцца ў містычны шэраг.

Падзенне першага рэактара... Другі ўдарылі ў Талачынскім раёне аб слуп... Гэта як быццам знакі звыш: хлопцы, не то вы робіце, спыніцеся - гэта ўсё нічым добрым не скончыцца.

Гэты містычны шэраг мяне вельмі моцна насцярожвае. І ў каторы раз хачу сказаць: АЭС у Беларусі, калі і запускаць, то не надта хутка. Тут трэба не 3, а яшчэ 333 разы ўсё пераправерыць. А лепш і танней будзе наогул яе не запускаць. Бо там нічога добрага зроблена не было.

- Калі на АЭС пасля запуску, не дай Бог, штосьці адбудзецца - хто будзе несці за гэта адказнасць найперш?

- Я вам скажу: тады будзе цяжка знайсці вінаватых. Хоць мы ведаем галоўнага вінаватага. Ён, вядома, першым уцячэ адсюль, прыхапіўшы залаты запас краіны. А адкажам мы - усе, хто жыве ў Беларусі.

Асабліва тыя, хто жыве побач з АЭС. Я жыву за 4-5 км ад яе. Адкажуць мільёны беларусаў, якія нявінна пацерпяць.

А тых, хто прасоваў БелАЭС, іх гадамі не прыцягнеш потым да адказнасці. Тым больш, што некаторыя з іх ужо пайшлі ў лепшы свет. Днямі памёр мой аднакурснік, географ, акадэмік Аляксандр Карабанаў, які спачатку падпісаў акт 1993 года аб тым, што Астравецкая пляцоўка неспрыяльная для будаўніцтва, але ў канчатковым выніку прыязджаў сюды і прапагандаваў ідэю АЭС.

Тыя, хто сюды гэта зло прыцягваў, не факт, што і адкажуць. Будзем адказваць мы - сваім жыццём, здароўем, жыццём і здароўем сваіх дзяцей і ўнукаў

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках