У Беларусі падскочыла інфляцыя
2- 14.08.2019, 9:47
- 13,416
Падаражэлі ежа і паслугі.
Упершыню за 3 гады ў ліпені была афіцыйна зафіксаваная месячная спажывецкая інфляцыя: у мінулым і пазамінулым гадах у ліпені была дэфляцыя. Была парушаная і сезоннасць дынамікі месячнага індэкса спажывецкіх коштаў - ліпеньскі ІСЦ звычайна ніжэйшы за чэрвеньскі, а фактычна атрымаўся рост: у чэрвені была дэфляцыя. Вырас у ліпені і гадавы ІСЦ. Хоць агулам гадавая інфляцыя стабілізавалася ў гэтым годзе ў межах 5,5-6,2% - няма ні выразнага паскарэння і выразнага яе запаволення. Гэта крыху вышэй за мэтавы паказчык на 2019-ы, піша выданне banki24.by.
Пасля дэфляцыі ў чэрвені месячны індэкс спажывецкіх цэн (ІСЦ да папярэдняга месяца) у справаздачным ліпені паказаў інфляцыю: набор спажывецкіх тавараў і паслуг, па якіх у Беларусі падлічваецца індэкс цэн, падаражэў у ліпені на 0,19%.
У Беларусі ярка выяўленая сезоннасць дынамікі месячнага індэкса спажывецкіх коштаў: год звычайна пачынае высокі ІСЦ студзеня, пасля чаго індэкс ідзе на зніжэнне, дасягаючы «дна» у жніўні, а затым зноў падымаецца.
Сезоннасць ствараецца дынамікай цэн у сектары харчовых тавараў, якія займаюць найбольшую дзель у спажывецкім кошыку, згодна якім падлічваецца ІСЦ. Таму летнія месяцы характарызуюцца самымі нізкімі ў годзе індэксамі, часта паказваюць нават дэфляцыю. Як бачна з сярэдняга шматгадовага фактычнага выніку, ліпеньскі ІСЦ павінен быць ніжэйшы за чэрвеньскі.
Але адбылося адваротнае: у справаздачным ліпені інфляцыя паскорылася пасля таго як у чэрвені ўпершыню ў гісторыі Беларусі была зафіксавана дэфляцыя. Якая і павінна была быць у ліпені, але гарачае надвор'е ў чэрвені прывяло да больш ранняга паспявання аграпрадукцыі, і падаць коштам у ліпені ўжо няма куды.
Ліпеньскі месячны ІСЦ быў бы яшчэ вышэйшы, калі б не зніжэнне коштаў у сектары нехарчовых тавараў (а дапамагло ўмацаванне Br-рубля). Бо ў сектары паслуг ІСЦ ў ліпені былі даволі высокімі.
Месячны рост коштаў у ліпені зафіксаваны ўпершыню за 3 посткрызісныя гады - у 2017-м і 2018-м у гэтым месяцы было падзенне коштаў агулам на спажывецкім рынку. Хоць розніца паміж тагачаснай дэфляцыяй і сённяшняй інфляцыяй невялікая.
Інфляцыя за перыяд з пачатку года за першыя 7 месяцаў 2019-га кошты на рынку спажывецкіх тавараў і паслуг выраслі на 3,13%. У гэтым фармаце інфляцыя ў гэтым годзе таксама трохі большая, чым у мінулым, застаючыся ў межах цалкам прымальнай, калі паглядзець на тое, якой была яшчэ раней.
Гадавы (у фармаце «справаздачны месяц да адпаведнага месяцу папярэдняга года») індэкс спажывецкіх коштаў вырас у ліпені да 6,04% пасля чэрвеньскага падзення да 5,67%. Прыкметна, што з канца 2018-га дынаміка гадавога ІСЦ стабілізавалася ў межах 5,5-6,2% - няма ні выразнага росту і выразнага падзення індэкса.
Адсотак гадавой інфляцыі ў ліпені павысіўся ў харчовым сектары і ў сектары спажывецкіх паслуг, а ў сектары нехарчовых тавараў - стаў меншы, апынуўшыся, да таго ж, самым нізкім сярод сектараў.