Лукашэнка падпісаў новы Працоўны кодэкс
35- 23.07.2019, 12:19
- 40,852
Новы кодэкс дае наймальнікам значна больш падстаў для звальнення работнікаў.
У Беларусі адрэдагавалі Працоўны кодэкс. Лукашэнка сёння падпісаў закон аб зменах у гэты дакумент, паведамляе прэс-служба дыктатара.
Нагадаем, абмяркоўваць змены ў Працоўны кодэкс у «парламенце» пачалі год таму. А 26 чэрвеня гэтага года «дэпутаты» прынялі ў другім чытанні законапраект аб змене гэтага дакумента. У параўнанні з першай версіяй законапраекта, якую зацвердзілі яшчэ ў мінулым годзе, у цяперашняй з'явіліся некаторыя новаўвядзенні.
Сярод змен - наймальнікам дазволілі часова пераводзіць работнікаў на іншую працу, у тым ліку да іншага наймальніка, на тэрмін да 6 месяцаў цягам каляндарнага года.
«Акрамя таго, у Працоўным кодэксе замацаваны нормы, якія прадугледжваюць, што матэрыяльная адказнасць будзе наступаць аднолькава і для тых, хто працуе паводле кантракту, і для тых, хто паводле працоўнай дамовы», - удакладняюць ў прэс-службе дыктатара.
Новы Працоўны кодэкс дае наймальнікам значна больш падстаў для звальнення работнікаў. Гэтыя нормы ўзятыя са скандальных дэкрэтаў Лукашэнкі №29 і №5 (аб працоўнай дысцыпліне і пра патрабаванні да кіроўных кадраў).
«У новым Працоўным кодэксе прапануецца папраўка, якая надае працадаўцаў права на звальненне работніка са сваёй ініцыятывы ў сувязі з «грубым, аднаразовым парушэннем выканальніцкай альбо працоўнай дысцыпліны».
Нагадаю, што дзейныя нормы Працоўнага кодэкса дапускаюць такое толькі ў выпадку сістэматычных парушэнняў. Гэта значыць, цяпер трэба мець парушэнне і дапусціць яго цягам года ізноў. А цяпер будуць звальняць за разавае, няхай нават «грубае», парушэнне», - пракаментаваў сайту Charter97.org нормы новага Працоўнага кодэкса прававы інспектар прафзвязу РЭП Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.
Новы Працоўны кодэкс таксама замацоўвае створаную ў Беларусі за Лукашэнкам кантрактную сістэму: ёй прысвечаны асобны раздзел.
Змены ўвойдуць у дзеянне праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.