3 траўня 2024, Пятніца, 12:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Раней маці за дзяцей былі гатовыя ісці ў агонь і ваду»

2
«Раней маці за дзяцей былі гатовыя ісці ў агонь і ваду»
ЛЮДМІЛА ПАЎЛАЎНА КАРЧЭЎСКАЯ
ФОТА: РАМАН КІСЛЯК

Беларуска распавяла, чаму рэгулярна выходзіць на плошчу.

У Беларусі ўсё большая колькасць простых людзей становіцца ўдзельнікамі стыхійных і запланаваных акцый пратэсту. З пятніцы да нядзелі асяродкі такіх выступаў супраць несправядлівасці ўладаў сталі адначасова Берасце (дзе ўжо паўтара года праходзяць акцыі супраць завода АКБ, Светлагорск, у якім людзі на прыклад Берасця выйшлі на плошчу, і Любанскі раён, дзе праз нізкія заробкі ўзбунтаваліся рабочыя хлебазавода.

Што рухае людзьмі самых розных прафесій і сацыяльнага становішча, якія надумалі выйсці на вуліцу? Сайт Charter97.org пагаварыў з адной са сталых удзельніц пратэстаў у Берасці, настаўніцай матэматыкі Людмілай Паўлаўнай Карчэўскай.

- Раскажыце, з чаго пачаўся ваш удзел у пратэстах у Берасці?

- Я жыву ў Тэльмах - паселішчы, якое знаходзіцца яшчэ бліжэй да акумулятарнага заводу, чым Берасце. У мяне пяцёра ўнукаў, і адная з унучак жыве на лецішчы ў непасрэднай блізкасці ад гэтага прадпрыемства.

У нас у Тэльмах праходзіў сход - і тады я ўпершыню пачула пра завод АКБ. Сход быў незвычайным: мы думалі, што проста пакрычаць «Не заводу!», але там былі актывісты ініцыятыўнай групы, і іх выступы закранулі мяне. Паверце, гэта вельмі пісьменныя хлопцы, якія «па палічках» расклалі ўсе пытанні і ясна паказалі нам, што нас чакае ў будучыні.

Па-першае, яны падрабязна распавялі аб парушэннях, з якімі будаваўся завод. А затым выступіла лекарка Таццяна Фесікава, якая вельмі эмацыйна, але аргументавана намалявала карціну таго, што завод зробіць са здароўем людзей.

- І якімі былі б наступствы, калі б завод запрацаваў на ўсе застаўкі?

- Па-першае быў бы значна большы адсотак хворых на рак. Па-другое, пачасціліся б выпадкі нараджэння дзяцей з паталогіямі.

Ведаеце, я знаёмая з ракам не з чутак. У мяне мама памерла ад раку пячонкі, дзядзька памёр ад раку стрававода. Сястра, якой 22 гады, жыве з ракам стрававода. Нядаўна, у снежні, памёр унук маёй сястры, якому ўсяго 18 гадоў - рак крыві.

Я ведаю, што такое гэтая хвароба, я бачыла, як паміраюць ад яе людзі. Таму для мяне павелічэнне колькасці хворых на рак - дастатковы аргумент, каб змагацца супраць акумулятарнага завода.

Ініцыятыўная група на сходзе ў Тэльмах уцямна распавяла нам, што такое забруджванне свінцом для нашага горада і раёна. Мне сказанага імі было дастаткова - пасля гэтага я выходжу на плошчу ў Берасці кожную нядзелю.

- У СМІ пісалі, што вы адзіная настаўніца сярод пратэстоўцаў

- Гэта не зусім так. Па-першае, я ўжо пенсіянерка, хоць, вядома, і прапрацавала ў школе настаўніцай матэматыкі. Па-другое, на плошчу ў Берасці выходзяць і іншыя настаўнікі, акрамя мяне. Але яны імкнуцца не "свяціцца": настаўнікаў у нас палохаюць кантрактнай сістэмай і звальненнямі.

Што да мяне, то я ўжо - "двойчы судзімая" настаўніца-пенсіянерка.

- Вашы вучні і выпускнікі ведаюць пра тое, што вы рэгулярна выходзьце на плошчу?

Безумоўна. Два маіх вучні (дакладней – выпускнікі), нягледзячы на тое, што яны ўжо таты і даволі дарослыя, стала выходзяць са мной на плошчу. І я ганаруся гэтымі вучнямі. Вось гэта – сапраўдныя бацькі, якія клапоцяцца пра сваіх дзецей.

Рада, калі бачу іх у нядзелю на плошчы - хоць маіх вучняў ужо і каралі, як мяне, штрафамі. Але яны далей выходзяць на маршы супраць акумулятарнага завода.

- Чаму вы не баіцеся? Бо, напэўна, справа не толькі ў пенсійным узросце…

- Пратэставаць на вуліцы не страшна. Страшней тое, што нас чакае, калі будзем маўчаць і дазваляць будаваць завод.

Страшней за ўсё - хваробы дзяцей, якія можа выклікаць свінец, ды і іншыя шкодныя прадпрыемствы ў Беларусі. Няўжо ў людзях загас мацярынскі інстынкт? Раней маці за дзяцей былі гатовыя ісці ў агонь і ваду…

Мяне здзіўляе, чаму на акцыі ў Берасце мала моладзі. Як можна спакойна глядзець на акумулятарны завод побач з горадам? Магчыма, некаторыя яшчэ неразумеюць наступстваў экалагічных катастроф, якіх так шмат было ў Беларусі. Але для мяне, дзе дабро і зло ў гэтай сітуацыі - выразна зразумела.

Нічога не можа спыніць, калі хочаш прадухіліць пакуты блізкага чалавека. Паверце, страціць працу - гэта дробязь. Працу заўсёды можна знайсці. Калі б я яшчэ працавала настаўніцай і была звольненая з пасады - нічога страшнага, працавала б прыбіральшчыцай. Здароўе блізкіх значна важнейшае.

- Здавалася б, дзякуючы вам і іншым берасцейцам завод практычна спыніўся: яго суўладальнік затрыманы, трэцяя запар экалагічная экспэртыза не пройдзеная... што вы будзеце ўважаць за канчатковую перамогу?

- Мы будзем прадаўжаць акцыі. Заўсёды, хто ў апошнюю нядзелю быў на плошчы, сказалі: будзем выходзіць да таго часу, пакуль завод альбо не перапрафілююць, альбо проста вывезуць з яго абсталяванне.

- Але ж гэта - не адзіны шкодны завод у Беларусі…

- Вядома, я ведаю пра гэта: чытаю навіны ў інтэрнэт-выданнях. Ведаю, што ў гэтую нядзелю выйшлі на плошчу, як і ў нас, людзі ў Светлагорску - супраць пабудаванага кітайцамі "смярдзючага" завода беленай цэлюлозы.

Гэта радуе: людзі не сядзяць на канапе і не чакаюць, а пачынаюць бараніць правы. Гэта нядзіўна: усіх нас турбуе, што будзе са здароўем нашых дзяцей і сваякоў. Добра, што людзі падымаюцца ўсюды, дзе ёсць пагроза для іх блізкіх.

- Што вы думаеце наконт будаўніцтва ўладамі атамнай станцыі ў Астраўцы?

- Беларусам дастаткова ўжо аднаго Чарнобыля. Улічваючы, што ў нас такія "будоўлі" праводзяцца паводле сумнеўных тэхналогій і не правяраюцца належным чынам, гэтую справу трэба спыніць.

Возьмем для прыкладу наш акумулятарны завод: ініцыятыўная група выявіла там процьму парушэнняў. Потым яны пацвердзіліся трыма экалагічнымі экспэртызамі, якія гэты завод не змог прайсці. Упэўненая, што на будоўлі ў Астраўцы парушэнняў столькі ж, калі не больш.

Гэта вельмі небяспечны аб'ект. І я выступаю супраць усіх гэтых будоўляў, якія зусім не патрэбныя беларусам.

Тым больш, што, як мне здаецца, апошнім часам нейкі злы рок пераследуе гэтую ўладу. У Менску падчас салюту загінула жанчына - такога яшчэ не было. Я цяпер вельмі перажываю за ўсіх нас, за беларусаў.

Велізарная колькасць людзей ужо з'ехала з краіны. Палова знаёмых кажа мне, што неўзабаве збіраецца з'ехаць. Мне таксама раяць: едзь.

Але я чалавек "хатні", мясцовы - люблю сваю зямлю і з'язджаць адсюль нікуды не хачу. Усё, што адбываецца ў Беларусі, мне блізкае і неабыякавае. Я хачу, каб мае ўнукі і праўнукі жылі ў нармальнай краіне і дыхалі чыстым паветрам. Паглядзіце: нам жа як у насмех да тысячагоддзя Берасця "дораць" гэты шкодны завод. Хіба на такой зямлі павінны жыць нашы дзеці ў наступныя тысячагоддзі?

- А ў якой Беларусі вы б хацелі, каб жылі вашы дзеці і ўнукі?

- Чыстая, зялёная, прыгожая... Улюбёная сваімі грамадзянамі. Каб мы дыхалі чыстым паветрам, каб дзеці маглі спакойна есці з градкі клубніцы. Каб людзі самі вызначалі, дзе і якія заводы будаваць ці не будаваць.

І справа не толькі ў экалогіі: карані нашых праблем зыходзяць з самага верху. Паглядзіце, спатрэбілася паўтара года бесперапынных пратэстаў, каб нас там, наверсе, пачулі. Прайшло паўтара года будаўніцтва “цішком” - і толькі цяпер Лукашэнка "даручыў разабрацца”…

Такія вытворчасці павінны закрывацца першапачаткова, а не праз паўтара года пратэстаў. Не, нават так: яны першапачаткова не павінны планавацца каля гарадоў, дзе жывуць людзі.

Можа быць, таму што я пенсіянерка, я дазваляю сабе казаць публічна - усё як ёсць. Але я часта задаю сабе пытанне: а калі б я працавала - ці казала б я так? Адназначна - так. Я б усё гэта паўтарыла. Ці ўдзельнічала б у пратэстах, працуючы дагэтуль у школе? І зноў жа – так. Я б усё адно выходзіла на плошчу. Тое, за што мы змагаемся, значна важней, чым праца, якую ты ўсё адно можаш страціць, нават калі будзеш сядзець цішэй вады, ніжэй травы. І за якую да таго ж плацяць шэлегі.

Я радая, калі раптам хтосьці прачытае інтэрв'ю - і для яго гэта, магчыма, стане прыкладам. Калі чалавек мяне пачуе і ў яго з'явіцца жаданне паводзіцца па-іншаму.

Я разумею, што беларусы - народ спакойны, але трэба ж пачынаць за сябе змагацца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках