26 красавiка 2024, Пятніца, 10:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: У рэгіёнах Беларусі ўтварылася класічная «пастка беднасці»

14
Эканаміст: У рэгіёнах Беларусі ўтварылася класічная «пастка беднасці»
СЯРГЕЙ ЧАЛЫ

Сяргей Чалы адзначыў, што праблема рэгіёнаў Беларусі, што бяднеюць, становіцца пагрозлівай.

У праграме «Экономика на пальцах» Сяргей Чалы звярнуў увагу на дакументы Даследчага цэнтра ІПМ. Паводле гэтых звестак, беларускія рэгіёны дэградуюць, і ўтвараецца класічная «пастка беднасці».

- У асобных рэгіёнах гэта ўжо прама цяпер адбываецца, - адзначыў эканаміст.

Адтуль з'язджае актыўнае працаздольнае насельніцтва (на заробкі) і моладзь (на вучобу, працу, іншае месца жыхарства). Праз нізкі попыт і адсутнасць кваліфікаванай рабочай сілы інвестары абыходзяць такія рэгіёны бокам, у выніку адток актыўнай часткі насельніцтва можа нават яшчэ больш павялічыцца. Наяўнасць ільгот выправіць сітуацыю не дапамагае.

- Узнікае заганнае кола. Бізнэс там не развіваецца праз адсутнасць попыту і адпаведных кадраў. Таму насельніцтва працягвае з'язджаць. Як спыніць гэтую заганную спіраль - гэта велізарная праблема, - сказаў экспэрт.

Чалы прывёў звесткі за 2018 год: сярэдні заробак па абласцях складае 36-43% ад літоўскай і 31-37% ад польскай.

- Розніца ўтрая - гэта, вядома, вельмі адчувальна, - адзначыў ён, кажучы пра прычыны ад'езду жыхароў рэгіёнаў на заробкі.

Згодна з прапановай Даследчага цэнтра ІПМ, дадатковы імпульс рэгіянальным развіцці магла б надаць «рэалізацыя пілотных праектаў, накіраваных на тэставанне розных элементаў структурных рэформаў»:

- Надзей на старую эканоміку няма. Рост можа здарыцца толькі за кошт новай: малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і ІТ.

Кажучы аб «пілотных праектах», эканаміст успомніў пра ініцыятыву ўладаў у развіцці малых радзім і малых гарадоў:

- Гэты пілотны праект улады стаў ператварацца ў сваю супрацьлегласць і здабыў хутчэй дабрачынны сэнс, чым камерцыйны. Замест распрацоўкі ідэй, якія маглі б потым быць маштабаваныя на ўсю краіну, узнікла ідэя «мы ўсёй краінай кроў з носу павінны выцягнуць Аршанскі рэгіён». Выцягнуць адзін рэгіён можна, але ўсю краіну такім чынам выцягнуць не атрымаецца - не хопіць рэсурсаў.

У дакуменце ж Даследчага цэнтра ІПМ паняцце «пілотны праект» выкарыстоўваецца апраўдана, мяркуе Чалы. Там паказваецца, што інвестыцыйная дзейнасць у рэгіёнах не працуе па-за свабодных эканамічных зон, асаблівых прававых рэжымаў:

- Мы ўжо казалі, што бізнэс-асяроддзе ў Беларусі пачынае нагадваць швейцарскі сыр. Па меры таго, як ён спее, дзіркі ўсё большыя. Але з іншага боку, калі вам (уладам - С.) не падабаецца, што трэба паляпшаць дзелавое асяроддзе такімі сур'ёзнымі ільготамі, значыць, трэба перагледзець заканадаўства і існуючыя ўмовы на ўзроўні краіны, якія не дазваляюць развівацца.

У дакуменце Даследчага цэнтра ІПМ таксама фактычна гаворыцца пра дэцэнтралізацыю. Прапануецца для павышэння эфектыўнасці аддаць больш улады мясцовым адміністрацыям.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках