3 траўня 2024, Пятніца, 19:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ пагоршыў прагноз аб эканоміцы Расеі трэці раз запар

7
МВФ пагоршыў прагноз аб эканоміцы Расеі трэці раз запар

Расея не можа паскорыць эканоміку да тэмпаў, хаця б супастаўных з сусветнымі.

Міжнародны валютны фонд зноў пагоршыў прагноз што да эканомікі Расеі, піша finanz.ru.

Трэцім разам за апошнія дзевяць месяцаў эканамісты МВФ панізілі ацэнку росту расейскага ВУП на 2019 год: у кастрычніку гэта было 1,8%, у студзені - 1,6%, у траўні - 1,4%, а апошнія разлікі фонду пасля кансультацый з расейскімі чыноўнікамі складаюць ужо 1,2%.

Гэта на 0,1 адсотка менш, чым чакае кіраўнік МЭР Максім Арэшкін, і амаль утрая больш павольна, чым расце сусветная эканоміка (3,4%), дагнаць і перагнаць якую ўрад Расеі плануе ў найбліжэйшыя 6 гадоў.

Тэмпы росту ў Расеі выяўляюцца ніжэйшымі за чаканні: у першым квартале ВУП дадаў усяго 0,5%. Адбілася зніжэнне коштаў нафты, ад якіх залежыць блізу 60% экспартных даходаў эканомікі, а таксама павышэнне ПДВ, удар па прыватным спажыванні.

Інвестыцыі прадаўжаюць стагнацыю, нягледзячы на абвешчаныя нацыянальныя праекты за 25 трыльёнаў рублёў: летась яны павялічыліся на 0,8%, а цяпер дададуць толькі 1%, прагназуе МВФ.

Што тычыцца інфраструктурных будоўляў, то паскорыць эканоміку да тэмпаў, хаця б супастаўных з сусветнымі, яны не змогуць, мяркуюць у фондзе. Планка росту на найбліжэйшыя 6 гадоў - гэта не больш за 1,8% на год.

У выніку Расея прадоўжыць губляць долю ў сусветным ВУП нават у парытэце пакупніцкай здольнасці, калі пералік у даляры ажыццяўляецца віртуальным курсам, а не біржавым.

Калі летась на РФ прыпадала 3,12% сусветнай эканомікі, то сёлета ўжо - 3,07%. У наступным годзе доля ўпадзе да 3,01%, яшчэ праз год да 2,96%, а да 2024-га - да 2,79%. У выніку Расея не толькі не дагоніць Нямеччыну, але і прапусціць наперад Інданезію, эканоміка якой расце на 5% за год і зможа павялічыць долю ў сусветным ВУП з 2,59% да 2,86%.

Рост расейскай эканомікі ўпіраецца ў санкцыі і структурныя праблемы, для развязання якіх патрэбныя не ўліванні з бюджэту, а комплексныя рэформы: гэта ў першую чаргу недахопы дзяржкіравання, канстатуе МВФ.

Акрамя таго, патрабуецца ўмацаванне банкаўскай сістэмы (дзе, паводле звестак S&P, 16% актываў з'яўляюцца праблемнымі), а таксама павышэнне эфектыўнасці інвестыцый, адзначае фонд.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках