26 красавiка 2024, Пятніца, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таямніцы «Лашарыка»: Журналісты звярнулі ўвагу на адну дэталь

Таямніцы «Лашарыка»: Журналісты звярнулі ўвагу на адну дэталь
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Расейскія ўлады прагаварыліся.

Шостага ліпеня адбылося пахаванне 14 марскіх афіцэраў, якія загінулі ў час аварыі на падводнай лодцы ў Баранцавым моры. Цырымонія праходзіла пад кантролем службаў бяспекі, піша фінскае выданне Ilta-Sanomat (пераклад – inosmi.ru).

У звычайных СМІ і простых людзей не было вольнага доступу да могілак. Паводле словаў афіцыйных асобаў, твары многіх удзельнікаў пахавальнай цырымоніі хацелі захаваць у таямніцы.

Нягледзячы на гэта, некаторыя расейскія СМІ ўсё ж апублікавалі відэа прыватнага характару і запісы прамоваў з пахавальнай цырымоніі.

Журналісты некаторых дзяржаўных тэлеканалаў былі запрошаныя афіцыйна. На цырымонію трапілі і незалежныя расейскія журналісты без камераў, раствараючыся ў групе запрошаных. Калі афіцыйная частка скончылася, і некаторыя ўдзельнікі цырымоніі сышлі, на мерапрыемства былі дапушчаныя прадстаўнікі астатніх СМІ.

Расейская прэса звярнула ўвагу на заяву, якую, паводле інфармацыі газеты «Фонтанка», зрабіў памочнік камандавальніка флоту, капітан першага рангу Сяргей Паўлаў. Паўлаў адказваў за арганізацыю пахавання і, як піша газета, сказаў наступнае:

«Яны ўсе падзялілі адзін на ўсіх, агульны лёс, коштам свайго жыцця выратавалі жыцці сваіх таварышаў, выратавалі карабель, не дапусцілі катастрофы планетарнага маштабу».

Паўлаў не растлумачыў значэнне сваіх словаў, і пакуль у расейскіх СМІ не з'явілася аналізу таго, што ён мог мець на ўвазе.

Выступіў з прамовай і намеснік міністра абароны, генерал-палкоўнік Андрэй Картаполаў. Ён таксама казаў пра ахвярнасць афіцэраў і параўнаў іх учынкі з подзвігамі іншых расейскіх афіцэраў-падводнікаў.

«Коштам свайго жыцця яны выратавалі жыцці іншых, прадухіляючы гібель карабля. Ідучы за суровымі марскімі законамі, яны задраілі крышку люка. Так могуць паступіць толькі сапраўдныя героі, толькі расейскія маракі, – сказаў Картаполаў. – Гісторыя расейскага флоту памятае подзвігі капітана трэцяга рангу Хаслаўскага, капітан-лейтэнантаў Чудзінава і Палікарпава, якія вялікім коштам ва ўжо далёкім 1970 годзе заглушылі аварыйны ядзерны рэактар на падводнай лодцы К-8. Капітан-лейтэнантаў Захарчука, Кірылава і Аўдзеева, якія ў 1976 годзе на падводнай лодцы К-47 пры ліквідацыі пажару загерметызаваліся ў памяшканні аварыйнага адсека, коштам свайго жыцця забяспечылі выжыванне карабля».

З прамовы Картаполава можна зрабіць выснову, што словы Паўлава пра прадухiленне «катастрофы планетарнага маштабу» былі звязаныя менавіта з тым, што афіцэры не дапусцілі выбуху ядзернага рэактара.

Згодна з расейскай службай «Бі-бі-сі» (BBC), усе 14 трунаў на пахаванні былі адкрытыя ў адпаведнасці з праваслаўнымі традыцыямі.

Паводле словаў журналіста Івана Часнакова, твары нябожчыкаў хутчэй нагадвалі маскі, таму што на іх было шмат пудры і танальнага крэму. На падбароддзях некаторых афіцэраў былі заўважныя швы.

Для свайго артыкула Часнакоў спытаў у маракоў ва ўніформе, што стаялі каля труны, што адбылося з тварамі нябожчыкаў.

«Пажар і вада», – ціха адказаў мужчына.

«Ілта-Санамат» сустрэлася з журналістам, якія напісалі артыкул пра пахаванні афіцэраў для «Бі-бі-сі». Ён таксама чуў словы Паўлава пра прадухiленне катастрофы планетарнага маштабу.

«Я чуў гэтыя словы, але я не ўпэўнены, што ён вымавіў іх сур'ёзна. Можа быць, афіцэры сапраўды прадухілілі катастрофу. Таксама можа быць, што гэта проста прыгожыя словы. Цяжка ацаніць сітуацыю, таму што інфармацыі вельмі мала», – падзяліўся сваім меркаваннем Часнакоў.

Ваенны прафесар Універсітэта нацыянальнай абароны Фінляндыі Петэры Лалу (Petteri Lalu) сказаў «Ілта-Санамат», што заява пра прадухiленне катастрофы планетарнага маштабу часткова магла быць простай рыторыкай.

«Думаю, прамоўца хутчэй хацеў падкрэсліць ахвярнасць нябожчыкаў, а не разважаў пра рэальнае прадухіленне пагрозы планетарнага маштабу», – сказаў Лалу.

Ядзерныя рэактары падводных лодак – невялікія, яны наўрад ці могуць стаць прычынай буйнога забруджвання навакольнага асяроддзя. На думку Лалу, важна памятаць, што ў свеце ўжо было некалькі аварый на падводных лодках, якія не прывялі да катастрофаў «планетарнага маштабу».

«Рэактары падлодак не адносяцца да тыпу чарнобыльскіх. Выцечка ядзерных матэрыялаў, асабліва плутонію, больш небяспечная за рэактары патанулых падлодак. Да таго ж невядома, ці былі на гэтым судне ядзерныя матэрыялы», – паведаміў Лалу.

Расейскія ўлады не пацвердзілі прэсе нават тое, да якога тыпу адносілася падлодка, пацярпелая аварыю. У расейскіх СМІ яе звычайна называюць «Лашарыкам» або АС-12 (АС-31).

Вядома, што цяпер Расея займаецца распрацоўкай новага падводнага ўзбраення і новых судоў, так што – прынамсі, у тэорыі – гаворка можа ісці пра іншы тып судна або пра эксперымент, звязаным з распрацоўкай зброі.

Паводле адной з здагадак расейскай прэсы, экіпаж судна займаўся пошукам тарпеды «Пасейдон», згубленай раней на выпрабаваннях.

Расея ўжо паведамляла, што займаецца распрацоўкай падводнай сістэмы ўзбраення, кіраванай штучным інтэлектам, якая можа незаўважна даставіць ядзернае выбуховае прыстасаванне на любое ўзбярэжжа. Сістэма ўзбраення называецца «Пасейдон», і на Захадзе яе называюць «тарпедай апакаліпсісу».

«Выратаванне тарпеды "Пасейдон" – адна з многіх версій, але, на мой погляд, не самая верагодная. Паведамленне пра тое, што на "Лашарыку" адбылася аварыя, здаецца цалкам рэальным. Магчыма, у гэтай трагедыі ўдзельнічала нейкае іншае судна, але доказаў гэтаму няма», – мяркуе Лалу.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках