Польшча прызнаная другой найбольш прывабнай краінай для інвестыцый і бізнэсу
6- 11.07.2019, 10:31
- 11,480
Усяго ў спіс увайшлі 67 краін.
Польшча прызнаная другой найбольш прывабнай краінай у свеце з пункту гледжання інвестыцый і вядзення бізнэсу паводле версіі часопіса CEOWORLD. Усяго ў спіс увайшлі 67 краін, піша polskieradio.pl.
Пры складанні рэйтынгу ўлічваліся такія чыннікі, як карупцыя, свабода (асабістая, камерцыйная, фінансавая), рабочая сіла, абарона інвестараў, падаткі, якасць жыцця, бюракратыя і тэхналагічная падрыхтоўка.
На аснове гэтых звестак балы налічваліся ў сямі катэгорыях. Польшча прадэманстравала самыя высокія паказчыкі ў катэгорыі дзяржаўнай палітыкі - 75 балаў, кваліфікацыі персаналу - 74 балы і адкрытасці для гандлю - 76 балаў.
Сярэдні вынік Польшчы склаў 85,2 бала. Першае месца ў рэйтынгу заняла Малайзія. Краіна з Паўднёва-Усходняй Азіі выперадзіла Польшчу за ўсё на 0,6 бала. Трэцяе месца занялі Філіпіны з вынікам 84,6 бала.