26 красавiка 2024, Пятніца, 23:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Японія прыстасуе святлафоры пад базавыя станцыі 5G

3
Японія прыстасуе святлафоры пад базавыя станцыі 5G
ФОТА: SHUTTERSTOCK.COM

Гэта рашэнне азначае эканомію сродкаў для аператараў.

У Японіі збіраюцца ўсталёўваць базавыя станцыі 5G на святлафорах. Гэта рашэнне азначае эканомію сродкаў для аператараў і ўдасканаленне работы службаў экстранай дапамогі для насельніцтва.

Урад Японіі дазволіць чатыром асноўным мабільным аператарам краіны ўсталёўваць базавыя станцыі 5G на 200 тыс. святлафорах, спадзеючыся знізіць выдаткі і час для разгортвання сетак сувязі пятага пакалення. Мерапрыемства трапіла ў праект урадавай стратэгіі ў галіне ІТ, якая будзе разгледжаная кабінетам міністраў да сярэдзіны чэрвеня. Тэставанне абсталявання 5G на святлафорах павінна пачацца а 2020 годзе і будзе доўжыцца да сакавіка 2021, а агульнанацыянальны праект будзе рэалізаваны да канца 2023 года, піша internetua.com.

Чакаецца, што для арганізацыі агульнанацыянальных сетак сувязі пятага пакалення спатрэбіцца ўстаноўка некалькіх сотняў тысяч базавых станцый. Японская «вялікая чацвёрка» (NTT Docomo, KDDI, SoftBank і Rakuten) мае намер да 2024 года інвеставаць у свае праекты блізу 1,6 трлн ен ($14,8 млрд). Аператары часта ўсталёўваюць базавыя станцыі на дахах дамоў ці апорах, але большая частка даступных аб'ектаў ужо выкарыстоўваецца, што патрабуе працяглых перамоў з арэндадаўцамі. Акрамя таго, дадатковая складанасць узнікае ў сувязі з меншым радыусам дзеяння базавых станцый, якія працуюць у міліметровым дыяпазоне.

Каб паскорыць укараненне 5G, урад разлічвае выкарыстоўваць сетку святлафораў, якая ў Японіі мае больш высокую шчыльнасць, чым у іншых краінах. Пры гэтым аператарам прапануюць падзяліць з мясцовымі ўладамі затраты на эксплуатацыю такіх апор. У сваю чаргу, муніцыпалітэты і ведамствы змогуць выкарыстаць сеткі для ўкаранення новых паслуг і сістэм бяспекі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках