Зяленскі: З 2020 года павінна пачацца ўкараненне стандартаў NATO ва Украіне
9- 26.06.2019, 17:49
- 10,953
Украінскае войска павінна быць рэфармаванае.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разгледзеў і ўзгадніў дакументы, што вызначаюць парадак ужывання Узброеных сілаў Украіны і іншых складнікаў сілаў абароны, і адзначыў, што з 2020 года павінна пачацца ўкараненне стандартаў і працэдураў NATO ў дзейнасці УСУ, перш за ўсё ў падрыхтоўцы войскаў.
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на офіс прэзідэнта.
"Гэтая праца не павінна быць імітацыяй, а стаць рэальнымі крокамі рэфармавання ўкраінскага войска, паводле стандартаў Паўночнаатлантычнага альянсу. Пры гэтым мы павінны памятаць, што асноўнай каштоўнасцю з'яўляецца чалавек", – сказаў Зяленскі.
Прэзідэнт таксама заслухаў даклад кіраўніка Генштаба, галоўнакамандавальніка УСУ Руслана Хомчака пра стан справаў у арміі.
6 чэрвеня сёлета Вярхоўная рада прыняла закон, які рэгулюе пераход Украіны на стандарты NATO ў абароннай сферы.
Законам прадугледжаныя змены ў закон "Аб абароне Украіны" адносна вызначэння тэрмінаў "ваенная стандартызацыя", "ваенны стандарт", "стандарт NATO", "стандарт у сферы абароны дзяржавы-чальца NATO" і іншыя. На практыцы гэта дазволіць укараняць натаўскія стандарты, пазбягаючы розначытанняў, і ў перспектыве адпавядаць крытэрам сяброўства ў NATO.
Забеспячэнне да 2020 года поўнай сумяшчальнасці УСУ з Узброенымі сіламі краінаў NATO прадугледжанае ў прынятай яшчэ ў 2015 г. ваеннай дактрыне Украіны. У 2016 годзе планы для пераходу УСУ на стандарты NATO былі замацаваныя і ў стратэгічным абаронным бюлетэні.