5 траўня 2024, Нядзеля, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За паўгода Лукашэнка не змог выбіць з Расеі ні капейкі

36
За паўгода Лукашэнка не змог выбіць з Расеі ні капейкі
КАРЫКАТУРА: ARU.TV

Апошнім часам кіраўнік Крамля толькі псуе беларускаму дыктатару настрой.

Пра галоўныя эпізоды стасункаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна апошняга часу апавядае udf.by.

Сапсаваны настрой пад Новы Год

Да канца мінулага года стала відавочна, што ў стасунках паміж Менскам і Масквой назапасіўся шэраг праблемаў, якія патрабуюць развязання. Беларускія ўлады меркавалі, што два прэзідэнты змогуць іх прыгожа развязаць напярэдадні Новага года.

25 снежня Лукашэнка з дэлегацыяй прыбыў у Крэмль і на сустрэчы з Пуціным адкрыта апавёў пра сваю надзею разабрацца з усімі праблемамі з наскоку: «Хацелася б, каб мы развязалі гэтыя пытанні і ў новы год не цягнулі старыя праблемы».

Але пасля гутаркі за зачыненымі дзвярыма журналістам паведамілі: Лукашэнка і Пуцін дамовіліся да Новага года правесці яшчэ адну сустрэчу для прымання пастановаў, якія не церпяць адкладаў.

І сапраўды: праз чатыры дні Лукашэнка зноў быў у Пуціна ў Крамлі. З усяго відаць, для Лукашэнкі гэтая сустрэча стала поўным расчараваннем і сапсавала яму навагодні настрой. Прэзідэнты праблемаў не развязалі, а толькі змаглі дамовіцца пра стварэнне двухбаковай групы ва ўрадах.

Лукашэнка стаў жыць новай надзеяй: «Думаю, што пасля калядных святаў мы гатовыя, як і расейцы, працаваць».

Каб адвярнуць увагу ад поўнага правалу місіі кіраўніка Беларусі, дзяржаўныя тэлеканалы павесялілі гледачоў кадрамі пра падарунак Пуціну ў выглядзе некалькіх мяхоў бульбы.

Праз месяц Лукашэнка прызнаўся пра тое, пра што ўсе і так падазравалі: на перамовах з Пуціным ён паднімаў пытанне пра кампенсацыю ў сувязі з падатковым манеўрам у нафтавай сферы Расеі.

Чатыры вечары ў Сочы

У канцы студзеня Лукашэнка і Пуцін стэлефанаваліся, і прэс-служба кіраўніка Беларусі зазіхацела аптымізмам: прэзідэнты дамовіліся ў найбліжэйшы час правесці сустрэчу, на якой бакі абмяркуюць рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых на папярэдніх перамовах у Крамлі.

12 лютага самалёт Лукашэнкі прызямліўся ў Сочы, і пачаліся ягоныя доўгія зносіны з Пуціным ужывую. Акрамя афіцыйных мерапрыемстваў у прэзідэнтаў былі магчымасці пагутарыць адкрыта без лішніх вачэй «пінжакоў». 13 лютага яны каталіся на лыжах, 14-га – пілі гарбату, 15-га гулялі ў хакей за адну каманду.

У апошні дзень ваяжу журналісты ледзь пазналі Лукашэнку. Мяркуючы з ягоных словаў, за некалькі дзён ён нават не адважыўся падняць перад Пуціным праблему падатковага манеўру:

«Яна сапраўды існуе. Але я вам выключна шчыра кажу: мы, па-мойму, нават гэтае слова не вымавілі за гэтыя тры дні».

Больш за тое, Лукашэнка апавёў пра дасягнутую дамоўленасць з расейскім прэзідэнтам падумаць пра развіццё стасункаў у рамках «саюзнай дзяржавы».

Паводле вынікаў некалькіх дзён у Сочы Пуцін прымусіў Лукашэнку прадэманстраваць сваё поўнае бяссілле.

Пуцін адчуў сябе вінаватым

Пакуль двухбаковая група прадаўжала амаль таемную працу, у стасунках Менска і Масквы паўстала новая праблема. У красавіку праз нафтаправод з Расеі на беларускія НПЗ паступіла «брудная» нафта. У тым ліку гэтае пытанне дало беларускаму рэжыму падставу перамовіць з Пуціным на палях II форуму міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і шлях».

Праз некалькі тыдняў Лукашэнка нахвальваў расейскага прэзідэнта:

«Мы размаўлялі ў Пекіне з Пуціным пра тое, што вінаватыя павінны адказаць. І ён малайчына, ён вельмі жорстка на гэта адрэагаваў, як ніколі жорстка. Ён спытаў з урада, з міністраў і даручыў праваахоўным органам і нават ФСБ падключыў (што рэдка бывае) для разборак».

З усяго відаць, Лукашэнка спадзяваўся на салідную кампенсацыю з боку Масквы хоць у гэтым пытанні. Але зноў застаўся расчараваны. У Расеі страты беларускага боку ацанілі прыкметна ніжэй, чым тут.

У выніку ў канцы чэрвеня стала вядома, што суму кампенсацыі Беларусі стратаў ад няякаснай расейскай нафты можна будзе вызначыць толькі паводле вынікаў 2019 года – гэтай задачай зоймецца супольная працоўная група.

Прыгожая дата для перазагрузкі стасункаў

Чарговую спробу даціснуць Пуціна ў агульных глабальных тэмах Лукашэнка распачаў у канцы траўня ў Нур-султане. Было паведамлена, што Пуцін і Лукашэнка далі даручэнне ўрадам да 21 чэрвеня знайсці паводле ўсіх пытанняў іхнія агульныя падыходы.

Калі б гэта адбылося, то стала б прыгожым жэстам – у гэты дзень у Менску адчыняліся II Еўрапейскія гульні. Але прыехаўшы да Лукашэнкі на сустрэчу, расейскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў умыў рукі: урады пакінулі самыя складаныя пытанні інтэграцыйнай позвы для прэзідэнтаў. Іншымі словамі Масква пры перамовах працоўных групаў на саступкі не пайшла.

Як быццам бы імкнучыся замаскаваць правал для беларускага боку, Лукашэнка заявіў, што развязання праблемаў і не чакаў:

«Ужо калі будзе Форум рэгіёнаў на радзіме ў вас (у сярэдзіне ліпеня), мы з ім (Пуціным) паедзем на Валаам маліцца. І там дадаткова абмяркуем. Вось такі прыкладна быў план. Гэта прыкідкі толькі».

Вось так Пуцін падвёў Лукашэнку пад манастыр – і ў літаральным сэнсе (Валаам вядомы, перш за ўсё, Спаса-Праабражэнскім манастыром), і ў пераносным. За год да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Лукашэнка застаўся без істотнай фінансавай падтрымкі Масквы, якая на саступкі ўпарта не ідзе.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках