26 красавiка 2024, Пятніца, 3:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія тролі распаўсюджвалі фэйкі пра замах на Джонсана

1
Расейскія тролі распаўсюджвалі фэйкі пра замах на Джонсана

Да такой высновы прыйшлі спецыялісты лічбавай лабараторыі Atlantic Council.

Так званыя інтэрнэт-тролі, як мяркуецца, звязаныя з расейскімі спецслужбамі, цягам апошніх гадоў распаўсюджвалі "фэйкавыя навіны" пра розныя падзеі ў Брытаніі, выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі, перш за ўсё Фэйсбук, і іншыя інтэрнэт-пляцоўкі. Да такой высновы прыйшлі спецыялісты лічбавай лабараторыі Atlantic Council, якая спецыялізуецца на выяўленні дэзінфармацыі ў інтэрнэце, паведамляе svoboda.org.

Асноўныя вынікі расследавання публікуе газета The Guardian. Сцвярджаецца, што для распаўсюджвання дэзінфармацыі выкарыстоўваліся блізу 30 платформаў на 9 мовах. Сярод найбольш "гучных" фэйкаў – паведамленні пра тое, што праціўнікі Брэкзіту рыхтуюць змову з мэтай забойства Борыса Джонсана (колісь міністра замежных справаў Вялікай Брытаніі, цяпер вядучага кандыдата на пасаду прэм'ера і кіраўніка Кансерватыўнай партыі, прыхільніка выхаду з ЕЗ), а таксама што да замаху на Сяргея і Юлію Скрыпаляў у Солсберы датычная групоўка "Сапраўдная ІРА", якая нібыта даставіла ў горад кампаненты атруты "Навічок".

У даследаванні адзначаецца, што "тролі", сярод іншага, падраблялі твіты вядомых палітыкаў, у тым ліку міністра абароны Вялікай Брытаніі Гэвіна Уільямсана і сенатара ЗША Марка Рубіа, і выдавалі іх за сапраўдныя. Мэтай кампаніі спецыялісты Atlantic Council называюць "унясенне разладу" ў заходняе грамадства. Яны схіляюцца да меркавання, што за кампаніяй стаяла не так званая "фабрыка троляў" з Пецярбурга, а расейская вайсковая выведка. Пры гэтым, як гаворыцца ў паведамленні The Guardian, нягледзячы на размах аперацыі, фэйкавыя гісторыі не прывабілі адмысловай увагі карыстальнікаў сеткі, і значныя рэсурсы былі выдаткаваныя практычна марна.

ЗША афіцыйна абвінавачваюць расейскіх "троляў" ва ўмяшанні ў перадвыбарную кампанію 2016 года шляхам распаўсюджвання фэйкавых навінаў і стварэння фальшывых групаў і карыстальнікаў у Фэйсбуку, пры дапамозе якіх "тролі" спрабавалі маніпуляваць грамадскай думкай. Расея аспрэчвае абвінавачванні ва ўмяшанні ў выбары на дзяржаўным узроўні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках