2 траўня 2024, Чацвер, 1:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як жывуць у Літве на зямлі, якая аколеная Гарадзенскай вобласцю

3
Як жывуць у Літве на зямлі, якая аколеная Гарадзенскай вобласцю
ФОТА: TUT.BY

З «вялікай зямлёй» гэты куточак Літвы звязвае адзіная дарога.

Гэтую мясцовасць называюць па-рознаму – Нарвілішскі тупік або выступ, «літоўская сляза», «літоўскі хвосцік».

Паводле легенды, калі ў 1939 годзе Сталін праводзіў мяжу паміж дзвюма краінамі, на мапе ляжала ягоная люлька. Прыбраць яе ніхто не адважыўся, так Літва і атрымала свой выступ. Мясцовыя толькі ўсміхаюцца і кажуць, што, маўляў, яны проста вельмі прасілі першага сакратара ЦК Літвы Антанаса Снечкуса, каб гэты край быў менавіта ў Літве. Тым не менш у вёсках каля самай мяжы вяскоўцы называюць сябе беларусамі з нязвыклым для нас націскам на -о-, апавядае tut.by.

ФОТА: TUT.BY

Трапіць на тэрыторыю выступу можна па адзінай дарозе, якая злучае гэты край з «вялікай Літвой». За ўсімі, хто ўязджае і выязджае, уважліва назіраюць літоўскія памежнікі – і абавязкова правяраюць дакументы.

Гэтую тэрыторыю яшчэ называюць Дзявянішскім тупіком, з назвы самай вялікай вёскі у акрузе – Дзявінішкіс. Тут сканцэнтраваная ўся інфраструктура краю: ёсць дзве школы, дзіцячы сад, ФАП, крамы, кавярні, пошта, бібліятэка і Дом культуры – практычна тыповы беларускі аграгарадок.

ФОТА: TUT.BY

А ўсяго ў Нарвілішскім тупіку блізу 15 невялікіх населеных пунктаў. Многія з мястэчак, як і ў Беларусі, паволі паміраюць. Мясцовыя кажуць, што ў акрузе няма працы, таму моладзь спяшаецца на «вялікую зямлю». Працу часам даюць мясцовыя фермеры, але ў працаўніках яны маюць патрэбу толькі ў сезон. Некаторыя ездзяць на працу ў Вільню (да сталіцы Літвы – прыкладна 80 кіламетраў), у адзін з гіпермаркетаў. За супрацоўнікамі нават прыязджае спецыяльная маршрутка – раніцай вязе, вечарам прывозіць.

ФОТА: TUT.BY

«А літоўцаў тут няма, мы ўсе – беларусы»

Дарога ідзе праз густыя запаведныя лясы. Часам па баках «бяжыць» памежны плот, за якім – Беларусь. Нарвілішскі тупік – суздрам запаведная зона, тут знаходзіцца Дзявянішскі рэгіянальны парк. Вёскі, дзе засталася старая традыцыйная забудова, з'яўляюцца этнаграфічнымі помнікамі. Гэтыя мястэчкі як экзотыку паказваюць турыстам: аднадзённая экскурсія з Вільнюса каштуе 150–350 еўраў з чалавека. Кожны год каля ракі Гаўі праводзяць Купалле, цягам года дырэкцыя запаведніка арганізуе розныя святы, куды запрашаюцца ўсе ахвотныя.

Самая крайняя вёска літоўскага тупіка – Нарвілішкі. Тут засталося ўсяго пяць жыхароў. І хоць многія хаты, як і ў нас, пустуюць, вымерлай яе назваць нельга: ёсць свая крама, а некаторыя дамы добра адрамантаваныя і выкарыстоўваюцца як лецішчы. У выходныя тут, кажуць мясцовыя жыхары, усё ажывае – прыязджаюць дачнікі і турысты.

ФОТА: TUT.BY

– А літоўцаў тут няма, мы ўсе – бялóрусы, – кажа пажылая жанчына з «простым беларускім імем» Дзінаэфа. – Літоўцы – яны вунь там, за Урэлямі (за 12 кіламетраў ад Нарвілішак. – Заўвага.).

Жанчына апавядае, што жывецца ёй у роднай вёсцы добра.

– У Ашмяне яны.

Дзінаэфа апавядае, што раней працавала ў мясцовым калгасе, пакуль той тут існаваў.

– Каля свіней 20 гадоў працавала, цяжкая гэта праца, вой, цяжкая, – жанчына ледзь стрымлівае слёзы, успамінаючы працу ў калгасе. – Як не стала Саюза, ён адразу і разваліўся. Ай, добра, што гэтага ўсяго няма.

ФОТА: TUT.BY

За некалькі кіламетраў ад адзінай вуліцы Нарвілішак стаіць напаўразваленая шэрая хата Станіслава Аленціновіча. Памежны плот праходзіць проста праз агарод мужчыны. У суседняй, ужо беларускай, вёсцы Пецкуны Іўеўскага раёна жыве ягоная сястра Яніна. Раней яны хадзілі адно да аднаго ў госці, а цяпер, каб убачыцца не праз плот, трэба ехаць 150 кіламетраў.

– Ды яшчэ візу да вас трэба. А гэта ў Вільнюс даехаць. А з сястрой праз плот перамаўляемся. Жывая? Ну і добра.

Станіслаў кажа, што яму ў старым пахілым доме самотна – толькі тэлевізар ратуе. Глядзіць беларускія каналы і, здаецца, ведае пра ўсё, што адбываецца ў Беларусі.

– Раней я трактарыстам працаваў, а цяпер на пенсіі. Сяную, гарод трымаю. Раней конь быў, але стары стаў, здаў яго ў мінулым годзе. Не, мне не падабаецца гэты плот. Раней як было? Быў аўтобус да вас. Людзі да касцёла хадзілі з наваколля. А потым, калі плот паставілі, не стала, каму хадзіць. Вось такі літоўскі хвосцік, – кажа Станіслаў.

ФОТА: TUT.BY

Могілкі – самая моцная сувязь з Беларуссю

Касцёл – усяго за 30 метраў ад памежнага плоту. Далей – беларускія лясы. Цяпер у храм у нядзелі прыязджае святар. Прыход – добра калі 15 чалавек набярэцца. Станіслаў успамінае, што калі мяжу зачынілі назусім (Літва ўвайшла ў Еўразвяз, і мясцовым жыхарам для перасячэння мяжы стала неабходна афармляць візы), яшчэ нейкі час жыхары беларускіх вёсак прыходзілі пад памежны плот і такім чынам «прысутнічалі» на службе ў касцёле. Але потым перасталі – памежнікі прыгразілі штрафам.

ФОТА: TUT.BY

Побач з касцёлам – вялікі пагост, дзе хавалі людзей з усёй акругі. Могілкі – гэта, напэўна, самая моцная сувязь гэтых месцаў з Беларуссю. Менавіта сюды з году ў год на Дзяды і Радаўніцу прыязджаюць людзі з суседняй краіны.

Надпісы на помніках – на расейскай, беларускай і польскай. Могілкі таксама ўпіраюцца ў памежную паласу, як і прасёлкавая дарога, якая віецца сярод старых, дупляных клёнаў.

ФОТА: TUT.BY

Станіслаў прызнаецца, што так за ўсё сваё жыццё і не вывучыў літоўскай мовы.

– Як казаў па-простаму, так і кажу. Бялóрусы мы, а літоўцаў не было. Вунь адзін толькі з’явіўся – Уладас. Дык я да яго хаджу, калі трэба нейкія дакументы па-літоўску прачытаць, – кажа Станіслаў.

ФОТА: TUT.BY

Над жоўтымі пшанічнымі палямі ўзвышаецца Нарвілішскі замак. Яго адрэстаўравалі амаль 20 гадоў таму. Замак знаходзіцца ва ўласнасці Шальчынінкайскага павета, да якога і адносіцца «літоўская сляза», але цяпер ён у доўгатэрміновай арэндзе ў літоўскага прадпрымальніка Гедруса Клімкявічуса.

У 2009–2012 гадах тут праходзіў фестываль Be2gether, які збіраў у найлепшыя часы блізу 6 тысячаў гледачоў. Аднак традыцыю правядзення музычнага мерапрыемства давялося згарнуць: літоўскія СМІ пісалі, што арганізатары фестывалю не могуць выбрацца з пазык.

«Людзі едуць сюды па цішыню, прыроду і экзотыку»

– Для фестываляў патрэбныя, вядома, добрыя спонсары, – сустракае нас па дарозе Уладас Мешкуоціс – прадпрымальнік, які некалькі гадоў таму набыў гасцявы дом ля ўзножжа гары, на якой стаіць Нарвілішскі замак.

ФОТА: TUT.BY

– Калі круцішся, нешта робіш, то можна добра жыць у любым месцы. Я чатыры гады таму перабраўся сюды з Вільні і ні разу не пашкадаваў. Развіваць прадпрымальніцтва ў Літве лягчэй, чым у вас, у Беларусі. Я ведаю пра беларускі бізнэс і тыя варункі, у якіх яму даводзіцца існаваць: два гады працаваў у Менску. У Літве ёсць шмат формаў прадпрымальніцтва, галоўнае – выбраць тую, якая будзе табе выгодная. Можна адчыніць юрыдычную асобу, можна аформіць фермерства або спыніцца на такім варыянце, як я – набыць адмысловы патэнт. Ён выдаецца на некалькі гадоў. Спадабалася, атрымалася – прадоўжылі, не – закрывай і пачынай займацца чымсьці іншым. Ніхто табе не перашкаджае, палкі ў колы не ставіць.

Уладас вядзе нас па старым драўляным доме. Тут калісьці быў заезны двор, а дарога, якая ўпіраецца ў памежны плот, звязвала гэтую мясцовасць з Полацкам.

ФОТА: TUT.BY

У хаце – некалькі гасцявых пакояў (усяго 50 спальных месцаў) на першым і другім паверхах, побач – лазня з басейнам і тэрасай. За суткі гасцям давядзецца аддаць 20 еўраў з чалавека. У гэтыя грошы ўваходзіць не толькі пражыванне ў нумарах з усімі сучаснымі выгодамі, але і карыстанне басейнам, лазняй, спартовым інвентаром і мангалам. Ежу прадпрымальнік для сваіх гасцей не гатуе. Кажа, што для таго, каб адчыніць кропку грамадскага харчавання, трэба прайсці шмат узгадненняў (але ў планах яна ўсё ж такі ёсць). А пакуль паесці турысты ходзяць у суседні замак, які ў выходныя ажывае.

ФОТА: TUT.BY

– Туды прывозяць экскурсіі – як з начаваннем, так і без. Праводзяць вяселлі і карпаратывы, для іх – ідэальнае месца. Мой гасцявы дом і замак як бы звязаныя. Там на другім паверсе ўсяго 15 спальных месцаў, не размесціш усё вяселле, праўда? А ў мяне можна, але трэба яшчэ і пашырыцца. У выходныя, асабліва ў цёплы сезон, у нас усё занята. Людзі едуць сюды па цішыню, прыроду, замежнікі – па этнаграфічную і памежную (плот усіх здзіўляе) экзотыку. А вось беларусы гэты літоўскі куток наведваюць нячаста.

ФОТА: TUT.BY

Для таго каб набыць гасцявы дом, Уладас браў крэдыт. Кажа, умовы добрыя і гэта каштавала таго. Колькі ў выніку заплаціў за сядзібу – не прызнаецца. Аднак літоўскія СМІ пісалі, што пачатковы кошт заезнага двара, пабудаванага ў 1935 годзе, быў 128 тысячаў еўраў. Мадэрнізавалі драўляны дом у 2006 годзе за кошт літоўскага бюджэту і сродкаў Еўразвязу. Тады ў старадаўні будынак было ўкладзена блізу 430 тысячаў еўраў.

У буднія дні каля замка – ціха і бязлюдна. Па дарозе да старадаўняга каменнага будынка Уладас апавядае, што ён быў пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя заможным прускім купцом Вайтэкусам Шорцасам. Ён быў закаханы ў мясцовую графіню Дароту Зеновічутэ і пастанавіў застацца ў ВКЛ. Так з'явіўся невялікі, але добра ўмацаваны замак.

ФОТА: TUT.BY

– Такіх невялікіх замкаў-дамоў у Еўропе засталося ўсяго чатыры, – кажа Уладас.

У тыя часы на гэтай тэрыторыі ўсё яшчэ жыло шмат язычнікаў, а вось графіня была хрысціянкай. Пасля смерці мужа яна запрасіла сюды францысканцаў, якім і падарыла замак. Так яны тут і жылі да пачатку мінулага стагоддзя, а потым сышлі, а старадаўні будынак прыйшоў у заняпад. 20 гадоў таму яго цалкам аднавілі.

ФОТА: TUT.BY

Уладас апавядае, што драўляны касцёл, які пабудавалі за грошы прыхаджанаў, мае ўнікальную архітэктуру: асноўны будынак паўтарае форму язычніцкіх капішчаў, якія калісьці былі ў акрузе, купалы – праваслаўныя, а крыжы зверху – каталіцкія. Мясцовыя жыхары заўсёды адчувалі сябе як быццам на скрыжаванні некалькіх культураў. Ды і тутэйшы дыялект адносіцца да рэдкай групы літоўска-славянскага памежжа, што, з аднаго боку, вылучае і адасабляе гэтую тэрыторыю, а з другога – злучае яе адначасова і з Літвой, і з Беларуссю.

– А яшчэ кажуць, што дзесьці тут ёсць падземны ход да вашых Гальшанаў. Дакладна ёсць! Знайсці яго – і візаў не трэба, – смяецца Уладас. – Пад зямлёй магла праехаць конная фурманка. А яшчэ пасля закрыцця манастыра недзе каля замка манахі закапалі 18 тысячаў залатых манетаў. Калі рабілі рэканструкцыю, нічога не знайшлі, але скарб відавочна дзесьці схаваны!

Ёсць тут і свой прывід. Гісторыю пра дзяўчынку-здань, якая часам гайдае цацачную коніка-качалку ў адным з нумароў замка, з задавальненнем расказваюць турыстам.

ФОТА: TUT.BY
ФОТА: TUT.BY
Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках